Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1 чэрвеня на паседжаньні Рады Беларускага Незалежніцкага Блёку была прынятая прапанова Партыі БНФ па працэдуры вызначэньня адзінага кандыдата ў прэзыдэнты.

Гэтая працэдура ўтрымлівае ключавыя моманты з праектаў іншых удзельнікаў Блёку. Адзіны кандыдат будзе вызначацца паводле распрацаваных крытэраў. Ацэнку кандыдата будуць рабіць калегіі выбарцаў, якія мяркуецца стварыць ва ўсіх абласьцях і горадзе Менску зь ліку рэгіянальных актывістаў арганізацый, якія вылучаюць свайго кандыдата. Вынікі падвядзе падліковая камісія, у якую ўвойдуць па адным прадстаўніку ад суб’ектаў БНБ.

На галасаваньне было вынесена чатыры прапановы. Найбольшую падтрымку атрымаў праект Партыі БНФ — 6 з 8 галасоў.

«Лічу сёньняшняе рашэньне Рады значным крокам наперад, — сказаў старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч. — Нарэшце ў БНБ зьявілася аснова дзеля правядзеньня працэдуры вызначэньня адзінага кандыдата. Спадзяюся, у бліжэйшы час адбудзецца канчатковае зацьвярджэньне працэдуры.Але ўжо сёньня для ўсіх суб’ектаў БНБ, якія на справе, а не на словах, маюць волю і жаданьне аб’яднаць намаганьні дзеля перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах, ёсьць асноўны дакумэнт, які рэглямэнтуе працэдуру. У БНБ пасьля сёньняшняга рашэньня зьяўляецца сапраўдная магчымасьць вызначыцца з адзіным кандыдатам у бліжэйшыя некалькі тыдняў».


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG