Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калінкіна: Справа Каржа — падстава, каб “наехаць” на незалежныя сайты


Паводле журналістаў, якія трапілі пад ператрусы і на допыты, так званая «паляўнічая» справа была толькі нагодай, каб распачаць атаку на незалежныя інфармацыйныя інтэрнэт-сайты. Пра гэта, на іх думку, сьведчаць і выказваньні Аляксандра Лукашэнкі падчас сустрэчы зь першым намесьнікам прэм’ер-міністра Расеі Ігарам Шувалавым.


Кіраўнік Беларусі сёньня падчас сустрэчы зь з першым намесьнікам прэм’ер-міністра Расеі Ігарам Шувалавым наконт ператрусаў у журналістаў сказаў:

«Я апошнім часам усё больш і больш назіраю за сытуацыяй у СМІ нашых, расейскіх. Нядаўна падняўся гвалт вакол сайтаў некаторых апазыцыйных газэт, журналістаў. У бліжэйшы час пасьля экспэртызы мы вас з імі азнаёмім, таму што цэнтры гэтых апазыцыйных кланаў знаходзяцца ў Расеі».

Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка паабяцаў сэнсацыю. У прыватнасьці ён сказаў:

«І ад таго, што мы пакажам вам і Захаду, абавязкова, вы можаце наогул «выпасьці ў асадак», наколькі скурную пазыцыю могуць займаць асобныя дзеячы. Факт адзін — хто ім грошы плаціць, на таго яны і працуюць».

Павал Шарамет
Павал Шарамет, якога днямі пазбавілі беларускага грамадзянства і распачалі ў дзяржаўных СМІ піяр-кампанію супраць назвы сайту «Белпартызан», камэнтуючы гэтыя заявы, прыгадаў, што гэта ня першы выпадак, калі спадар Лукашэнка абяцаў агучыць нейкую сэнсацыйную інфармацыю.

Але ён, як і ягоныя беларускія калегі, лічыць, што ператрусы ў журналістаў насамрэч зьвязаныя са спробай сарваць працу інфармацыйных інтэрнэт-сайтаў, а ня пошукамі фактаў у «паляўнічай» справе:

«У пэўны момант склалася некалькі фактараў, якія прывялі да такіх неадэкватных паводзінаў беларускіх уладаў. Першы фактар — гэта выбары. Нягледзячы на тое, што да прэзыдэнцкіх выбараў яшчэ паўгода, мы бачым прыкметы дзяржаўнай гістэрыі.

Другі фактар — гэта зьмена пакаленьняў і прыход у сілавыя структуры абсалютна непадрыхтаванай, непісьменнай моладзі. У іх галавакружэньне ад улады. Пасьля перамогі над Навумавым, над іншымі старымі генэраламі яны вырашылі, што ўсё могуць. Яны робяць адну памылку за другой — адзін скандал за другім.

Трэці момант — абвастрэньне адносінаў паміж Менскам і Масквой. На гэтым гуляюць маладыя чэкісты. Яны кажуць Лукашэнку, які патрабуе ад іх тлумачэньня, што ўсё гэта спэцапэрацыя ФСБ, расейскіх спэцслужбаў і г. д.».

Сьвятлана Калінкіна
Шэф-рэдактарка «Народнай Волі» Сьвятлана Калінкіна сёньня наведала сьледчага Аляксандра Пусева:

«Пасьля сёньняшняга допыту ў міліцыі я пераканалася, што справа за паклёп на Каржа — гэта падстава, каб «наехаць» на апазыцыйныя і незалежныя сайты, а таксама на журналістаў, якія пішуць пра гучныя справы, палітыку, вострыя матэрыялы.

Усе гэтыя ператрусы і канфіскацыя кампутараў сьведчаць пра падрыхтоўку палітычнай кампаніі да прэзыдэнцкіх выбараў, пошук тых крыніц незалежнай інфармацыі, якія могуць працаваць у такі важны пэрыяд».

Што да абяцаньняў Лукашэнкі абнародаваць сэнсацыйную інфармацыю наконт таго, што расейцы кіруюць апазыцыйнымі сайтамі, Сьвятлана Калінкіна выказала такое меркаваньне:

«Гэта сьведчаньне таго, што Аляксандар Лукашэнка, па-першае, баіцца, што на гэтых выбарах Расея стане сур’ёзным палітычным гульцом, а, па-другое, на самой справе экспэртызы ўсёй нашай тэхнікі даўно скончаны і яму нешта на гэты конт дакладалі. Зразумела, што ў апошнюю чаргу Лукашэнку цікавіць, ці не паклёпнічалі мы на Івана Каржа.

Што да таго, што маглі знайсьці ў кампутарах, то скажу шчыра, што я ніколі не хваліла гэтую ўладу ні ў сваёй перапісцы, ні ў сваіх публікацыях. І яны нічога новага пра маю палітычную пазыцыю не даведаюцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG