Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дыпляматы напісалі беларускую дыктоўку


У Дзень сьвятых Кірылы і Мятода — дзень славянскага пісьменства і культуры ў Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі адбыўся чарговы этап Нацыянальнай дыктоўкі.

Дыктоўку пісалі дыпляматы, акрэдытаваныя ў Беларусі. Традыцыя гэтая нарадзілася два гады таму з ініцыятывы тагачаснага пасла Славаччыны ў Беларусі Любаміра Рэгака.

На традыцыйную дыктоўку запрашалі, акрамя дыпляматаў, і беларускіх міністраў, кіраўнікоў дзяржаўных тэлеканалаў, галоўных рэдактараў. З прадстаўнікоў афіцыйнага боку былі толькі пасол па асаблівых даручэньнях МЗС Уладзімер Шчасны, які чытаў "Малітву" Янкі Купалы і "Малітву" баўгарына Хрыста Боцева, а таксама гаспадар, дырэктар Гістарычнага музэю Сяргей Вечар. Сёлета суарганізатарамі дыктоўкі былі таксама прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі і амбасада Баўгарыі.

Сама дыктоўка была эстафэтнай: дыпляматы дыктавалі па чарзе адзін аднаму па пары сказаў. Кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль, старанна вымаўляючы беларускія словы, дыктаваў амбасадару Шчаснаму:

"...ахвяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі..."

Швэдзкі амбасадар Стэфан Эрыксан нават падказваў дырэктару музэю Сяргею Вечару, дзе ставіць знакі прыпынку:

"Паздароў, Божа, добрых людцоў (коска), як навучылі мяне чытаць, пісаць..."

Ну, а амбасадар Ізраілю Эдзі Шапіра па-дзіцячы радаваўся:

"Мне пашанцавала, мне выпаў кароткі сказ".

Амбасадар Шчасны:

"Я думаю, перш за ўсё мы павінны выказаць павагу за цікавасьць да беларускай мовы, гэта значыць, за павагу да нашай краіны. Вельмі добра, што многія паслы пачынаюць вывучаць мову. Вось пасол Вялікай Брытаніі пачала вывучаць беларускую мову. Гэта вельмі прыемна".

Гутару з амбасадаркай Вялікай Брытаніі ў Беларусі Розмары Томас:

Карэспандэнтка: "Ці цяжка вам было пісаць дыктоўку?"

"Не, не было цяжка, хаця я пісала першы раз і старалася. Думаю, у мяне атрымалася. Я б вельмі хацела вывучыць беларускую мову, таму што для мяне ўжо відавочна: гэта вельмі прыгожая мова. Зараз я разумею прыкладна на 50%. Але хацела б разумець лепш".

Амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан ня толькі добра вывучыў мову сам, але і дапамагае авалодаць ёю сваім калегам — амбасадарам Вугоршчыны, Ізраілю, Літвы.

Карэспандэнтка: "Якая па ліку ўжо для вас гэтая дыктоўка, самі лічылі?"

"Я думаю, па меншай меры пятая. Так, пяцёрка ўжо ёсьць".

Карэспандэнтка: "Я думаю, вам, як мінімум, кандыдацкую ступень у беларускай філялёгіі насьпеў час прысвоіць..."

"Не, мне ўганараваньне не патрэбнае. Мне дастаткова, каб людзі са мной размаўлялі па-беларуску. І людзі вельмі добра ўспрымаюць маю беларускую мову, і гэта дае мне натхненьне ўдасканальваць маю мову".

Пасьля дыктоўкі кіраўнік прадстаўніцтва Эўракамісіі ў Беларусі Жан-Эрык Гольцапфэль па-беларуску прамовіў тост:

"Давайце ўздымем гэтыя келіхі за ўсе эўрапейскія мовы, уключна зь беларускай, якая аб'яднала ўсіх нас сёньня дыктоўкай".

Дыпляматы за сваю старанную працу атрымалі падарункі. Сын перакладчыка Васіля Сёмухі, бізнэсовец і выдавец Бібліі па-беларуску Сяргей падараваў ім кнігі. А сам вядомы перакладчык перадаў у дар музэю антыкварную друкарскую машынку, на якой ён працаваў над перакладам Бібліі. Потым дыпляматы чыталі вершы на беларуску.

Беларускія дыпляматы напісалі дыктоўку
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:32 0:00
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG