Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Ізраіль зь Беларусі — бязь візы. Калі?


Эдвард Шапіра

Эдвард Шапіра

Амбасадар Ізраілю ў Беларусі Эдуард Шапіра ўпэўнены, што ўязныя візы для грамадзянаў абедзьвюх краінаў будуць адмененыя. Пра гэта ён заявіў сёньня, адказваючы на пытаньне «Свабоды» падчас прэсавай канфэрэнцыі, прысьвечанай 62-й гадавіне незалежнасьці Ізраілю. Амбасадар сказаў таксама, што канкрэтную дату адмены візаў ён не называе «толькі з-за асьцярожнасьці».


Амбасадар Шапіра сказаў: перамовы аб адмене ўязных візаў Ізраіль пачаў адначасова з усімі краінамі СНД. Але дагэтуль станоўча пытаньне вырашана толькі з Расеяй. Зь Беларусьсю перамовы па-ранейшаму вядуцца, — адзначыў ізраільскі дыплямат:

«Пытаньне гэтае разглядаецца. Натуральна, яно будзе ўзьнята напрыканцы красавіка падчас візыту міністра спорту і турызму Беларусі Алега Качана ў Ізраіль. Мне падаецца, што беларускі бок выказваецца вельмі акрэсьлена за падпісаньне такой дамовы. І я спадзяюся, што яна будзе падпісаная.

Толькі з-за асьцярожнасьці я не хачу называць ніякія канкрэтныя даты. Давайце пачакаем, як пройдзе візыт міністра Качана. У любым выпадку я хачу сказаць: намеры ў гэтай сфэры ў ізраільскага боку пазытыўныя».

Раман Якаўлеўскі
Міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі сёлета на запрашэньне МЗС Ізраілю правёў тыдзень у гэтай краіне. Ён кажа, што сьледам за Расеяй на бязьвізавыя паездкі ўжо выходзіць Украіна. А Беларусі, на думку аглядальніка, перашкаджаюць гэта зрабіць хутчэй два фактары: фінансавы і палітычны:

У Тэгеране заяўляюць, што Ізраіль трэба „сьцерці з аблічча зямлі“. А ў Менску кажуць, што ў дачыненьнях з Тэгеранам няма аніякіх пытаньняў, поўнае адзінства.
«І відавочна, што мяч на беларускім баку. Бо консульскі збор для грамадзяніна Ізраілю пры паездцы ў Беларусь каштуе 100 даляраў, а для беларусаў у Ізраіль — толькі 17.

Другая прычына палягае ў асаблівых дачыненьнях Менску і Тэгерану. У Тэгеране заяўляюць, што Ізраіль трэба „сьцерці з аблічча зямлі“. А ў Менску кажуць, што ў дачыненьнях з Тэгеранам няма аніякіх пытаньняў, поўнае адзінства. Дык як гэта разумець?!»

Амбасадар Эдуард Шапіра сказаў, што колькасьць беларускіх турыстаў, якія летась наведалі Ізраіль, крыху зьменшылася параўнальна з папярэднім годам:

«Гэта зьвязана з крызісам. Беларусы сталі ехаць меней. І ня толькі беларусы. І ня толькі ў Ізраіль, але і ў іншыя краіны з-за крызісу. Аднак спаду турыстаў з Расеі ў нашу краіну наагул не было, нягледзячы на крызіс. Тут спрацаваў эфэкт адмены візаў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG