Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БХД і АГП пагадзіліся па працэдуры вылучэньня агульнага кандыдата


Вынікам перамоваў паміж Беларускай хрысьціянскай дэмакратыяй і Аб’яднанай Грамадзянскай Партыяй стала пагадненьне аб тым, што вылучэньне агульнага кандыдата на пасаду прэзыдэнта ад дэмакратычнай апазыцыі адбудзецца на падставе супольнай працэдуры, якая ўлічвае як прапановы БХД, так і АГП.


Паводле прапановы хрысьціянскіх дэмакратаў, адзіным кандыдатам ад незалежніцкіх праэўрапейскіх дэмакратычных сілаў павінен стаць той, хто зьбярэ найбольшую ініцыятыўную групу ў сваю падтрымку. АГП прапанавала назваць адзіным таго, хто пераможа па выніках першасных выбараў (праймерыз) адначасова ў некалькіх гарадах Беларусі.

Гэтыя прапановы аб’яднаныя ў падрыхтаваным БХД дакумэнце «Парадак вылучэння Адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Беларусі». Цяпер вядуцца перамовы па ўзгадненьні працэдуры з іншымі правацэнтрысцкімі сіламі (БНБ, Рух «За свабоду», Партыя БНФ), а таксама з больш шырокім спэктрам праэўрапейскіх дэмакратычных сілаў.

Віталь Рымашэўскі
"Я лічу вельмі істотным крокам той факт, што мы прыйшлі да агульнай пазіцыі ў працэсе вылучэння адзінага кандыдата з АГП — адной з самых уплывовых дэмакратычных сілаў Беларусі, — пракамэнтаваў на сайце БХД дасягнутае пагадненьне адзін зь лідэраў гэтай партыі Віталь Рымашэўскі. — Безумоўна, цяпер шансы на вылучэньне адзінага кандыдата ад праэўрапейскіх незалежніцкіх сілаў павялічваюцца".




Анатоль Лябедзька
"Для нас застаецца стратэгічнай мэтай вылучэньне адзінага кандыдата, і мы ідзем да гэтай мэты рознымі шляхамі. Адзін з іх — вылучэньне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў. Мы задаволеныя тым, што ў перамовах з БХД адносна працэдуры вылучэньня зроблены вялікі крок наперад. Мы ўпэўненыя, ёсьць пэрспэктыва далучэньня да гэтага працэсу і іншых сілаў, якія пазыцыянуюць сябе на правым флангу беларускай палітыкі", — цытуе сайт БХД старшыню АГП Анатоля Лябедзьку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG