Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія і расейскія палітыкі: "Лукашэнка дагуляўся…"


Расейскі канал НТВ у нядзелю паказаў фільм, у якім імя Аляксандра Лукашэнкі зьвязана са зьнікненьнямі ягоных палітычных спаборнікаў у Беларусі, а таксама выказана шмат іншай крытыкі адносна кіраўніка Беларусі. Амаль адначасова перадачы з вострай крытыкай Лукашэнкі выйшлі яшчэ на іншых двух расейскіх тэлеканалах “Russia Today” і Першым канале. Як камэнтуюць зьяўленьне гэтых фільма і перадач беларускія і расейскія палітыкі?

Рыгор Кастусёў
Аляксандар Мілінкевіч
Барыс Нямцоў
Уладзімер Рыжкоў


Патэнцыйны кандыдат на прэзыдэнта Беларусі ад партыі БНФ Рыгор Кастусёў мяркуе, што паказ фільму "Хросны бацька" наўпрост зьвязаны з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі:
Яны паспрабавалі апусьціць Лукашэнку, паводле яго ж выказваньня, "ніжэй калена"...

"Яны паспрабавалі апусьціць Лукашэнку, паводле яго ж выказваньня, "ніжэй калена". Гэта спроба паказаць яму, хто ў хаце гаспадар, а магчыма, і "зрабіць" іншага прэзыдэнта, якога падбяруць расейскія правячыя колы. Чаго, дарэчы, я не падтрымліваю. І гэта толькі першы крок у барацьбе з Лукашэнкам, але — гэта яны яго выхавалі, яны выратавалі яго ў 1996 годзе, яны ўвесь час падкормлівалі гэты рэжым".

Лідэр руху "За свабоду", кандыдат на прэзыдэнта на мінулых выбарах Аляксандар Мілінкевіч даў ацэнку як фільму пра Лукашэнку, гэтак і моманту, у які ён зьявіўся:
Такі фільм — гэта перш за ўсё інструмэнт для зьменаў ...

"Гэта безумоўна пазытыўна. Іншая справа, што такі фільм павінен быў зьявіцца значна раней, але ня ў той момант, калі прымаецца рашэньне аб зьмене ўлады ў Беларусі. Мы сапраўды хочам, каб Беларусь была вольнай і каб не было таталітарнага рэжыму, але вельмі важна, якая мэта ставіцца падчас паказу такога фільму. Ці гэтая мэта — свабода ў Беларусі і незалежнасьць, ці павелічэньне ўплыву ў нашай краіне? Такі фільм — гэта перш за ўсё інструмэнт для зьменаў, каб мець у Беларусі найбольш уплыву, найперш эканамічнага".

Андрэй Саньнікаў і Сяргей Гайдукевіч, якія заявілі пра свой намер вылучацца кандыдатамі на прэзыдэнта Беларусі, адмовіліся камэнтаваць паказ тэлеканалам НТВ фільму "Хросны бацька" пра Аляксандра Лукашэнку.

Былы першы віцэ-прэм'ер Расеі, цяпер адзін зь вядучых апазыцыйных палітыкаў Барыс Нямцоў перакананы, што паказ фільму "Хросны бацька" ня мог адбыцца бяз згоды прэм'ера Ўладзімера Пуціна. Але, на думку Барыса Нямцова, гэта не азначае, што ўладзе Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі прыйшоў канец:
Гэта чарговая ўспышка нянавісьці, якая можа хутка скончыцца ...

"Паверыць у тое, што паказанае па НТВ кіно пра Лукашэнку, хоць і праўдзівае, ёсьць зьменай трэнду, немагчыма. Бо пуцінская Расея, а гэта Расея таталітарная і карумпаваная, зусім не зацікаўленая ў тым, каб у Беларусі была свабода, дэмакратыя і эўрапейскі выбар. Пуцінская Расея зацікаўленая толькі ў тым, каб атрымаць беларускія актывы і ўплываць на падзеі з пазыцыі "старэйшага брата". Наколькі я разумею, Беларусь да гэтага зусім не падрыхтаваная, прычым ня толькі беларускі народ не гатовы, але, зразумела, і ўся гэтая лукашэнкаўская братва. Таму, мяркую, нічога стратэгічнага гэты фільм не азначае. Гэта чарговая ўспышка нянавісьці, якая можа хутка скончыцца, як толькі Лукашэнка чарговы раз нахіліцца, калі яму прапануюць нешта такое, ад чаго ён ня зможа адмовіцца".

Паводле вядомага расейскага палітыка, былога дэпутата Дзяржаўнай Думы Ўладзімера Рыжкова, зьяўленьне фільму — вынік таго, што Лукашэнка ў гульнях з Масквой "дагуляўся":
азначае ня толькі пачатак эканамічных войнаў паміж Расеяй і Беларусьсю, але інфармацыйнай вайны ...

"Назапасілася раздражнёнасьць, зьвязаная шмат з чым. З апошнім газавым канфліктам і варожай рыторыкай Лукашэнкі. З тым, што шмат гадоў не вырашаюцца эканамічныя пытаньні, у тым ліку зьвязаныя з купляй беларускіх прадпрыемстваў. З тым, што Лукашэнка ніяк не прызнае незалежнасьці Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі. Што вядзе двайную гульню паміж Расеяй і Захадам. Апошнія падзеі вакол Мытнага саюзу, калі да апошняга не было зразумела, Беларусь удзельнічае ці не. Усё разам, мяркую, дало вынік. Такі жорсткі антылукашэнкаўскі фільм, мяркую, азначае ня толькі пачатак эканамічных войнаў паміж Расеяй і Беларусьсю, але інфармацыйнай вайны, якая ва ўмовах нашых грамадзтваў нават больш цяжка ўспрымаецца, чым нейкая "газавая", "малочная" ці "бульбяная" вайна".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG