Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы назвалі заявы Лукашэнкі пра ўран "глупствам" і "туфтой"


Аляксандар Лукашэнка ўчора выказаў шкадаваньне, што Беларусь у 90-х гадах вывела ядзерную зброю, і паведаміў сэнсацыйную навіну пра тое, што ў Беларусі нібыта застаўся высокаўзбагачаны ўран: "сотні кіляграмаў фактычна зброевага і менш узбагачанага". Навукоўцы пярэчаць гэтым выказваньням кіраўніка дзяржавы.


Шкадаваньне з нагоды вываду зь Беларусі ядзернай зброі А. Лукашэнка публічна агучваў некалькі разоў. Гэта ён зноў паўтарыў 14 красавіка падчас сваёй паездкі ў Гомельскую вобласьць, выказваючы расчараваньне тым, што Беларусь не запрасілі на сусьветны ядзерны саміт у ЗША.

Апрача таго, лідэр Беларусі выказаў навіну, якая магла б паставіць краіну ў адзін шэраг з КНДР і Іранам — дзяржавамі, якія імкнуцца атрымаць высокаўзбагачаны ўран.

"Я ня буду хаваць: у нас застаўся высокаўзбагачаны ўран. Сотні кіляграмаў фактычна зброевага і больш нізкага ўзбагачэньня. Мне ўжо каторы год запар кажуць: так, вывозьце гэты ўран. Хочаце — у Амэрыку, мы вам заплацім, хочаце — у Расею".

Пры гэтым А. Лукашэнка падкрэсьліў, што Беларусь не зьбіраецца "рабіць брудныя бомбы ці камусьці прадаваць уран" і што гэты матэрыял знаходзіцца пад кантролем МАГАТЭ.

Былы старшыня Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандар Вайтовіч абвяргае словы А. Лукашэнкі: Беларусь не мае высокаўзбагачанага ўрану:

Аляксандар Вайтовіч
"У нас ёсьць каля 90 кіляграмаў урану, ён нізкаўзбагачаны і не прыдатны для таго, каб рабіць зь яго бомбы. Каб зрабіць яго зброевым, трэба прайсьці пэўны тэхналягічны цыкл, якім мы ў Беларусі не валодаем".

Паводле А. Вайтовіча, адзінае ў Беларусі сховішча ўрану знаходзіцца ў Соснах, у цэнтры энэргетыкі і ядзерных дасьледаваньняў. Там нізкаўзбагачанае ядзернае паліва сапраўды знаходзіцца пад кантролем МАГАТЭ. Яно было завезенае для малагабарытнага перасоўнага рэактара "Памір", які распрацоўваўся ў Беларусі. На пачатку 90-х гадоў гэтыя распрацоўкі былі спыненыя.

У самім цэнтры ў Соснах навіну пра зброевы ўран успрынялі са зьдзіўленьнем:

"Туфта гэта… Праходзілі мы гэта ў 1996 годзе ці 2000-м, калі прэзыдэнт быў тут, прэса рознае пісала: і пра 600 атамных бомбаў у Соснах, і іншае. Гэта ўсё глупства… Хтосьці падаў яму такую інфармацыю, у нас жа ёсьць такія. Для прыгожага слоўца пададуць, як пасьля таго ягонага візыту прэса столькі пісала. Тады таксама даводзілася, як кажуць, адбівацца".

Фізык-ядзершчык Станіслаў Шушкевіч таксама лічыць непраўдзівымі заявы А. Лукашэнкі пра высокаўзбагачаны ўран.

Станіслаў Шушкевіч
"Гэта бязглузьдзіца. Чалавек не ўяўляе розьніцы паміж брудным ардынарным радыеактыўным рэчывам і ўзбагачаным уранам, і тым больш зброевым уранам. Каб мець столькі зброевага ўрану, трэба мець магутную вытворчасьць… Гэта як зблытаць золата з саломай".

Што да заяваў Лукашэнкі пра тое, што ён шкадуе наконт вываду ядзернай зброі зь Беларусі, то спадар Шушкевіч заявіў, што ён абяцаў такі вывад яшчэ падчас перамоў у Віскулях у 1991-м:

"Мы былі нацыяй, якая была б зьнішчаная цалкам, каб пачаўся нейкі сусьветны канфлікт. Таму што на тэрыторыі Беларусі было сканцэнтравана столькі ядзернай зброі, што трэба было зьнішчаць гэты ядзерны пляцдарм. Ён страшыў увесь сьвет. Расея нас зрабіла закладнікамі гэтай ядзернай сытуацыі, і таму трэба было выводзіць. І Вярхоўны Савет падтрымаў, ратыфікаваў усе дакумэнты аб вывадзе ядзернай зброі".

Што да слоў Лукашэнкі пра неатрыманьне Беларусьсю кампэнсацыі за ядзерную зброю, то С. Шушкевіч нагадвае, што ЗША ў рамках закону Нана-Лугара выдзелілі Беларусі каля 60 мільёнаў даляраў. Апрача таго, Расея, калі падпісвала ў 1996 годзе дамову пра сьпісаньне 1 мільярда даляраў беларускага доўгу, таксама ўлічвала вывад ядзернай зброі зь Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG