Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыві і бойся


У страшныя трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя, калі ў Беларусі разгортваліся сталінскія рэпрэсіі, напэўна, самым небясьпечным месцам для жыцьця было польскае памежжа. Тут дастаткова было атрымаць прывітаньне ад сваіх заходніх сваякоў, каб зьнікнуць назаўжды і бязь сьледу.

Дзямідавічы — вельмі маляўнічая вёска. Раскінутая на крутых пагорках, зь якіх адкрываюцца прыгожыя краявіды лясоў, перасечаных ярамі. Сюды зусім не далятаюць гукі цывілізацыі. Ні трасы побач, ні якой іншай трасцы. Ці не таму вёску ўпадабалі менскія дачнікі. Мясцовых жыхароў засталося зусім ня шмат. Давайце зойдзем у госьці да старой сялянкі, Алены Суднік. У хаце сабраліся яшчэ дзьве яе стрыечныя сястры. Інтэлігентная Тэрэса і гарадзкая Ядзя. Усім тром пад 80. І ўсіх яднае адно агульнае гора. Іхныя бацькі, родныя браты паміж сабой, Станіслаў, Антон і Раймунд Суднікі былі арыштаваныя ў адзін дзень. Гаворыць спадарыня Алена.


Алена: «Арыштавалі прыехалі, дый усё, у 37-м годзе. Усіх траіх братоў».

Карэспандэнт: «За што?»

Алена: «Прыехалі днём якраз. І ўсіх траіх забралі. Ну як? Так людзей тады хапалі, забіралі. Як у ваду. Прыехаў энкавэдыст і забраў нашых бацькоў. Тата тады рабіў на канюшні ў Дзямідавічах. Якраз абед быў. Прыехаў на абед. Якая я тады была? Малая. Што помню, а што ня помню».

Карэспандэнт: «Што яны гаварылі пры гэтым? „Разьбярэмся“, „хутка бацька вернецца“?»

Алена: «Я нічога гэтага ня помню, што гэты чалавек гаварыў. Проста забралі. Зіма была. 17-га лістапада. Зіма, сьнег».

Карэспандэнт: «Яны хоць тлумачылі, за што?»

Алена: «За што... За нішто проста. Ён нікому нічога дрэннага не рабіў».

Карэспандэнт: «А пасьля былі ад яго нейкія весткі?»

Алена: «Ніякіх вестак не было. Нічога абсалютна. Потым паехалі мама і цёця. Паехалі ў Менск. Ім сказалі тамака, што выбылі. Куды выбылі? У паўночныя канцлягеры. Мама рукавіцы зрабіла, валёнкі нейкія. Пасьля таго ніякіх зьвестак не было. Пасьля вайны прыехаў да нас энкавэдыст. І сказаў, што ні ў чым ня вінны быў, за што забіралі. Ой... Ну, што можна сказаць... Людцаў хапалі, білі, ніштожылі....»

У міжваенны пэрыяд тут непадалёк праходзіла мяжа. Езьдзячы па яе заходні бок, я не стамляўся дзівіцца бестурботнасьці заходніх беларусаў, якія верылі савецкаму радыё і часам ішлі ў Беларусь савецкую. Але нават і пасьля 70 прамінулых гадоў мяжа адчуваецца. Нават па ўспамінах жыхароў. На гэтым баку людзі радыё ня слухалі. Гаворыць спадарыня Тэрэса.


Тэрэса: «Калі адтуль, з Заходняй Беларусі дасылалі сваім сваякам крэўным лісты, то гэтага няможна было. Некаторыя сваякі перадавалі, каб не пісалі. Сувязь была забароненая. Сусед суседу баяўся сказаць слова».

Вельмі цікава слухаць пра верасень 39-га па гэты бок. Аказваецца, савецкія войскі былі раскватараваныя за тыдзень да гадзіны «ікс».

Тэрэса: «Салдаты, паміж іншым, былі ўкраінцы. Мы, дзеці, спалі, салдаты спалі. У нас».

Карэспандэнт: «Яны некалькі дзён у вас стаялі?»

Тэрэса: «Ну так. Можа, з тыдзень былі. А мой брат Пётар, ён на паўтара году за мяне малодшы. Дык адзін сядзеў за сталом, пад абразамі, дык ён, ваенны, усё зь ім гаварыў, выпытваў. Пра бацьку, дзе, значыць, бацька. «У арміі».

Карэспандэнт: «Вы, дзеці, сапраўды лічылі, што бацька ў арміі? Ці вы ведалі, дзе бацька?»

Тэрэса: «Як я магла ня ведаць? Мне было шэсьць гадоў. Прыйшлі і рабілі вобыск.
У мамы быў касьцюм баваўняны. І сукенка з чорнага аксаміту. Я і цяпер такога аксаміту не спатыкала. Яны — „О! Гэта з Польшчы, польскія шпіёны“.
Фатаграфіі ўсе забралі да адзінай. Не засталося ні бацькавай, ні мамы, ні дзяцей. А ўсе былі ў нас, фатаграфіі. Усё забралі. У мамы быў касьцюм баваўняны. І сукенка з чорнага аксаміту. Я і цяпер такога аксаміту не спатыкала. Яны — „О! Гэта з Польшчы, польскія шпіёны“. Матыў быў — даносы. Фабрыкавалі справу такую, што польскія шпіёны хадзілі. А што можна было шпіёніць у лесе? На хутары? Ну і забралі, увезьлі. Жонкі пачыналі туды, у Дом ураду, езьдзіць. Ім гаварылі: высланыя. У канцлягеры. Яны перадачы перадавалі, валёнкі вазілі. А насамрэч — расстраляны ў Воршы, пасьля рэабілітацыйны ліст даслалі. А я лічыла, што ўвогуле ў Курапатах магіла нашага бацькі».

Карэспандэнт: «Калі вы ўпершыню патрапілі ў Заходнюю Беларусь? Калі адкрылася мяжа для свабоднага перамяшчэньня?»

Тэрэса: «У 39-м займалі. Калі там што. А ў сорак першым прыйшоў немец. Дык вось пры немцах не было надта голаду. Таму, што кожны меў зямлю. Сеялі. Жыта сьцяной расло. Апрацоўвалі. Конь быў на дваіх».

Я ўжо не ўпершыню сутыкаюся з больш чым талерантнай ацэнкай немцаў з боку вяскоўцаў. Тых, на вачах у каго не стралялі габрэяў. Тых, каму вярнулі сваю зямлю пасьля калгасу. Тых, хто на кароткі пэрыяд уздыхнуў з палёгкай пасьля перажытых жахаў сталіншчыны. У размову ўступае Ядзя.


Ядзя: «Я помню і сорак першы, і сорак другі. Я ўсё цудоўна помню. Прыходзілі немцы. Пагрукае ў вакно. Мама адчыніць. Папросіць есьці. Не было, каб яны зьдзекаваліся з кагосьці. Абсалютна. Вось партызаны ў нас варавалі ўсё. Помню як цяпер, вечар пачынаецца. Цямнее. Тут лес быў. Мы, малыя, ніхто ж не хадзіў у лес, баяліся. Яны на конях сыпаліся, як мурашы ляцелі ў гэтую вёску. І трасьлі ў хатах усё. Мы ня ведалі, куды дзявацца. І ўсё забіралі, усю адзежу. Помню, як маму білі прыкладам — давай адзежу».

На абарону партызан устала Алена. І ўсчалася спрэчка.

Алена: «Абаранялі цябе. У лясах жа сядзелі».
Прыходзілі немцы. Пагрукае ў вакно. Мама адчыніць. Папросіць есьці. Не было, каб яны зьдзекаваліся з кагосьці. Абсалютна. Вось партызаны ў нас варавалі ўсё.


Тэрэса: «А пчолы выдралі ў нас — хто, немцы ці партызаны?»

Алена: «Што ты пляцеш?»

Ядзя: «Мы, малыя дзеці, за стол паселі. Ён прынес рамкі. Зімой. Выразаў гэтыя рамкі зь мёдам»,

Тэрэса: «Нашы пчолы, а прыйшоў па суседзтву. Выразаў рамкі».

Ядзя: «Забраў. Ня гледзячы, што сядзелі гэтыя голыя дзеці, галодныя».

Напэўна, савецка-польскае памежжа было самым небясьпечным месцам у краіне Саветаў. Калі любая больш-менш прыстойная шмотка магла стаць нагодаю для абвінавачаньня ў шпіянажы і сьмяротнага прысуду. Нават у раскулачаных на пачатку 30-х і высланых было нашмат больш шанцаў выжыць. Па вайне людзям нарэшце адкрылася тая Заходняя Беларусь.

Тэрэса: «Мама паслала маю сястру на Заходнюю Беларусь. На глебы не такія ўжо і ўраджайныя. Пясчаныя. Але там яна пасьвіла карову. Там яна была наеўшыся. Мама паедзе, прывязе мукі адтуль. І тое, што сястра там пасьвіла, яна і сама выжывала, харчавалася, і маме давалі. Там было што есьці. Гэта пасьля вайны. Пасьля ж мяняць хадзілі ў Заходнюю шмотку якую. На хлеб, на зерне. Таму што яны жылі аднаасобна. Аднаасобнае жыцьцё — гэта іншая рэч».

Ядзя: «Школа адкрылася ў сорак чацьвёртым. І што? Голад быў. Вясной толькі тыя пышкі хадзілі зьбіраць. Шайморы. Бульбу мінулагоднюю. Яна ўраджайная была. Столькі было многа гэтай бульбы. Пасьля зімы людзі, як гракі, накідваліся на гэтыя палі».

Тэрэса: «І пяклі праснакі чорныя».

Ядзя: «І было так смачна. І з чарвямі, і з усім. І ўсе выжывалі. І ніхто не хварэў».

Тэрэса: «Лепей не ўспамінаць».

Галоўную народную мудрасьць усяго прамінулага жыцьця на разьвітаньне паведаміла мне Ядзя. Калі ж яна страціць сваю чароўную сілу? Паабапал былой мяжы...

Ядзя: «Жыві і бойся. А што, ня праўда? Жыві і бойся».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG