Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў прыняла ў другім чытаньні законапраект аб амністыі.


Паводле кіраўніка парлямэнцкай камісіі па нацыянальнай бясьпецы Віктара Гумінскага, пасьля прыняцьця ў першым чытаньні дакумэнт быў дапрацаваны з улікам заўваг і прапаноў рэдакцыйна-тэхнічнага і ўдакладняльнага характару.

У першым чытаньні законапраект "Аб амністыі ў сувязі з 65-годзьдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў" быў прыняты дэпутатамі 6 траўня, паведамляе БелаПАН.

Як паведаміў 6 траўня міністар ўнутраных спраў Анатоль Куляшоў, у выніку амністыі могуць быць вызваленыя з папраўчых устаноў закрытага тыпу – каля 2230 чалавек, з папраўчых устаноў адкрытага тыпу – каля 900. Скарочаны на год тэрмін адбыцьця пакараньня ва ўстановах закрытага тыпу 9300 асуджаным, ва ўстановах адкрытага тыпу – 1100.

Паводле законапраекту, пад вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці і пакараньня трапляюць непаўналетня, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчын, якія маюць непаўналетніх дзяцей, асобы пэнсійнага ўзросту, інваліды, хворыя на актыўную форму сухотаў, ВІЧ-інфікаваныя, ветэраны баявых дзеяньняў, удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, асобы, якія атрымалі раненьні пры выкананьні абавязкаў у пэрыяд праходжаньня службы, учыніўшыя злачынствы, што не адносяцца да катэгорыі цяжкіх.

Таксама могуць быць вызваленыя іншыя катэгорыі асоб, асуджаныя: за злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадзкай небясьпекі (да двух гадоў пазбаўленьня волі), а таксама асуджаныя да арышту – незалежна ад тэрміну адбытага пакараньня; за менш цяжкія злачынствы (да шасьці гадоў пазбаўленьня волі) – пры адбыцьці не меней адной чвэрці тэрміна пакараньня.

Пры гэтым асуджаныя, якія зьдзейсьнілі іншыя катэгорыі злачынстваў і не падлягаюць вызваленьню ад далейшага адбыцьця пакараньня, вызваляюцца ад названых пакараньняў часткова тэрмінам на адзін год.

Амністыя не распаўсюджваецца на асобаў:
  • да якіх раней ужываліся амністыя або памілаваньне і якія ізноў зьдзейсьнілі наўмыснае злачынства;
  • хто не пакрыў нанесеную злачынствамі шкоду (за выключэньнем названай "ільготнай" катэгорыі асоб), злосна парушаючых усталяваны парадак падчас адбываньня пакараньня;
  • прызнаных асабліва небясьпечнымі рэцыдывістамі;
  • асуджаных да пажыцьцёвага зьняволеньня;
  • каму сьмяротнае пакараньне ці пажыцьцёвае зьняволеньне замененыя іншым пакараньнем;
  • абвешчаных у вышук у сувязі з ухіленьнем ад адбываньня пакараньня;
  • якія зьдзейсьнілі забойства, згвалтаваньне, разбой ці вымагальніцтва з кваліфікуючымі прыкметамі, а таксама бандытызм, тэрарызм, злачынствы супраць дзяржавы;
  • стварылі злачынную арганізацыю або ўдзельнічалі ў ёй альбо ўчынілі карупцыйныя злачынствы з-за карысьлівай зацікаўленасьці;
  • прыцягнутыя да крымінальнай адказнасьці за кіраваньне транспартным сродкам у стане ап'яненьня.

Па дадзеных МУС, паўторныя злачынствы зьдзяйсьняюць ад 7 да 10% асобаў, вызваленых па амністыі.

Апошні раз амністыя ў Беларусі праводзілася ў 2009 годзе і была прымеркаваная да 65-годзьдзя вызваленьня рэспублікі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Сёлетняя амністыя названа "антыкарупцыйнай", бо ня будзе ўжывацца да асуджаных за карупцыйныя злачынствы.
XS
SM
MD
LG