Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Цяпер у Маскве апрацоўваюць сцэнар падштурхнуць Беларусь да зьмены ўлады”


Якія мэты — тактычныя ці стратэгічныя — мае прапагандысцкі ўдар расейскіх тэлеканалаў па Аляксандру Лукашэнку? Як адрэагавала беларускае кіраўніцтва на фільм НТВ «Хросны бацька»? Як можа выглядаць стратэгія Масквы наконт прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі? На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць шэф-рэдактар газэты «Народная воля» Сьвятлана Калінкіна і кіраўнік аналітычных праграмаў кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі.

Аляксандар Класкоўскі
Сьвятлана Калінкіна
Віталь Цыганкоў


«Стратэгія — жорсткі прэсінг на беларускае кіраўніцтва ў розных сфэрах»


Цыганкоў: Напачатку была перадача «Аднак» на ОРТ, потым сюжэт на тэлеканале «Russia today», потым фільм на НТВ «Хросны Бацька», які ўжо называюць скандальным. Такой беспрэцэдэнтнай крытыкі Лукашэнкі ніколі не было ў расейскіх СМІ — году ад 1996-га. Чым гэта выклікана, чаго дабіваецца Масква такім прапагандысцкім ударам?

Калінкіна: Я лічу, што Лукашэнка адказаў на гэтае пытаньне ў інтэрвію Euronews. Ён там сказаў, што гэты ціск зьвязаны менавіта з прэзыдэнцкімі выбарамі. Таму я пагаджуся, што гэтая інфармацыйная атака невыпадковая. Дарэчы, яна не абмяжоўваецца тэлеканаламі — у шэрагу газэтаў і часопісаў таксама выйшлі вельмі крытычныя матэрыялы пра норавы беларускай улады і беларускага кіраўніка. Таму я думаю, што гэта сапраўды такая мэтанакіраваная і санкцыянаваная прапагандысцкая кампанія, зьвязаная ў першую чаргу з прэзыдэнцкімі выбарамі

Цыганкоў: Але ў такім выпадку ці не зьяўляецца гэта кампанія пэўным фальстартам? Да выбараў 7-8 месяцаў. Ці не забудуцца тыя эмоцыі, якія выклікаюцца ў чытачоў і слухачоў гэтымі фільмамі?

Калінкіна: Мы ж ня ведаем, які ў Масквы плян на прэзыдэнцкія выбары. Калі гэтым усё абмяжуецца, то гэта і будзе фальстарт, непрыемны, але не сьмяротны для Лукашэнкі. Але калі будзе працяг тэмы…. У Расеі зараз знаходзіцца шэраг былых чыноўнікаў з Менску, і расейскім СМІ будзе што працягнуць на гэтую тэму, калі спатрэбіцца

Цыганкоў: Аляксандар, ці ёсьць гэтыя фільмы сьведчаньнем нейкага сыстэмнага, стратэгічнага падыходу — ці гэта проста зразумелая асабістая раздражнёнасьць кіраўнікоў Расеі на Лукашэнку?

Класкоўскі: Вядома, эмацыйны момант тут прысутнічае з абодвух бакоў. Раней бакі рабілі добрую міну пра інтэграцыю, але зараз ужо «адвязаліся» і пайшоў бязьлітасны абмен ударамі.

Відавочна, што Масква рэалізую такую доўгатэрміновую стратэгію — жорсткага прэсінгу на беларускае кіраўніцтва ў розных сфэрах. Мы ведаем, што з 2007 году пасьлядоўна зьніжаюцца ўсе эканамічныя датацыі.
Наступная мэта — танна скупіць прывабныя актывы, у ўрэшце, захапіўшы камандныя вяршыні ў беларускай эканоміцы, прывязаўшы яе да Мытнага зьвязу, атрымаць рычагі ўплыву і на палітыку.

У інфармацыйнай сфэры — гэтымі фільмамі Масква вырашае шэраг задач. Расейскаму гледачу такім чынам тлумачаць — «глядзіце, з кім мы маем справу, хіба можа ім далей даваць датацыі?». Ці калі ўзяць «Russia today» — то тут адгульваюць газавую вайну. Бо па Eurоnews Лукашэнка выглядаў болей эмацыйна і пераканаўча, чым прадстаўнік «Газпрому» Купрыянаў. Таму ў сюжэце тлумачаць — паглядзіце, які ў нас партнэр, і ці варта дзівіцца, што ўзьнікаюць гэтыя газавыя войны, зусім не па нашай віне.

Калі казаць ўвогуле пра стратэгію, то Расея дзейнічае даволі пасьлядоўна. Па-першае, яна хацела запусьціць Мытны зьвяз і даціснула Беларусь. Наступная мэта — танна скупіць прывабныя актывы, у ўрэшце, захапіўшы камандныя вяршыні ў беларускай эканоміцы, прывязаўшы яе да Мытнага зьвязу, атрымаць рычагі ўплыву і на палітыку

«Рэакцыяй Менску я б назвала поўную разгубленасьць»


Цыганкоў: А як можна ацаніць рэакцыю беларускага боку?

Класкоўскі: Пакуль Менск у разгубленасьці і шоку, бо ня ведае, як рэагаваць. Столькі было аплёмбу падчас газавай вайны, гучалі незалежніцкія матывы, а зараз у Астане даводзіцца падпісваць дамову фактычна на расейскіх умовах. Тут яшчэ такая аплявуха. Паказальна, што ўлады не змаўчалі. Бо звычайна раней, каб не прыцягваць увагу беларускай аўдыторыі, увогуле не камэнтавалі такія рэчы. Але тут вымушаныя былі рэагаваць, і пакуль набор іхніх тэзісаў даволі стандартны і непераканаўчы.

Цыганкоў: Сьвятлана, а як можна ацаніць той пасаж, які далі ў пачатку фільму «Хросны Бацька» яго стваральнікі? Нагадаю, яны напісалі там, што касэты з запісамі былі забраныя беларускім КДБ. Але потым у «Менску знайшліся людзі, якім удалося знайсьці іх у сэйфах КДБ Беларусі і вярнуць нам». Ці сапраўды тут утрымліваецца намёк, што ў Расеі ў беларускім КДБ ёсьць свае людзі, што працуюць на Расею?

«Сёньня я пакуль ня бачу ў Беларусі кандыдата, якога мог бы падтрымаць Крэмль»


Калінкіна: Магло быць проста так, што тэлевізійшчыкі проста не хацелі падстаўляць сваіх калегаў, што працуюць у Беларусі і якія далі ім запісы. Але ня выключана, што сапраўды нейкія касэты былі вернутыя «добразычліўцамі» тэлеканалу НТВ.

Пакуль рэакцыяй Менску я б назвала поўную разгубленасьць. Мне здаецца, што ў Менску проста не чакалі, што Масква можа адказаць у той самай інтанацыі, у якой не раз нападалі на Маскву менскія ідэолягі.

Цыганкоў: Як Масква будзе фармаваць сваю пазыцыю адносна прэзыдэнцкай кампаніі ў Беларусі? Ці ў Расеі стаіць задача толькі нэрваваць Лукашэнку, ці яны ўжо дайшлі да пастаноўкі пытаньня — «а можа варта каго іншага?»

Калінкіна: Я думаю, што маскоўскія кіраўнікі дайшлі ўжо да разуменьня што Беларусь — гэта ня толькі Лукашэнка.
Таму Лукашэнка так нэрвуецца, калі бачыць кіргіскі сцэнар.
Іншая справа — ці ёсьць канкрэтны сцэнар менавіта на гэтую кампанію ці гэта больш доўгатэрміновая стратэгія. Бо сёньня я пакуль ня бачу ў Беларусі кандыдата, якога мог бы падтрымаць Крэмль. Як мінімум, зараз у Маскве прапрацоўваюць сцэнар падштурхнуць Беларусь да зьмены ўлады — калі не цяпер, дык праз год-два-тры. Таму Лукашэнка так нэрвуецца, калі бачыць кіргіскі сцэнар.

Цыганкоў: Што лепш для Масквы — ці лепш усё больш націскаць на дзейнага кіраўніка, рабіць яго ўсё больш залежным, ці рабіць стаўку на іншага?

«Яны будуць кажучы мовай Лукашэнкі, «нагінаць далей»


Класкоўскі: Думаю, што ў Маскве ў тэчках ляжаць розныя сцэнары наконт Беларусі. Іншая рэч, які будзе рэалізоўвацца ў Беларусі. Я думаю, што тактыка такая — трэба выціскаць максымум усялякіх саступак, а там «паглядзім на паводзіны». Калі паводзіны не спадабаюцца, то будуць і новыя ўкіды чорнага піяру, і іншыя дзеяньні.

Калі б Масква мела магчымасьць падчас гэтай кампаніі правесьці ў дамкі сваю фігуру, яна б гэта рабіла. Але паколькі такой упэўненасьці няма, і невядома, што будзе «на выхадзе», калі моцна замуціць падзеі — то пакуль тактыка такая, якая ёсьць.

Аднак я згодны са Сьвятланай, што гэтымі выбарамі справа ня скончыцца. Масква бачыць, што ўсё цяжэй дамаўляцца з Лукашэнкам. Таму яны будуць альбо, кажучы мовай Лукашэнкі, «нагінаць далей», альбо больш радыкальна прадумваць іншыя варыянты, каб забясьпечыць прасоўваньне сваіх інтарэсаў.

Бо зараз Масква адчувае пэўную акрыленасьць. Быў у Кіргізіі нязручны Бакіеў — няма цяпер там Бакіева, быў кепскі для Масквы Юшчанка — няма цяпер там Юшчанкі. Таму, я думаю, у Краімлі лягічна пракручваюць далейшыя хады ў кірунку, як замацаваць свае пазыцыі на постсавецкай прасторы.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG