Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лёс беларускамоўнай клясы ў Магілёве вырашыцца 23 красавіка


Аляксей Бацюкоў
Аляксей Бацюкоў

Сёньня ў Магілёве, у мясцовым тэхналягічным парку, бацькі будучых беларускамоўных першаклясьнікаў, грамадзкія актывісты, настаўнікі, якія ў сваёй практыцы карыстаюцца беларускай моваю, дамаўляліся, як будуць дзейнічаць на сустрэчы з чыноўнікамі гарадзкога аддзелу адукацыі. На ёй будуць абмяркоўвацца пэрспэктывы адкрыцьця ў абласным цэнтры беларускамоўнай клясы.


На сход прыйшлі два дзясяткі людзей, неабыякавых да сытуацыі зь беларускамоўным школьніцтвам у Магілёве. З іх, аднак, было толькі трое бацькоў, у якіх сёлета дзеці выправяцца ў першую клясу. Адсутнасьць увагі да сходу не зьдзівіла яго ініцыятара, літаратара Аляксея Бацюкова, у якога сёлета сын ідзе ў школу:

«Гэта з-за закрытасьці нашага грамадзтва. У нас адсутнічаюць такія сродкі сацыяльнага шырокага кантакту, якія ёсьць у дзяржаўных інстытуцыяў. Што мы можам зрабіць? Я ж не магу хадзіць па вуліцы і прыставаць да людзей, у якіх я бачу маленькую дзяўчынку ці хлопчыка. Гэта зусім ня тая праца. Ёсьць сыстэма адукацыі, якая б магла маніторыць праблему. Чаму б ёй гэтым не займацца?»

Чыноўнікі гарадзкога аддзелу адукацыі адмовіліся прыйсьці на сход, бо ён не афіцыйнае мерапрыемства. 23 красавіка яны пагадзіліся сустрэцца ў трэцяй гімназіі і ўжо там пагаварыць пра пэрспэктывы адкрыцьця беларускамоўнай клясы.

Чаго патрабаваць ад чыноўнікаў і вырашалі на сходзе. Абмеркаваньне цягнулася каля дзьвюх гадзінаў і было ня простае. Нават у трох прысутных бацькоў не было адназначнага адказу, ці гатовыя яны адстойваць беларусізацыю хаця б адной клясы.

«Тут усё так вясёлкава расказалі, што будзе кляса вялікая і я буду ўсё рабіць, каб яна была, бо мне гэтага хочацца. Калі там будзе пяць чалавек, я сваю дачку гатовая аддаць, калі ж там будзе адзін вучань ці два, я ня згодная аддаваць.
Калі там будзе пяць чалавек, я сваю дачку гатовая аддаць, калі ж там будзе адзін вучань ці два, я ня згодная аддаваць.
Дзеці ж ідуць у школу ня толькі дзеля ведаў у гэтым узросьце. Яны ідуць таксама пакамунікаваць зь сябрамі, а калі ў яе ня будзе з кім камунікаваць, калі ў яе будзе кепскі псыхалягічны стан, яна ня будзе ўспрымаць веды. Вось і ўсё», — зазначае маці будучай першаклясьніцы Надзея Салаўёва.

Патрабаваньні да чыноўнікаў усё ж удзельнікі сходу здолелі сфармуляваць. Пра іх кажа Аляксей Бацюкоў:

«Неабходнасьць сыстэмнасьці ў працы па адкрыцьці гэтых клясаў. Каб самі чыноўнікі ведалі, каб ведалі бацькі пэрспэктывы гэтага навучаньня. Якія гэта будуць клясы, дзе яны будуць адкрывацца і ці будуць наагул».

Сямнаццаць вучняў апошняй беларускамоўнай клясы ў Магілёве скончылі школу ў 2004 годзе. Летась чыноўнікі заяўлялі, што гатовыя былі адчыніць клясу зь беларускай мовай навучаньня нават для аднаго вучня. Аднак ахвотных вучыцца па-беларуску не знайшлося. У Магілёве ёсьць адна беларускамоўная група ў дзіцячым садку № 81. Яе наведваюць пяцёра дзетак. Пэрспэктывы гэтай групы ня пэўныя.

Беларускамоўных клясаў няма і ў Бабруйску. Адна кляса зь беларускай мовай навучаньня ёсьць у райцэнтры Горкі. У мясцовай чацьвёртай школе ў шостай клясе вучацца пяцёра школьнікаў. Усе беларускамоўныя школы — на вёсцы. Штогод іх становіцца ўсё меней. Летась зачыніліся трынаццаць малакамплектных беларускамоўных школ у чатырох раёнах вобласьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG