Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі літар бэнзіну каштуе больш за 1 даляр, у Расеі і ЗША — 70 цэнтаў


Ад 1 сакавіка падаражэў праезд у грамадзкім транспарце — амаль на 17%. Два дні таму аўтамабільнае паліва падаражэла на 7%. На 5% падвысіліся кошты на цукар. Чаму так адбываецца, разам з эканамістамі высьвятляла Іна Студзінская.


Найбольш значна падвысіліся кошты на бэнзін — літар АІ-95 каштуе цяпер 3050 рублёў. Цана на бэнзін пераадолела псыхалягічную адзнаку ў 1 даляр за літар. Эканаміст Леанід Злотнікаў кажа:

“Гэта ўжо другое падвышэньне цэнаў на бэнзін.У цэлым яны павысіліся дзесьці на 9—10%. Гэта ўжо адчувальна! Чаму так адбываецца? Чаму ў шмат якіх краінах цэны зьнізіліся? Гэта ў разьвітых краінах. А ў многіх краінах, якія разьвіваюцца, цэны падвысіліся, ня толькі ў Беларусі. Але ў Беларусі яны падвысіліся ў больш значнай ступені, чым у іншых краінах”.

У ЗША, дарэчы, літар бэнзіну каштуе 70 цэнтаў, у суседняй Расеі — таксама. Калі ва ўсім сьвеце ў сувязі з падзеньнем цэнаў на нафту бэнзін таньнеў, а ў Беларусі даражэў, нават анэкдот зьявіўся: можа, у Беларусі бэнзін робяць ня з нафты?

Эканаміст Аляксандар Кавалёў наконт прычынаў падвышэньня коштаў выказаў такое меркаваньне:

“Усе гэтыя захады — вынік недахопу сродкаў у бюджэце. Агульнавядома, што ў кошце бэнзіну, кошце цукру досыць шмат акцызных падаткаў. Проста пасьля няўдалага студзеня, калі на 18% — нават афіцыйная статыстыка паказала — зьмяншэньне аб’ёмаў вытворчасьці ў параўнаньні са сьнежнем, зразумела, што бюджэт атрымаў досыць вялікі недахоп грошай. Трэба знаходзіць дадатковыя крыніцы павелічэньня бюджэту”.

Эканаміст Леанід Злотнікаў прагназуе, што кошты будуць расьці і далей:

“А куды дзявацца... Эканоміка гасьне, нашы тавары становяцца неканкурэнтаздольнымі, прыбыткі ў прамысловасьці зьнізіліся, і значна. Дык адкуль плаціць тады заробкі? Альбо ўключыць друкарскі станок, альбо павысіць цэны. Як я разумею, адбываецца і тое, і другое. Таму і цэны растуць”.

Эканаміст Аляксандар Кавалёў таксама прагноз дае ня надта аптымістычны:

“Пачатак году ня вельмі вясёлкавы, ня вельмі радасны. Пабачым... Усясьветныя рынкі так і не падняліся, як прагназавалася. Тое, што адбываецца на ўсходнім вэктары, таксама ня вельмі радуе — я пра ўчорашняе пагадненьне наконт таго, што нафта выведзена па-за Мытны зьвяз... Я пэсыміст”.

Людзі сталага веку з настальгіяй узгадваюць савецкі час, калі менавіта 1 сакавіка штогод цэны на шмат якія прамысловыя тавары і прадукты зьніжаліся. Можа, ня вельмі істотна, але нешта таньнела. Цяпер, як відаць, усё наадварот.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG