Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ізраільскія сьледчыя ізноў узяліся за экс-амбасадара ў Менску


Авігдор Лібэрман
Авігдор Лібэрман
Паводле інфармацыі адказных прадстаўнікоў ізраільскай пракуратуры, днямі ў выніку замежнага расьсьледаваньня па справе Авігдора Лібэрмана атрыманыя чарговыя доказы, якія могуць паскорыць судовы працэс супраць кіраўніка МЗС Ізраілю, а таксама колішняга амбасадара гэтай краіны ў Беларусі Зэева Бэн Ар’е.

Ізраільскія сьледчыя лічаць, што экс-амбасадар Зэеў Бэн Ар’е пачаў злоўжываць службовым даверам ужо ў кастрычніку 2008 году, калі працаваў у Менску. Паводле сьледзтва, тады ён ускрыў пакет з сакрэтнымі дакумэнтамі ізраільскага Міністэрства юстыцыі, скапіяваў іх і перадаў копіі непасрэдна Лібэрману. У паперах, накіраваных у беларускія праваахоўныя органы, утрымліваўся запыт адносна праверкі банкаўскіх рахункаў лідэра партыі "Наш дом Ізраіль" Авігдора Лібэрмана ў сувязі з заведзенай супраць яго крымінальнай справай аб карупцыі.

Нагадаем, што сёлета ў сакавіку ізраільская паліцыя прапанавала пракурору выставіць абвінавачаньні супраць абодвух дыпляматаў, аднак прапанова не была прынятая. У траўні праваахоўныя органы ізноў рэкамэндавалі аддаць абодвух пад суд.

Як паведамляе ізраільскае выданьне Нaaretz, гэтымі днямі дзяржаўны пракурор Машэ Ладор заявіў журналістам, што пракуратура Ізраілю нядаўна атрымала ў справе кіраўніка МЗС новыя доказы, якія могуць паскорыць судовы разгляд справы. Ладор даў таксама зразумець, што гэтая інфармацыя, атрыманая падчас расьсьледаваньня за мяжой, яшчэ больш пераконвае органы правасудзьдзя ў вінаватасьці міністра. Усе матэрыялы ўжо накіраваныя на разгляд юрыдычнага дарадцы ізраільскага ўраду, якому ў адпаведнасьці з ізраільскім заканадаўствам і належыць прыняць канчатковае рашэньне адносна перадачы справы ў суд.

У сваю чаргу, прэсавая служба партыі "Наш дом Ізраіль" заявіла, што выказваньні Ладора тлумачацца імкненьнем пракуратуры лішні раз дыскрэдытаваць партыю, МЗС і такім чынам падвысіць уласны рэйтынг.

Што да колішняга ізраільскага амбасадара ў Беларусі, то раней у размове з журналістамі ён сьцьвярджаў, што, працуючы ў Менску, ён атрымаў пакет з дакумэнтамі па справе Лібэрмана адкрытым.

Бэн Ар’е таксама нязгодны са шматлікімі сьцьвярджэньнямі адносна прычынаў яго прызначэньня амбасадарам. Паводле ізраільскіх сьледчых і СМІ, далёкі ад дыпляматычных спраў Бэн Ар’е атрымаў пасаду дзякуючы падтрымцы Лібэрмана.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG