Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газавага кантракту зь Беларусьсю Масква пераглядаць ня будзе


Перагляд газавых кантрактаў з Украінай не пацягне за сабой карэктаваньня пагадненьняў зь іншымі краінамі, заявіў сёньня міністар энэргетыкі Расеі Сяргей Шматко.


"Ня думаю, што нашы перамовы з Украінай аб газе павінны быць падставай для таго, каб пачаць пераглядаць практыку нашых узаемаадносін зь іншымі дзяржавамі. Мы рэагаваць на такія запыты ня будзем", — цытуе Шматко агенцтва "РИА-Новости".

21 красавіка прэзыдэнты Расеі і Ўкраіны Дзьмітрый Мядзьведзеў і Віктар Януковіч дамовіліся ў Харкаве, што Ўкраіна атрымае зьніжку на 100 даляраў на газ з Расеі пры цане 330 даляраў за тысячу кубамэтраў і 30% — пры іншай цане.

Пазьней на прэсавай канфэрэнцыі Мядзьведзеў адказаў на пытаньне, ці можа разьлічваць Беларусь на аналягічную ўкраінскай зьніжку на газ. Ён заявіў, што Расея гатовая даваць прэфэрэнцыі рэальным партнэрам, а ня тым, хто толькі дэкляруе імкненьне да супрацоўніцтва. "Адна рэч — рэальнае партнэрства, а іншая рэч — дэкляраваньне намераў. Адна рэч — дамаўляцца аб тым, каб па-сур'ёзнаму працаваць, ісьці насустрач адзін аднаму, дапамагаць адзін аднаму, а іншая рэч — прымаць рашэньні аб прыёме на сталае месца жыхарства людзей, якія страцілі працу. Гэта розныя рэчы. Рабіце высновы самі", — сказаў Мядзьведзеў.

Аднак варта адзначыць, што паводле “Газпрому” сёлета сярэднегадавая цана паставак газу ў Беларусь складзе 171,5 даляра за тысячу кубамэтраў, гэта менш, чым для Ўкраіны нават пасьля зьніжкі, пра якую дамовіліся Дзьмітрый Мядзьведзеў і Віктар Януковіч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG