Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы прысуд Сяргею Каваленку


Судзьдзя Чыгуначнага райсуду Ўладзіслаў Шыкароў прысудзіў сябру КХП БНФ Сяргею Каваленку 140 тысяч рублёў штрафу на падставе складзеных на актывіста пратаколаў і сьведчаньняў двух міліцыянтаў. Сам Сяргей факт дробнага хуліганства катэгарычна абвяргае.

Інцыдэнт, які разьбіраў суд, здарыўся 6 траўня. Сяргея Каваленку затрымалі за пераход вуліцы ў неналежным месцы, калі ён вяртаўся з пахаваньня бацькі свайго сябра Тараса Сургана. Затрымлівалі яго чамусьці супрацоўнікі АМОНу, і хаця спадар Каваленка быў адразу гатовы заплаціць штраф, яго павезьлі на мэдычную экспэртызу, каб зрабіць аналізы на алькаголь.

Калі экспэртыза паказала, што актывіст абсалютна цьвярозы — бо на пахаваньні ён не ўжываў сьпіртовыя напоі, – затрыманага павезьлі ў Чыгуначны РАУС і склалі пратакол ужо за нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы. На ноч яго завезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а раніцай 7 траўня прывезьлі ў суд. Аднак працэс быў адкладзены на сёньня, бо Сяргей Каваленка заявіў, што яму патрэбны адвакат.

Напярэдадні апазыцыянэр вырашыў, што замаўляць адваката ўсё ж ня мае сэнсу, і ў суд сёньня прыйшоў адзін:

"Я падумаў, што гэта немэтазгодна, бо мая справа палітычная. І наяўнасьць адваката не адыграе аніякае ролі, гэта толькі грошы забіраць ад сям’і. Таму я не запрашаў адваката".

Сяргей Каваленка лічыць, што 6 траўня яго затрымалі з палітычных прычын. Ён неаднаразова ладзіў у Віцебску акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і перакананы, што яго затрымалі знарок — каб "перастрахавацца" ад ягоных чарговых акцый. Але "ізаляваць" яго пад арышт тады не атрымалася, бо суд давялося пераносіць.

Міліцыянты, якія выступалі на сёньняшнім працэсе ў якасьці сьведак, распавядалі пра нібыта "хуліганскі" ўчынак Сяргея Каваленкі абсалютна па-рознаму. Адзін супрацоўнік міліцыі засьведчыў, што актывіст ужываў нецэнзурныя словы, ні да кога не зьвяртаючыся, сам сабе, і без аніякага супраціву сеў у міліцэйскую машыну. Другі міліцыянт паказаў, што Сяргей Каваленка махаў рукамі, гучна лаяўся, спрабуючы прыцягнуць увагу мінакоў, і ў машыну сесьці адмаўляўся.

Актывіст ня стаў зьвяртаць увагу суду на гэтыя супярэчнасьці. Ён пэўны, што міліцыянтам загадана хлусіць і яны робяць гэта, як умеюць:

"Я лічу, што сама праца міліцыянта цяпер вымагае ўменьня хлусіць. Яшчэ 7 траўня, калі гэты працэс толькі пачынаўся, сьведкі-міліцыянты мне сказалі: "Нічога асабістага, гэта толькі наша праца". Лічу, што гэта імі начальства так кіруе. І больш тут камэнтаваць няма чаго".

Судзьдзя Ўладзіслаў Шыкароў, выслухаўшы супярэчлівыя паказаньні сьведак, заявіў, што вінаватасьць Каваленкі бясспрэчна даказаная. Рашэньне па справе актывіста, відавочна, было гатовае загадзя — судзьдзя нават не абвяшчаў перапынку, каб яго надрукаваць.

Падобную справу — пра нібыта нецэнзурную лаянку Сяргея Каваленкі — разьбірае цяпер і Першамайскі раённы суд Віцебску. Міліцыянты ўсё ж знайшлі падставы, каб на час сьвяткаваньня Дня Перамогі апазыцыянэр апынуўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня — 8 траўня яго затрымалі проста ў найбліжэйшай ад ягонага дома краме, прычым разам з малодшым братам. Працяг чарговага суду нібыта за дробнае хуліганства чакае Сяргея Каваленку 6 чэрвеня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG