Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 27 траўня


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.


ВОБЛАЧНА...

  • ...але без дажджу. Тэмпэратура: 6 — 17 С.


НЕ ПРАХОДЗЬЦЕ МІМА:

  • У Віцебску адбудзецца прэм’ера дакумэнтальна-публіцыстычнага фільму Віктара Корзуна і Касі Камоцкай "Эпоха Барадуліна". Адрас: вул. 1-я Сеньненская, д. 5 (раён "Лучоса") у "Эўрапейскім клюбе". Пачатак а 18.00.
  • Пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь запрашае на прэзэнтацыю двух тамоў унікальнага выданьня фотаальбому "Didzioji Lietuva" (Вялікая Літва) (Спадчына ў Беларусі: замкі, маёнткі, малітоўныя дамы, гарадзішчы). Прэзэнтацыя адбудзецца ў Нацыянальным мастацкім музэі Рэспублікі Беларусь (Менск, вул. Леніна, 20), пачатак а 17.00.


ТАМ ДЗЕ НАС НЯМА:

  • У Рыё-дэ-Жанэйру адкрываецца трохдзённы форум ААН пад назвай "Зьвяз цывілізацый", прысьвечаны адносінам паміж арабскім сьветам і Захадам.


ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ:

  • У 1840 памёр Ніколя Паганіні, італьянскі скрыпач-віртуоз і кампазытар (нар. 1782).
  • У 1871 у Парыжы быў расстраляны вэрсальцамі Кастусь Далеўскі. Родам ён са знакамітай у свой час у Беларусі шляхецкай сям’і ў Лідзкім павеце. У часе паўстаньня Каліноўскага Кастусь Далеўскі быў камандзірам атраду на Ковеншчыне. Пасьля паразы паўстанцаў здолеў перабрацца ў Францыю, дзе пасябраваў зь Яраславам Дамброўскім і далучыўся да парыскіх камунараў. Гэтак і загінуў, баронячы справу свабоды, якой прысьвяціў усё сваё нядоўгае жыцьцё — меў 34 гады.
  • У 1900 нарадзіўся беларускі паэт Уладзімер Жылка. Усё ягонае жыцьцё прайшло на колах. У Менску ён браў удзел у Першым Усебеларускім кангрэсе. У Вільні друкаваў свае вершы. У Дзьвінску вучыўся ў гімназіі, а працягваў вучобу ў Праскім унівэрсытэце. Перабраўшыся ва ўсходнюю, гэта значыць, савецкую Беларусь, працаваў у газэтах і ў пэдагагічным тэхнікуме, але ў 1931 годзе быў арыштаваны савецкімі карнымі ворганамі і сасланы за тры тысячы кілямэтраў — у сібірскі горад Уржум, дзе неўзабаве памёр. Там цяпер і ёсьць ягоная магіла.


ЁСЬЦЬ НАГОДА:

  • Дзень нараджэньня Буды. Паводле легенды, заснавальнік будызму нарадзіўся ў 623 годзе да нашай эры.


МІНУС 365:


ЦЫТАТЫ НА ПАМЯЦЬ:


"Ёсьць рукапісы, зьмест якіх сьцярты, ледзь знаць,
Ці нат другі напісан сэнс бязбожна.
Іх палімпсэстамі прынята здаўна зваць,
І першы іхні змысл пайме ня кожны.
Краіна родная! Так сталася й з Табой.
Багацьце й хараство твае прыроды
І прошласьць слаўную зьмяшаў чужак з гразёй
І словы вывеў гідкія для зводу.
Але народны дух, разьбіўшы мур турмы,
Здалеў вяковы бруд паганы зьмесьці.
І зь дзіўнай любасьцю чытаем тое мы,
Што захавалася на палімпсэсьце".


Уладзімер Жылка, "Палімпсэст".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG