Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У Лелюках аграгарадок? Ня ведаю, не жадаю…”


На сёньняшняй Івейшчыне абмінуць вёску Лелюкі, ці СВК «Лелюкінскі» — немагчыма. У савецкія часы такія гаспадаркі называлі па-марскому — «флягманамі». Заробкі ў Лелюках афіцыйна лічацца «найвышэйшымі» ў раёне. А 400 жыхароў сёлета, нібы, жывуць ва ўмовах аграгарадку.


…Аўто збочвае на Лелюкі з шашы Менск — Гродна. Уздоўж дарогі на некалькі кілямэтраў — ушчэнт прапыленае кустоўе. Хутка ўсё становіцца зразумелым: перад вёскай паабапал дарогі — жывёлагадоўчы комплекс на 4000 быкоў ды калгасныя аўтамайстэрні. Іду да апошніх. Перад атрыманьнем нараду ля плоту смаляць цыгаркі паляводы — прадстаўляюцца Толем, Віцем, Генам, Ёсіфам.

Спадарства: «250 тысяч маем у сярэднім. Сянаж адкрываем, гной возім кожны дзень. Жанчыны бульбу перабіраюць. Улетку тысяч 500 можна зарабіць. Даяркі, пастухі — 600-700 атрымліваюць…»

Карэспандэнт: «У вас жа аграгарадок?»

Спадарства: «Ня ведаю… А можа, і ё… Жыцьцё як было, так яно і ёсьць… Аграгарадок гады два, а мо і тры — домікі будуюць…»

Падыходжу да стаянкі сельгастэхнікі. Ля ўваходу ў будынак майстэрняў стаялі аўтамэханік ды кіроўца МАЗу. Шафёр злы — ужо 5 гадзін прастойвае.

Спадарства: «Узімку 300-400 выходзіць, а ўлетку мільён і болей. Але раней у адным калгасе было болей тэхнікі, чым цяпер у чатырох. У нас павінна быць 80 адзінак тэхнікі, мо 45 нашкрабуць. Ніякіх зьменаў няма. З 7 гадзін МАЗ стаіць — пару тысяч ня знойдуць матор адрамантаваць. Трактары па году стаяць без матора. А грошай у калгасе не было і ня будзе. Бо запчасткі дарагія, а наша зерне, малако, мяса амаль бясплатныя. Некалі саляра была нароўні з малаком, а цяпер з нас скуру дзяруць і будуць драць…»

Карэспандэнт: «А завуць як?»

Спадарства (сьмяюцца): «Ну яго да чорцікаў — не кранаюць, галава не баліць. Во гайкі круцім — 300-400 і выходзіць. А во старшыня прыехаў…»

Спадара Андрэева, старшыню «Лелюкінскага», злапаў на выезьдзе з майстэрняў. Анатоль Вікулавіч ужо год на пэнсіі. Паводле водгукаў, вопытны гаспадарнік. Пачуўшы пра аграгарадок, закрыўся рукамі.

Андрэеў: «Госпадзі, мо і не абмяркоўваць. Для аграгарадку толькі прагналі электрычную частку — кабэлі памянялі, і, фактычна, больш нічога…»

Мяне перахапіў галоўны інжынэр, Сяргей Кавалевіч. У яго пытаюся, чаму прастойвае тэхніка. Той за словам у кішэню ня лезе.

Кавалевіч: «Ня час, дык і стаяць. Раней няма запчастак, цяпер грошай няма. Тэхнікі 31 трактар, 14 грузавых аўтамабіляў, 10 легкавых, 9 камбайнаў зерняўборачных. Загружаныя ўсе на 100%…»

Карэспандэнт: «У вас спадзяваньні былі з аграгарадком?»

Кавалевіч: «Канечне! Асфальт, газ на вёсцы правесьці — няма нічога…»

У вёсцы праз будаўнічыя завалы прабіраюся да дзіцячага садку. На пляцоўцы, дзе маленькім людцам можна хіба абярнуцца вакол сябе, 27 дзетак і памочніца выхавальніцы Сьвятлана Ганцэвіч.

Ганцэвіч: «Дзетак 27 — сілкуюцца нармальна. Зарплаты малыя — я атрымліваю 280 год 12-13. А гэта ў нас намесьніца дырэктара…»

Кавалевіч: «З кім маем гонар? Пракансультуюся, ці можна вам даваць інфармацыю…»

Прозьвішча самой Галіны Кавалевіч давялося высьветліць пасьля ў сельсавеце — мне яна так і не прадставілася. Аднак разам з усімі кінулася да мікрафона, калі зайшла гамана пра ўмовы іх пражываньня ў мікрараёне на ўскраіне Лелюкоў, дзе пабудаваныя два дзясяткі калгасных домікаў.

Спадарства: «У домікі ўсяліліся 4 гады таму. Усё рабілі, клеілі, гумно, падвалы будавалі, бульбу дзе сыпаць… Нам не пад ключ здалі — непафарбаваная, шпалераў ніякіх няма. Усё куплялі за свой кошт… У нас ні платоў, ні дарогі — наагул не прайсьці на працу…»

На ўезьдзе ў мікрараён выйшла на дарогу 44-гадовая спадарыня Галіна Яшчанка. З-за сонца прыкрыла вочы рукой, каб разгледзець рэдкага тут госьця. Звычайна ж глядзіць у зямлю, каб ня ўлезьці ў бруд.

Яшчанка: «Пераехалі з Быхаўскага раёну — за тысячу даляраў уладкаваліся. Цяпер во ўнучка — ня ведаем, як хадзіць з каляскай па гэтых калдобінах. Сама даглядаю 2 чалавекі — сацыяльны работнік. 250 тысяч атрымліваю. Як атрымліваем, так і жывём…»

Я ўсё-ткі, літаральна кажучы, даскакаў да аднаго з падворкаў. У хляве корпаўся з рухавіком кіроўца Аляксандар Спургаш. У зьбітай са шчытоў ды абкладзенай цаглінамі хаціне жыве 15 год.

Карэспандэнт: «Да вашых домікаў павінны быць пад’язныя шляхі. А я падышоў — ногі ў гнаі…»

Спургаш (сьмяецца): «Не праедзеш нічым. У гумах дапаўзаем 15 гадоў. Раней 100 кароў — цяпер 30 ці набярэцца. З вадой — калёнка ёсьць на гарод. Па ўсёй вёсцы газу няма. У мінулым годзе прыяжджалі, круцілі-вярцелі, каб пад хату падвесьці — за 2000 даляраў!»

Падыходжу да сельсавета, дзе застаю адну сакратарку, карэнную жыхарку, спадарыню Пальчэўскую. І — ізноў чую імёны тых, з кім колькі хвілінаў таму пазнаёміўся.

Пальчэўская: «У Лелюках тры кандыдаты ў сельсавет, па адным на акругу. Зарэгістравалі старшыню СВК Андрэева, галоўнага інжынэра і настаўніка Карповіча…»

Карэспандэнт: «У парадку загаду?» (Сьмех.)

Пальчэўская: «Пра такое ніхто не гаворыць услых. Каб хто жадаў, мы ня супраць…»

За 21 год працы Ганьне Ўладзіміраўне ёсьць што з чым параўноўваць.

Пальчэўская: «Прасьцей было, калі цэны не мяняліся, усё стабільна. А цяпер хоць водаправод, усё можна купіць, грошай няма толькі. (Сьмех.) Пагалоўе жывёлы ў людзей вельмі скарацілася. Вялікая праца — выгнаць, загнаць скаціну. У мяне раней была, цяпер не. Бо ўстань у 4 раніцы, у абед яе пачысьціць, увечары падаіць. Аплата ж за малако маленькая, хоць тлустасьць большая, чым у краме. Хоць і 250 тысяч на малацэ — для вёскі вялікая сума…»

Карэспандэнт: «А вы шкадуеце, што аграгарадок „ляснуўся“?»

Пальчэўская: «Нам сёньня ў райвыканкаме сказалі, што ў нас аграгарадок. Хоць нам нічога не выдзяляецца…»

У чым найвялікшая асалода вандровак па рэгіянальнай Беларусі, дык гэта ў сустрэчах зь непаўторнымі — мудрымі, ад зямлі бабулямі ды дзядулямі, пра якіх кажуць…

Пальчэўская: «Гаспадар! Чалавек не дарэмна пражывае жыцьцё на зямлі. Усё ў яго акуратна — і платы, і пашы ў парадку, лічацца ўсе зь яго меркаваньнем…»

Ужо знаёмая спадарыня Пальчэўская так ацэньвае свайго самага старэйшага аднавяскоўца, 88-гадовага дзядзьку Браніслава Кучынскага. Ён дагэтуль у руху па гаспадарцы. Невысокі, з уважліва-хітраватымі вачыма і доўгай барадой, ён нешта выстукваў у толькі што ім самім зробленым вульлі. Да патомнага карэннага каваля лелюканцы дагэтуль нясуць навастрыць сякеры. Мясцовы ксёндз прыяжджае да яго штосуботы ў лазьню памыцца, а галоўнае — за кубачкам гарбаты зь зёлак ды як рака бруістым мядком узважыць, што адбываецца ў сьвеце. Зробім гэта са спадаром Кучынскім і мы.

Кучынскі: «Усіх перажыў — і камуністаў, і Гарбачова, а Лукашэнку, мусіць, не давядзецца. Усё жыцьцё кавалём прарабіў — яшчэ пры першых Саветах і два гады на пэнсіі. Пчолаў больш за 30 вульлёў маю — мёду 150 літраў выходзіць. Як бальшавікоў не было, хто меў больш зямлі, добра жыў — пры Польшчы. Ліха яго ведае — гектараў 6 было ў мяне зямлі рабочай. Я добра жыў — 2 кані было, 2 каровы. Бальшавікі прыйшлі — давай у калгас піхаць. Усё пазабіралі — вазы, плугі, бароны, коні…»

Карэспандэнт: «Дзядзька Бронюсь, а ў камуністы клікалі вас?»

Кучынскі: «О, клікалі! Я не пайшоў. Кажу, мне трэба рабіць. Пастрашылі-пастрашылі і адчапіліся. Не хацеў у гэтую справу лезьці. Забаранялі, каб у хаце абразы былі. Да мяне прыйшла на кватэру настаўніца — „паздымай“. Я кажу — гэта мая хата, не твая…»

Карэспандэнт: «Камуністы забілі гаспадара ў чалавеку?»

Кучынскі: «Гэта правільна, забралі ўсё — і ўсё. А цяпер трэба плаціць за пляц — прыяжджаюць, мераюць, і выкупляй сваю зямлю. Я сам 50 тысяч некалі заплаціў. Такое „права“ пайшло…»

Карэспандэнт: «Я чытаў, дзясяткі людзей у гэтых мясьцінах НКУС забраў у Сыбір…»

Кучынскі: «А, гэта „асаднікаў“ — заможных гаспадароў, крапчэйшых каторых людзей. Ваенныя прыехалі, забралі і кудысьці іх павезьлі — хаты тры зь Лелюкоў. Мой цесьць сядзеў у турме. А я — бог пашкадаваў. У кузьні рабіў — не чапалі, ды быў малодшы ў гадах. У войска ісьці — прадсядацель 2 разы адбіў у ваенкама ад збораў — трэба кузьню трымаць…»

Браніслаў Янавіч удараецца ва ўспаміны пра Другую сусьветную. Кажа, што ў газэтах і кнігах пішуць хлусьню.

Кучынскі: «Я вам скажу, якія партызаны. Як свае — усё бралі, бо ведалі, дзе што ляжыць. Будзе цябе біць, кажа, заб’е. Як што пахаваўшы-закапаўшы, будзеш аддаваць. Сусед Шыманскі пачаў біць — скрыня адзеньня была закапана. Адкапаў — там кажух, боты, настольныя дзяругі — усё забраў. Які ж ён партызан?! Рабаўнік звычайны. Цяпер мне нядрэнна. Пэнсіі атрымліваю 472 тысячы. За маю працу то мала, але заробак у кузьні і 60, і 70 рублёў было. О, быў каваль! І плугі рабіў, і коней каваў, і рысоры для машынаў, для трактароў. Мне ўсё ўдавалася, што толькі заказвалі…»

Карэспандэнт: «Тое, што Беларусь стала незалежнай краінай, — як да гэтага ставіцеся?»

Кучынскі: «Можа ж выжывем. Мне няблага. Зараз пацяплее, каля пчол буду лазіць, домікі раблю…»

Карэспандэнт: «Дзядзька Бронюсь, што зь Лелюкамі будзе?»

Кучынскі: «Аграгарадок — але ці будзе? Мне нічога ад іх ня трэба — усё сваё маю. Пры Лукашэнку нядобра, пры другім мо будзе лепей…»

Увесь гэты час нас уважліва слухаў сусед ды абагоўнік дзядзькі Бронюся, 39-гадовы майстар па ўсталяваньні малочнага абсталяваньня Франц Ляонка, які, здаецца, і паставіў апошнюю кропку.

Ляонка: «Я ў аграгарадок не імкнуўся і не імкнуся. Мне выходзіць 500-600. Я сваю хату маю, кабаноў і каня свайго трымаю. Як дзед кажа, будзеш рабіць — усё будзе. І Лелюкі будуць…»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG