Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэцэпт: каб музэй не абрабавалі, трэба меней выстаўляць на паказ


Паліцыянты стаяць ля кінутых рамаў ад скрадзеных карцін ля Музэю сучаснага мастацтва ў Парыжы.

Паліцыянты стаяць ля кінутых рамаў ад скрадзеных карцін ля Музэю сучаснага мастацтва ў Парыжы.

Найбуйнейшыя эўрапейскія музэі працягваюць дэманстраваць безабароннасьць у супрацьстаяньні з добра сплянаванымі акцыямі злодзеяў, якія спэцыялізуюцца на крадзяжах неацэнных палотнаў выбітных майстроў свайго часу. На мінулым тыдні зь дзяржаўнага музэю сучаснага мастацтва ў Парыжы скрадзеныя пяць карцінаў прызнаных клясыкаў — Пікаса, Матыса, Мадыльяні ды іншых. Згодна з папярэдняй інфармацыяй, агульны кошт працаў перавышае 100 мільёнаў эўра, хоць на хвалі першых эмоцый страты былі ацэненыя ажно ў паўмільярда эўра. Наколькі абароненыя ад рабунку беларускія музэі? Ці ёсьць у мясцовых сховішчах экспанаты, якія патрабуюць звышпільнай аховы?


У міжнародны вышук абвешчаныя: «Голуб зь зялёным гарошкам» Пабла Пікаса, «Пастараль» Анры Матыса, «Аліва блізу Эстака» Жоржа Брака, «Жанчына з вэерам» Амэдэа Мадыльяні і «Натурморт з падсьвечнікамі» Фэрнана Лежэ. Усе працы добра вядомыя аматарам мастацтва, таму прадаць іх на адкрытым рынку практычна немагчыма. Адмыслоўцы ўпэўненыя, што рабаўнік дзейнічаў паводле канкрэтнай замовы. Паліцыя Эўразьвязу шукае злодзея-адзіночку, якога зафіксавалі камэры сачэньня, а пакуль «пінкертоны» задаюцца адным пытаньнем: чаму не спрацавала даражэзная сыгналізацыя?

Уладзімер Пракапцоў, дырэктар найбуйнейшай музэйнай установы Беларусі — Нацыянальнага мастацкага музэю — перакананы: нават самая дасканалая сыстэма аховы ня здольная ўратаваць ад «запраграмаванага крадзяжу»:

Уладзімер Пракапцоў
«Можаце так і напісаць — асуджаю гэты крадзёж… А калі сур’ёзна, то ўсё вырашае чалавечы фактар. Ніякая тэхнічная навінка ня можа ўзяць усё на сябе, бязь нейкіх промахаў, недагляду з боку чалавека. Якая б ні была дасканалая сыгналізацыя, тэхнічнае абсталяваньне, але калі чалавечы фактар ня ўлічваецца, любая сыстэма ў выніку дае збой. Ці то не даведзеная сама сыстэма бясьпекі (зноў жа, людзі недагледзелі), ці хтосьці сыгналізацыю адключыў наўмысна. Усё вырашае чалавек! Таму ўся адказнасьць, уся праца кладзецца менавіта на тых людзей, якія забясьпечваюць, у тым ліку, ахову твораў мастацтва. Вы паглядзіце, якія крутыя машыны крадуць — нягледзячы на сыгналізацыі, навароты ўсялякія і г.д. Сёньня на такую сыгналізацыю ёсьць такія спэцыялісты, што за 2 хвіліны могуць адключыць любую сыгналізацыю сваімі альтэрнатыўнымі прыстасаваньнямі. Таму перакананы: у аснове ўсяго трэба бачыць менавіта чалавечы фактар, які быў, ёсьць і будзе».

Кіраўнік Нацыянальнага гістарычнага музэю Сяргей Вечар кажа, што беларускія сховішчы не нясуць маштабных стратаў дзякуючы шэрагу аб’ектыўных прычынаў. Найперш, у актывах ня так шмат экспанатаў, якія маглі б зацікавіць «чорных калекцыянэраў». Па-другое, на адпаведным узроўні пабудаваная служба аховы. Аднак пры гэтым ён разумее, што гарантаваць бесклапотнае існаваньне ня можа ніводная сыгналізацыя:

«Любая страхоўка ўсё роўна ніколі не дае поўнай гарантыі. Пры ўсіх тэхнічных магчымасьцях па-езуіцку няўрымсьлівы розум здольны
У самых лепшых музэях, якія па апошнім слове тэхнічна абсталяваныя, былі выпадкі рабаваньня, пашкоджаньня.
на ўсё. Досьвед паказвае: у самых лепшых музэях, якія па апошнім слове тэхнічна абсталяваныя, былі выпадкі рабаваньня, пашкоджаньня. Тфу-тфу, у нас такіх значных крадзяжоў не было. Апрача нейкіх дробных рэчаў калісьці раней, нічога сур’ёзнага ў нашай практыцы не здаралася. Але, на жаль, ніхто не застрахаваны».

Карэспандэнт: «А як вы ацэньваеце тэхнічныя сродкі ў беларускіх музэях?»

