Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гаварыце праўду. Усё можа быць скарыстана супраць вас


Канстанцін Чарнец

Канстанцін Чарнец

Нягледзячы на разважлівыя тлумачэньні экспэртамі прычынаў, якія выклікалі хвалю арыштаў на ўсім абшары беларускай апазыцыі, застаецца пэўнае пачуцьцё няўцямнасьці. Тлумачэньні апэлююць да вялізных геапалітычных канструкцыяў, што выразна кантрастуе з «камэрнасьцю», тутэйшасьцю акцыяў. Выглядае ўсё неяк ненатуральна й таму пагрозьліва — быццам цунамі на балоце.


Амаль у кожнага, хто заглядаў на старонкі сайту ініцыятывы «Гавары праўду» http://zapraudu.info, паўстае разгубленае пытаньне: «За што»? Ну, зусім не небясьпечна выглядаюць гэтыя дабрадзеі, што дапамагаюць паспалітаму люду дабіцца адказу на чарговую скаргу, палепшыць тое-сёе ў сваім сьціплым будзённым жыцьці. Уладзімер Някляеў — паэт, зь яго нават кагадзе сьмяяліся: маўляў, паштоўкамі вырашыў змагацца з жалезным драўніком.

Якія гіпотэзы? Не транснацыянальнага маштабу — тут усё ясна — а на мікроўзроўні, скажам так? Чаму хапаюць не якіх-небудзь гарэзьлівых маладафронтаўцаў або заўсёды падазроных БНФ-аўцаў? А затрымліваюць, ператрусы робяць — менавіта ў іх, праўдашукальнікаў? Уражаньне карыстальнікаў інтэрнэту ды блогераў хістаецца паміж некалі папулярнай клінічнай вэрсіяй і рознымі больш-менш рацыянальнымі тэорыямі змовы. Пасярэдзіне — сумленнае непаразуменьне.

«Ва ўлады — дрыстун? <...> У кампаніі „Гавары праўду“ не было вялікіх шанцаў перарасьці ў нешта значнае» — сьцьвярджае як нешта бясспрэчнае mikalaj-achyzha. — «Не была яна пагрозай для ўлады, ня сталася б яна рэальнай пагрозай для яе за некалькі месяцаў, якія засталіся да прэзыдэнцкіх выбараў» — удакладняе агульнае уражаньне poczobut.

Хто ведае, мо менавіта у ёй і былі якіясь шанцы? У гэтым выпадку паэтычнае чуцьцё аказалася ня горш за палітычнае. На балючую кропку націснулі: на нявырашаныя сацыяльныя праблемы, якія ёсьць і якія нікуды пад лёзунгамі «Дзяржава для народа» не зьнікаюць самі па сабе. Абыякавасьць уладаў выклікае пэўны скепсіс сярод «народу» (дагэтуль ня масавы, але ж як ёсьць пачатак, будзе й канчатак); сярдуюць людзі. І вось паэт з паплечнікамі рупіцца пра пакрыўджаных полацкіх ткальляў, пра незадаволеных жыхароў дзесьці ў Смалявічах... Колькі ж іх, божухна! Параскіданыя гэтыя зьняважаныя й абражаныя па нябачных закутках, што яшчэ сустракаюцца ў нашай невялічкай краіне. Нарэшце да іх знайшлася справа ў кагосьці. Што ня можа не выклікаць рэўнасьці ў тых, каму самая пасада дае магчымасьць і накладвае абавязак дбаць. Тут вам не бел-чырвона-белыя сьцягі на ліхтарах; хуткаплынны акцыянізм раздражняе публіку, а вось зацікаўленасьць у ціхіх турботах яе — прывабная па-чалавечаму. Някляеў трошкі здолеў менавіта «рабіць праўду». А які водгук!

Вялікая вясновая раздача сланоў не абмінула й прадстаўнікоў левага спэктру. Напэўна, каб ужо ні на каго не забыцца, праваахоўныя органы натрудзілі й наведвальнікаў клюбу «Белспартшкола», дзе 17-га траўня з ініцыятывы менскіх анархістаў праводзіліся заняткі па тэме «Грамадзянская вайна ў Гішпаніі й камуны Арагону». Дваццаць маладзёнаў на «маршрутках» разьвезлі па адзьдзяленьнях міліцыі, трошкі патрымалі й павыпускалі. Усё было ціха, нават патрыярхальна, але анархісты й іхныя госьці дасюль гадаюць, зь якой нагоды здарыўся такі хупун. Тэрарыстаў шукаюць або аўтараў атакі на будынак Фэдэрацыі прафсаюзаў? Або так — дзеля справаздачы? «Паглядзеў кіно, блін, — філязафічна крыўдуе адзін з удзельнікаў сэмінару isto4nik-zarazi, — Ну што ж, рана ці позна гэта мусіла здарыцца».

Ну, а як жа? Кожнай сястрыцы па завушніцы. Ад адных з павагай выслухаюць усю праўду, што можа быць скарыстаная супраць падсьледных. Другім прадэманастравалі амаль жартоўную рэпэтыцыю «грамадзянскай вайны» ды паказалі, дзе камуны зімуюць. Так, гэта не Арагон Рыо-дэ-Жанэйра!
XS
SM
MD
LG