Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Яны хочуць зьесьці нашую Беларусь”


З чым зьвязана тое, што па трох расейскіх тэлеканалах адначасова паказалі вострыя крытычныя фільмы і перадачы пра Лукашэнку? Апытаньне на гарадзенскіх вуліцах.

Спадарыня: «З вэнэсуэльскай нафтай і больш ні з чым. Паколькі Беларусь пачала гэтую нафту дастаўляць у Эўропу. Калі ўлічыць, што расейскі нафтавы рынак і так падае цяпер, а Лукашэнка даклаў яшчэ свой каменьчык у надмагільны помнік, таму ён стаў недаспадобы. Калі ён спакойна пампаваў іхнюю нафту ў Эўропу і падтрымліваў палітыку расейскую, то быў харошы, а цяпер стаў дрэнны».

Спадар: «Страціў асабістую павагу ў расейскага ўраду: паводзіны несур’ёзныя, абяцанкі не выконваюцца, вось і ўсё».

Спадар: «Расейскія каналы так паказваюць, беларускія — інакш, польскія — яшчэ па-іншаму. Вельмі па-рознаму ўсё…»

Спадар: «Пуцін зь Мядзьведзевым перасталі падтрымліваць яго».

Маладзён: «Я ня ведаю, я не гляджу тэлебачаньня. Мне нецікавая палітыка, я лічу, што гэта «шляпа».

Спадар: «Расея вядома, што хоча: хоча, каб Беларусь падначалілася ва ўсім, таму такая крытыка. А Лукашэнка крышку памяняў свой кірунак. Іншай прычыны я ня бачу».

Спадар: «Я думаю, што тут вялікая палітыка, а там, дзе вялікая палітыка, там вялікія грошы, і нам гэтага ўсяго ніколі не зразумець. Мы як простыя грамадзяне ў гэтым ніколі не разьбярэмся. Гэта закулісныя гульні ідуць, і нам гэта ніколі ня будзе вядома, і ніколі мы не даведаемся праўды».

Сталы спадар: «Расейскім каналам трэба пабрахаць на кагосьці. Яны нам шмат прыкрасьцяў робяць — ня толькі расейскія СМІ, але й кіраўніцтва расейскае: і цукровы крызіс, і малочны, і мясны — яны ўсякую дрэнь нам робяць. Прычына? Мне здаецца, яны хочуць зьесьці нашую Беларусь, за бесцань выкупіць заводы, і руліць, як яны ў Маскве ў сябе руляць — і газам, і нафтай, і ўсім».

Спадар: «Я ня ведаю — навошта ціск чыніцца на Лукашэнку? Навошта на яго ціснуць? Гэта ж пазыцыянуецца цяпер, што яму няма альтэрнатывы. Таму я ня ведаю, гэта для мяне загадка».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG