Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарагі беларускі бэнзін — вынік расейскай няўступлівасьці


Ад сёньня чарговым разам вырасьлі кошты на бэнзін і дызэльнае паліва — у сярэднім на 6—8%. Ад пачатку году гэта ўжо трэцяя зьмена цэнаў у бок падвышэньня.

У канцэрне "Белнафтахім" непапулярны крок тлумачаць ростам коштаў бязмытавай нафты, якая пастаўляецца на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы з Расеі. Як паведамілі ў ведамстве, у красавіку ў параўнаньні зь лютым 2010-га цана расейскай нафты павялічылася для НПЗ у Наваполацку і Мазыры амаль на 28%.

Ад 12 траўня 1 літар найбольш папулярнага бэнзіну АІ-92 каштуе 2870 рублёў. І хоць рост усяго на 150—200 рублёў, аднак, як кажа кіроўца са стажам, колішні кіраўнік Беларускай аўтамабільнай фэдэрацыі Анатоль Шаўчэнка, у маштабах месячнага сямейнага бюджэту выдаткі даволі істотныя. Пагатоў з улікам двух папярэдніх зімовых падаражэньняў:

Анатоль Шаўчэнка
"Дапусьцім, у мяне толькі дзеля таго, каб на аўтамабілі зьезьдзіць на працу і дадому, выходзіць штомесяц дзесьці 100 даляраў — і гэта пры тым, што мне да працы недалёка. Зараз гэтае задавальненьне будзе яшчэ даражэйшае. А для тых, хто езьдзіць далей і шмат, выдаткі — у геамэтрычнай прагрэсіі. Канечне, усё гэта накладае адбітак на сямейны бюджэт. Любое падвышэньне — для аўтамабілістаў рэч не з прыемных. Бачыць паніжэньне коштаў — і ня толькі ў аўтагаліне — кожнаму радасна. А вось з падвышэньнем справа зусім іншая. Попыт на бэнзін, натуральна, застаецца, але як па сваіх адчуваньнях, дык раней большыя чэргі былі на АЗС, а зараз народу на запраўках нягуста. Бо шмат хто проста вымушаны ставіць машыны на прыкол. Ведаю па многіх журналістах, якія раней усюды езьдзілі на машынах, а зараз усё часьцей скардзяцца — маўляў, праз бэнзін шыкаваць робіцца накладна".

Між тым кошты на бэнзін у Беларусі яшчэ далёкія ад усясьветнай столі. Так, у бальшыні краінаў Заходняй Эўропы сярэдняя яго цана перавышае 1 эўра за літар. То бок, месцамі — у 1,5 раза больш за беларускія лічбы. У эўразьвязаўскіх суседзяў — у Літве, Латвіі, Польшчы — паліва вагаецца ў межах 1,2—1,5 даляра за літар. Праўда, нюанс у тым, што суадносіны прыбыткаў працоўных у Беларусі і ў згаданых краінах — не на карысьць беларусаў.

Прыблізна на беларускім узроўні кошты ва Ўкраіне: прыкладам, бэнзін АІ-92 гэтаксама "прывязаны" да адзнакі ў 1 даляр за літар. Самае таннае ў рэгіёне паліва — у Расеі: згаданы ўжо 92-гі каштуе ў сярэднім 70 цэнтаў.

У канцэрне "Белнафтахім" чарговае падвышэньне тлумачаць новымі эканамічнымі рэаліямі. Ад пачатку 2010 году Беларусь атрымлівае толькі 6 мільёнаў 300 тысяч тон нафты з Расеі бяз мыта, тым часам як у рамках Мытнага саюзу беларускі бок спадзяваўся мець аб'ём як мінімум утрая большы. Вынікам — амаль 30-працэнтнае падвышэньне кошту сыравіны для беларускіх НПЗ. Эканамічны эфэкт ад вэнэсуэльскай нафты, першая партыя якой у выніку мудрагелістай лягістычнай схемы нарэшце трапіла ў Беларусь, пакуль не афішуецца. Ужо зьявіліся меркаваньні, што падвышэньня патрабуе менавіта вэнэсуэльская формула ўтварэньня цаны. Аднак экспэрт у энэргетычнай галіне Станіслаў Гусак лічыць, што ў бліжэйшай пэрспэктыве такая альтэрнатыва наўрад ці будзе нейкім чынам уплываць на рынак нафтапрадуктаў, уключна зь іх коштам. Галоўная прычына — у супярэчнасьцях з былым саюзьнікам:

Станіслаў Гусак
"Адназначна, што руху коштаў у бок паніжэньня пакуль ня будзе. Таму што наша эканоміка дырэктыўная, гэта эканоміка кіраваная, і хто ёй кіруе — мы таксама ведаем. І пакуль аб'ектыўна няма прычынаў, каб паліва стала больш танным. То бок, лепшай сытуацыі ня будзе з палівам, можа быць толькі горш. А чаму цана падскочыла зараз? Я ня думаю, што гэта неяк зьвязана з вэнэсуэльскай нафтай. Хутчэй гэта вынік нафтавай спрэчкі з Расеяй. Бо вэнэсуэльская нафта пакуль дужа малую долю займае ў аб'ёме, які перапрацоўваецца на беларускіх НПЗ. Вэнэсуэльскі ўплыў будзе вельмі невялікі, мы нават не адчуем гэтага".

Паводле міжнародных дасьледаваньняў, самае таннае паліва — у Туркмэністане: 2 цэнты за літар. Удвая даражэйшы бэнзін у Вэнэсуэле — 4 цэнты. Сьледам у сьпісе — буйныя экспартэры нафты: Катар, Бахрэйн, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. У цэнавым калідоры ад 50 цэнтаў да 1 даляра — краіны, якія субсыдуюць сваіх спажыўцоў: ЗША, Канада, Расея. Больш за іншых пакідаюць грошай на АЗС эўрапейцы. Каб ацаніць даступнасьць паліва, экспэрты карыстаюцца "індэксам бэнзабаку" — як часта можа заправіцца чалавек са свайго прыбытку. Бясспрэчны лідэр тут — Вэнэсуэла: на сярэднямесячны заробак вэнэсуэлец можа напоўніць блізу чатырох сотняў бакаў. А вось на Філіпінах ці ў Індыі працаўнік можа заліць поўны бак ня больш як 5 разоў на месяц.
XS
SM
MD
LG