«За ўсе музэі казаць ня буду, але ніколі іх не бывае зашмат. Хацелася б яшчэ больш дасканалых сродкаў… Думаю, на сёньня мы можам досыць надзейную паставіць заслону зламысьнікам. Наш музэй абслугоўвае Дэпартамэнт аховы, гэты канкрэтныя жывыя людзі, якія знаходзяцца ў памяшканьні. І тое, што патрабуецца, яны выконваюць. Апроч таго, у нас ёсьць інструктыўныя дакумэнты па музэйнай справе. То бок, акрамя самога закону аб музэях і музэйных фондах, ёсьць інструкцыя, таўсьцейшая за закон у шмат разоў, бо там вельмі дэталёва расьпісана, як і якія калекцыі трэба захоўваць. Асабліва вырабы з каштоўных мэталаў і камянёў, зброю, — якія для гэтага павінны быць парамэтры. І мы проста абавязаныя тых нормаў прытрымлівацца. Але пільнасьці губляць ня трэба ніколі. Заўсёды варта памятаць, што гэта як стыхійнае няшчасьце, якое можа здарыцца ў любы дзень. Трэба пастаянна прагназаваць падобнае разьвіцьцё падзеяў і намагацца пазьбегнуць горшага».

Экспэрт у музэйнай справе Ірына Колабава лічыць: спакойнаму жыцьцю беларускіх музэяў спрыяе сьціпласьць выстаўленых на паказ экспазыцый. Прыкладам, згаданы ўжо Гістарычны музэй мае багатую калекцыю нумізматыкі, музэй Вялікай Айчыннай вайны — узнагародаў ваеннага часу. Аднак у абодвух выпадках экспанаты ўтрымліваюць каштоўныя мэталы і камяні, што абумоўлівае іх асаблівы ўлік і, адпаведна, дадатковыя выдаткі на захаваньне і ахову. Пры такім раскладзе ня самыя багатыя музэйныя ўстановы ня надта і імкнуцца да паломніцтва з боку наведнікаў:

«Там вельмі добрыя, грунтоўныя калекцыі. Адзіная праблема — не выстаўляецца ўсё, што ёсьць. У фондах шмат захоўваецца, але ў экспазыцыі матэрыялу зусім мала. Асабліва гэта тычыцца Нацыянальнага гістарычнага музэю, дзе нумізматычная калекцыя амаль што не прадстаўленая».

Карэспандэнт: «Гэта, на ваш погляд, з плошчамі зьвязана? Ці, можа, сапраўды такім чынам музэйнікі засьцерагаюцца ад лішняй рызыкі?»

«Найперш гэта зьвязана з тым, што сапраўды абмежаваныя плошчы. І па-другое, канечне ж, той момант, што выстаўляць такую каштоўнасьць — гэта ўсё ж рызыкаваць. Хоць, натуральна, трэба людзям гэтыя скарбы паказваць. Але, як сьведчыць практыка, у беларускіх музэях выстаўляецца 8-10 працэнтаў максымум ад таго, што ёсьць. Магу для параўнаньня сказаць, што ў нас ёсьць нумізматычны кабінэт на гістарычным факультэце БДУ, дык гэты музэй двойчы перажыў сапраўды барбарскі крадзёж — у 1970-я гады і ў 1990-я. Была скрадзеная велізарная колькасьць вельмі цікавага матэрыялу — манэты, скарб таксама быў зьнесены. Такія выпадкі, на жаль, былі. Аднак, нягледзячы ні на што, і цяпер там выстаўлена фактычна ўсё, што ёсьць».

Леанід Шчамялёў
Народны мастак Беларусі Леанід Шчамялёў не задаволены мэтадамі працы дзяржаўных чыноўнікаў, адказных за музэйную справу. На яго думку, у абсалютнай бальшыні выпадкаў іх дзейнасьць скіраваная найперш на захаваньне рарытэтаў, тым часам як сучаснае мастацтва застаецца ў цені. Таму і ўяўленьне пра мастацтва ў людзей перакуленае — маўляў, усё каштоўнае, што мае ўзрост па некалькі стагодзьдзяў. І ілюструе парытэтны падыход прыкладам усё той жа Францыі:

«Тое, што цяпер многія нашы мастакі не прадстаўленыя ў музэйных калекцыях, — у гэтым вінаватыя мы ўсе. Так, улады зьмяняюцца, а музэі ўсё ж застаюцца. Дык няўжо так робіцца? Усюды і заўсёды клапаціліся пра будучыню. І Леанарда, і Мікэлянджэла, і Эль Грэка, і Вэрмэер, і наступныя „пікасікі“ — ды хто заўгодна — яны ўсё сваё давалі людзям, на шырокую публіку! Гэта і выставы, і продаж, і, як вынік, — добры дастатак для саміх мастакоў! Усё было прадумана. Вось я быў у Парыжы, паглядзеў музэй Арсэ. Гэта ж Францыя на далоні, там ёсьць усё! І грамадзкія адносіны, і рэвалюцыя, і каханьне. І рыбу чалавек у Сене ловіць — усё, што можна толькі прыдумаць. Усё гэта настолькі цікава, што, каб я, прыкладам, быў пісьменьнікам і пісаў пра Францыю, то дастаткова прыйсьці ў Люўр, дастаткова наведаць Арсэ, Пампіду, і можна вельмі ўсё добра і дакладна выказаць, як ты разумееш гэтую краіну».

Музэйны фонд Беларусі налічвае каля 3 мільёнаў адзінак. Сярод найбольш гучных спраў апошняга часу — крадзёж рэдкіх рукапісаў з Нацыянальнай бібліятэкі, а таксама ўнікальнай шахматнай ладзьдзі ХІІ стагодзьдзя з гарадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю. Аднак экспэрты зьвяртаюць увагу на тое, што дагэтуль знаходзяцца ў дзяржаўных і прыватных калекцыях тысячы неацэнных экспанатаў, якія падчас захопніцкіх войнаў былі вывезеныя зь Беларусі і па праве належаць беларусам.
XS
SM
MD
LG