Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Кітайцаў запрашаюць мадэрнізаваць беларускую энэргетыку


Кіраўнік беларускага ўраду Сяргей Сідорскі сёньня прапанаваў Кітаю «актывізаваць працу над супольнымі праектамі». Гэтую заяву прэм’ер зрабіў на сустрэчы з намесьнікам міністра камэрцыі Кітайскай Народнай Рэспублікі Гао Хучэнам. Сяргей Сідорскі прапанаваў гэтаму міністэрству стаць сувязным зьвяном паміж Беларусьсю і Кітаем.


Сяргей Сідорскі прасіў Міністэрства камэрцыі Кітаю знаходзіць партнэраў для супольных праектаў, падбіраць банкі, якія могуць такія праекты прафінансаваць. Прэм’ер вызначыў прыярытэты супрацоўніцтва: галіна — энэргетыка, тэрыторыя — уся Беларусь, час — як мага хутчэй. Ён патлумачыў: Беларусь рэалізуе нацыянальную праграму энэргабясьпекі. Трэба павялічваць вытворчасьць і адначасова зьніжаць энэргаёмістасьць. Так будзе, напрыклад, пасьля рэканструкцыі цэмэнтных заводаў, якая вядзецца разам з кітайскай кампаніяй «Сіцік».

«Трэба ўсё згрупаваць так, каб мы маглі прымаць рашэньні хутка» — падкрэсьліў Сяргей Сідорскі. І дадаў, што Беларусь прапануе Кітаю больш як 30 праектаў мадэрнізацыі цеплавых станцыяў, якія працуюць на водных і мясцовых рэсурсах. «Але рэалізаваць іх трэба за кароткі час, максымум — за чатыры гады», — заявіў прэм’ер.

Апошнім часам беларускае кіраўніцтва свае эканамічныя спадзяваньні зьвязвае найперш з Кітаем. Пра 15 мільярдаў даляраў, якія могуць адтуль нібыта патрапіць у беларускую эканоміку, казалі ўжо і Аляксандар Лукашэнка, і Сяргей Сідорскі, і сустаршыня беларуска-кітайскай гандлёва-эканамічнай камісіі Зянон Ломаць, і амбасадар Беларусі ў Кітаі Анатоль Тозік.

Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі згадвае: некалькі гадоў таму Аляксандар Лукашэнка ўжо называў Кітай галоўным стратэгічным партнэрам Беларусі:

«І ўсе гэта заўважылі і казалі: а дзе ж тады Расея? Ну, а зараз, у сувязі з больш чым складанымі дачыненьнямі з расейскім кіраўніцтвам, зноў уздымаецца пытаньне пра вялікую ролю Кітаю ў стратэгічных і інвэстыцыйных плянах Беларусі».

Аналітык таксама ўспамінае: Лукашэнка ўжо неаднаразова прапаноўваў Кітаю Беларусь у якасьці пляцдарму на шляху ў Эўропу, як, дарэчы і Ірану, і арабскім краінам:

Кітайскі бок агульнавядомы сваімі вельмі жорсткімі інвэстыцыйнымі падыходамі.
«Але кітайскі бок агульнавядомы сваімі вельмі жорсткімі інвэстыцыйнымі падыходамі. Калі ідзе размова пра расейскія інвэстыцыі, дык там ідзе гаворка ня толькі пра кантрольны пакет, а і пра 30%, і пра 20% акцый. А ў кітайцаў іншая стратэгія. Яны заўжды імкнуцца мець 100%. І ў сувязі з гэтым вельмі насьцярожвае інтарэс кітайцаў да такой пярліны беларускай эканомікі, як Беларуская калійная кампанія. Кітай вельмі зацікаўлены ў такой сыравіне. І калі пойдзе гаворка пра ўкладаньні менавіта ў гэты сэгмэнт эканомікі, дык тут яны грошай не пашкадуюць. І тады сапраўдным гаспадаром „Беларуськалію“ стане Кітай. Але ці будзе гэта адпавядаць нацыянальным інтарэсам Беларусі?»

Дарэчы, аналітыкі ўжо зьвярнулі ўвагу: 25 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 331, адпаведна зь якім Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беларуськалій» ператвараецца ў акцыянэрнае таварыства.

Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук кажа: пражэкты наконт кітайскіх інвэстыцыяў нагадваюць спадзяваньні на Лёнданскі інвэстыцыйны форум 2008 году:

«Тады таксама з вуснаў чыноўнікаў мы чулі лічбу амаль у 20 мільярдаў даляраў. Але ж нічога з гэтага не адбылося. Ну, а кітайцы вельмі сур’ёзныя людзі. Яны на падобныя канфэрэнцыі не клююць. Ім патрэбны канкрэтныя прапановы. І абавязкова каб яны ўлічвалі правы ўласнасьці, у прыватнасьці на зямлю. А іх няма. Таму разьлічваць, што яны дадуць мільярды, няма падставы.

Яны могуць будаваць, даваць крэдыты на нейкую інфраструктуру пад жорсткія гарантыі. Але беларускі ўрад ня можа іх даць, бо гарантыяў няма на роўні закону».

Акрамя энэргетычных праектаў, афіцыйныя ўлады Беларусі спадзяюцца на будаўніцтва кітайцамі жылога мікрараёну ў Менску, гатэлю «Пэкін», на рэканструкцыю Нацыянальнага аэрапорту.
XS
SM
MD
LG