Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паводле старшыні ўраду, Кітай хутка будзе шырока ўдзельнічаць у рэканструкцыі беларускіх аўтадарог і ў пабудове жыльля ў Менску.

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі лічыць, што рэалізацыя сумесных беларуска-кітайскіх інвэстыцыйных праектаў павінна весьціся больш хуткімі тэмпамі і прапанаваў кітайскім партнэрам выпрацаваць мэханізм актывізацыі гэтай працы. Сідорскага цытуе “Интерфакс-Запад”:

"Я прапаную міністэрству камэрцыі Кітаю аказаць нам падтрымку ва ўзгадненьні праектаў з кітайскім Эксімбанкам і ў пошуку партнэраў для рэалізацыі гэтых праектаў. Мы павінны атрымаць магчымасьць апэратыўна прымаць рашэньні, нам трэба права выбару і хуткага руху ў гэтых праектах", - заявіў С. Сідорскі ў аўторак у Менску, на сустрэчы з намесьнікам міністра камэрцыі Кітаю Гао Хучэнам, які таксама зьяўляецца старшынём кітайскай часткі беларуска-кітайскай камісіі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Паводле Сідорскага, Беларусь і Кітай рэалізуюць інвэстпраекты па многіх кірунках, сярод якіх – энэргетыка, транспартная і будаўнічая галіны. Аднак прэм'ер канстатаваў, што, фактычна, беларускі бок супрацоўнічае з даволі абмежаваным колам кітайскіх кампаній, пры гэтым перамовы партнэраў па некаторых інвэстпраектах вядуцца дастаткова марудна.

Кіраўнік ураду нагадаў, што, паводле дасягнутых дамоўленасьцяў, у Беларусі плянуецца стварэньне высокатэхналягічных прадпрыемстваў з кітайскім капіталам, якія будуць зьяўляцца даччынымі структурамі вядучых кітайскіх кампаній.

"Сёньня беларускі бок падрыхтаваў прапановы ў 12-13 галінах эканомікі, да канца чэрвеня мы падпішам прапановы і перадамо іх кітайскаму боку", - паведаміў С. Сідорскі.

Закранаючы супрацоўніцтва ў будаўнічай галіне, прэм'ер адзначыў удзел кітайскіх кампаній у мадэрнізацыі прадпрыемстваў цэмэнтнай прамысловасьці Беларусі і паведаміў, што кітайскія кампаніі будуць весьці будаўніцтва жылога кварталу ў сталічным мікрараёне "Лебядзіны". Акрамя таго, кітайскаму боку ў бліжэйшым часе будзе прапанаваны праект па будаўніцтве і рэканструкцыі транспартных разьвязак ў Менску і павышэньні бясьпекі аўтадарог беларускай сталіцы.

С. Сідорскі таксама папрасіў кітайскі бок больш актыўна ўключыцца ў работу па мадэрнізацыі Нацыянальнага аэрапорту Мінск і ўзьлётна-пасадачнай паласы, а таксама канкрэтызаваць сваю пазыцыю па рэканструкцыі беларускіх аўтадарог.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG