Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смаленскія друкары пацьвярджаюць словы актывістаў "Гавары праўду"


Юрыст групы кампаній "Друкарня Міхайлава" са Смаленску адказаў на пытаньні карэспандэнта "Свабоды" адносна зьвестак, якія тычацца завядзеньня справы на кампанію "Гавары праўду".

Друкарня Міхайлава" — гэта група кампаній у Смаленску, якія, сярод іншага, займаюцца выдавецкім бізнэсам. Дадзеныя адной з кампаніяў, якія належаць да гэтай групы — "Друкарня Міхайлава_С" — значацца на бірузовай паштоўцы са словамі "Кажы праўду", якую шмат хто трымаў у руках у Беларусі. Між тым у кампаніі "Гавары праўду" кажуць, што з заказам на паштоўкі да смаленскіх друкароў не зьвярталіся. Ці гэта праўда? Тэлефаную ў кампанію "Друкарня Міхайлава_С", каб спраўдзіць гэтыя заявы. Мяне злучылі зь юрыстам кампаніі Аляксеем Навуменкавым:

"Вы ведаеце, да нас зьвярталіся прадстаўнікі праваахоўных органаў Беларусі з пытаньнем, ці мы друкавалі дадзены від паліграфічнай прадукцыі. Мы адназначна адказалі, у пісьмовым выглядзе, што мы гэтага не друкавалі. У нас сапраўды не было ніякіх заказаў, і мы бачылі той узор, які нам паказалі, упершыню. Таму нашыя дадзеныя там пазначаныя недакладна, бо мы не друкавалі гэтую прадукцыю".

Хто друкаваў паштоўкі "Гавары праўду" з дадзенымі "Друкарні Міхайлава_С", калі не яны самі? Актывіст кампаніі "Гавары праўду", рэдактар газэты "Товарищ" Сяргей Вазьняк раней ня выключыў, што зьяўленьне такіх паштовак — правакацыя. Знайсьці журналіста сёньня для камэнтару не ўдалося — Вазьняк зьехаў зь Беларусі ў адпачынак. Нагадаю, што казаў Сяргей Вазьняк "Свабодзе" два дні таму адносна нібыта датычнасьці да паштовак з дадзенымі смаленскай друкарні:

"Мы ў смаленскай друкарні прадукцыю кампаніі "Гавары праўду" не замаўлялі".

Карэспандэнт: "А адкуль зьявіліся на паштоўках дадзеныя "Друкарні Міхайлава_С", як вы думаеце?"

Вазьняк: "Ня ведаю. Магчыма, гэта нейкая трэцяя сіла, ня ведаю. Можа, нехта нас хоча "падставіць".

Два дні таму ў інтэрнэце зьявілася інфармацыя, згодна зь якой беларускі КДБ праз расейскі ФСБ нібыта дамогся, каб смаленскія друкары зьвярнуліся ў праваахоўныя органы з заявай аб незаконным выкарыстаньні іх дадзеных на друкаванай прадукцыі "Гавары праўду". У размове зь юрыстам кампаніі "Друкарня Міхайлава_С" Аляксеем Навуменкавым я адмыслова запытаў, ці падавала фірма падобную заяву ў міліцыю. Вось што адказаў Аляксей Навуменкаў.

Юрыст Навуменкаў: "Наколькі мне вядома, мы з такой заявай не зьвярталіся. Са мной такі дакумэнт, ва ўсякім разе, не ўзгаднялі".

У КДБ Беларусі не камэнтуюць зьвесткі пра супрацоўніцтва КДБ з ФСБ у справе кампаніі "Гавары праўду". У міліцыі Ленінскага раёну Менску, дзе вядзецца справа, таксама адмаўляюцца нешта камэнтаваць, "пакуль ідзе сьледзтва".



Нагадаем: згодна з прэс-рэлізам МУС, адносна кіраўнікоў кампаніі "Гавары праўду" заведзеная справа паводле першай часткі 250-га артыкула Крымінальнага кодэксу — "распаўсюджваньне ілжывай інфармацыі пра тавары і паслугі". "Падставай для крымінальнай справы сталі вынікі праверкі заявы, якая паступіла 29.04.2010 у органы ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, ад уладальнікаў таварыства з абмежаванай адказнасьцю аб незаконным выкарыстаньні гандлёвай назвы, юрыдычнага адрасу і іншых зьвестак іх фірмы на друкаванай прадукцыі ТАА "Дзіксэнд", — паведамляла МУС 21 траўня.

У той жа дзень зь менскай друкарскай фірмы "Дзіксэнд" "Свабодзе" паведамілі, што нічога ня ведаюць пра крымінальную справу, у якой нібыта фігуруе фірма "Дзіксэнд".

Ператрусы ў офісе "Гавары праўду" і кватэрах актывістаў кампаніі ў Менску і рэгіёнах краіны адбываліся 18—19 траўня. Тры дні, з 18 па 21 траўня, актывісты кампаніі — паэт Уладзімер Някляеў, журналісты Сяргей Вазьняк і Андрэй Дзьмітрыеў — праседзелі ў менскім ізалятары на Акрэсьціна. У справе яны былі названыя падазронымі, абвінавачаньня дагэтуль нікому ня выставілі.
XS
SM
MD
LG