Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёўскія школьнікі пачнуць вучыцца па-беларуску


Беларускамоўны садок у Магілеве

Беларускамоўны садок у Магілеве

Упершыню за пятнаццаць гадоў у Магілёве можа зьявіцца беларускамоўная кляса.


Пра намер адкрыць яе заявілі ў аддзеле адукацыі Ленінскага раёну абласнога цэнтру. Чыноўнікі запэўніваюць, што гатовыя вучыць па-беларуску нават адно дзіця. Паводле іх, у школах гораду ўжо пачалося інфармаваньне бацькоў пра набор у клясу.

СЛУХАЦЬ:


Ініцыявалі адкрыцьцё беларускамоўнай клясы ў Магілёве муж і жонка Бацюковы. Іх сын Мікола больш за два гады наведвае адзіную ў Магілёве беларускамоўную групу дзіцячага садка № 81.

Алесь Бацюкоў
“Ведаючы, што з бухты-барахты ў нас хутка ня робіцца, я напісаў заяву з просьбай прыняць Колю ў беларускамоўную клясу. Мне празь месяц прыйшоў адказ, што, маўляў, без праблемаў будзе фармавацца такая кляса на базе восьмай школы. Цяпер абмяркоўваецца пытаньне камплектацыі гэтай школы — што за дзеці туды будуць хадзіць, чакаюцца заявы ад іншых бацькоў”, — кажа Аляксей Бацюкоў.

Заява Бацюковых пакуль адзіная ў аддзеле адукацыі.

“Мы распаўсюдзілі паведамленьне па ўсіх школах для таго, каб вывучыць запыты бацькоў па гэтым пытаньні. Чакаем водгукаў ад бацькоў. Адміністрацыі школ праводзяць гэтую працу. На бацькоўскіх сходах мы будзем пра гэта гаварыць і будзем набіраць такую клясу. Але ў любым выпадку, нават калі не набяром, для аднаго дзіцяці мы будзем шукаць магчымасьці для адкрыцьця клясы”, — зазначае намесьніца начальніка аддзелу адукацыі Людміла Кавалёва.

На пачатку дзевяностых у восьмай школе ўжо былі беларускамоўныя клясы. У 1994 годзе іх зачынілі, нібыта згодна з патрабаваньнямі бацькоў. У адміністрацыі, аднак, пра тыя клясы ня памятаюць.

“Напэўна, спроба такая была. Калісьці ж гэтыя клясы ўжо ўваходзілі ў моду. Таму нездарма, я думаю, аддзел адукацыі спыніўся на нас. Мы праводзім бацькоўскі сход для першаклясьнікаў, і завуч выходзіць з прапановай да бацькоў. Хто выкажа жаданьне — калі ласка. Калі гэта будзе адно-два дзіцяці, усё адно кляса будзе функцыянаваць”, — запэўнівае дырэктарка школы № 8.

Восьмая школа знаходзіцца ўдалечыні ад бальшыні магілёўскіх раёнаў. Гэта можа стаць праблемай для фармаваньня клясы, лічыць адзін з ініцыятараў стварэньня ў Магілёве беларускамоўнай групы ў дзіцячым садку Зьміцер Салаўёў:

Зьміцер Салаўёў
“Кляса — гэта ня тое, што садок. Калі ў садок заводзіш дзіця на цэлы дзень, то ў пачатковых клясах сканчаюцца заняткі недзе ў абед. Проста фізычнай магчымасьці ў бацькоў, якія жывуць далёка, забіраць дзяцей ня будзе. Магчыма тут як выйсьце адкрыцьцё дзьвюх-трох клясаў па горадзе”.

Паводле суразмоўцы, беларускамоўная грамада ў Магілёве прыкладзе максымум намаганьняў, каб у адзіным беларускамоўным клясе вучылася як мага больш дзяцей.

Сярод гарадоў Магілёўшчыны толькі ў Горках на сёньня ёсьць беларускамоўныя клясы. Іх дзьве. У чацьвёртай горацкай школе ў адзінаццатай клясе вучацца чацьвёра вучняў, а ў пятай — пяцёра. Клясы адчынілі на патрабаваньне сям’і Каральковых.

Што да адзінай беларускамоўнай групы “Вясёлка” ў дзіцячым садку, якую адчынілі ў Магілёве ў сьнежні 2007 году, то яе на сёньня наведваюць шасьцёра дзетак.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG