Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва прапанавала Беларусі дапамогу ў транспартаваньні нафты


Кіраўнік літоўскага ўраду Андрус Кубілюс лічыць, што ў Літвы ёсьць магчымасьці для дапамогі Беларусі ў пытаньні дастаўкі нафты з Вэнэсуэлы, аднак беларускі прэм'ер Сяргей Сідорскі лічыць гэта пакуль малаверагодным.

“Интерфакс-Запад” цытуе заяву Кубілюса на брыфінгу па выніках яго сёньняшняй сустрэчы з С.Сідорскім:

"Вы ведаеце пра беларускія пляны імпарту нафты, у тым ліку і з Вэнэсуэлы, для гэтага патрабуюцца тэхналягічныя магчымасьці. Мы лічым, што Літва тут можа прапанаваць вельмі эфэктыўныя магчымасьці".

Між тым, прэм'ер Беларусі паведаміў, што гэтыя пытаньні разглядаюцца на камэрцыйным узроўні, а Менск бліжэйшым часам "ўзважыць усе камэрцыйныя за і супраць".

"Справа ў тым, што Буцінге працуе на прыём нафты для Мажэйкяй, і сёньняшнія аб'ёмы паставак нафты праз Буцінге выкарыстоўваюць усе магчымасьці перавалкі, а Клайпедзкі порт працуе на пагрузку нафтапрадуктаў для вывазу, Клайпедзкі порт не працуе на прыём", – адзначыў С.Сідорскі.

Ён дадаў, што пасьля таго, як будзе перапрацаваная першая партыя нафты з Вэнэсуэлы, будуць разгледжаны прапановы, якія вылучаны пастаўшчыкамі нафты з захаду, поўначы і поўдня, затым будуць вырашацца лягістычныя пытаньні і будзе абраны найбольш аптымальны шлях. І толькі пасьля гэтага будзе прынятае рашэньне аб другой партыі, растлумачыў беларускі прэм'ер.

Раней Беларусь цікавілася магчымасьцямі імпарту нафты праз парты Балтыкі. Найбольш рэальным прэтэндэнтам лічыўся Вэнтспілскі порт.

У 2004-2007 гадах Літва імпартавала нафтапрадукты з Вэнэсуэлы – ТЭС Lietuvos elektrine праз Клайпедскі порт паставіла орымульсію – яна таньней за мазут.
XS
SM
MD
LG