Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Халіп, Калінкінай і Радзінай кампутараў не вярнулі


Ператрус у рэдакцыі "Народнай Волі" 16 сакавіка 2010 года.

Ператрус у рэдакцыі "Народнай Волі" 16 сакавіка 2010 года.

Ірына Халіп, Сьвятлана Калінкіна і Натальля Радзіна наведалі міліцыю Першамайскага раёну Менску. Сьледчы Гомельскага ўпраўленьня ўнутраных спраў Аляксандар Пусеў азнаёміў іх з пастановай аб тым, што ўсе электронныя носьбіты інфармацыі будуць захоўвацца ў міліцыі на той час, пакуль будзе доўжыцца экспэртыза. Калі ж там знойдуць інфармацыю, датычную “паляўнічай” справы, то іх пакінуць у якасьці рэчавых доказаў. Кампутарную тэхніку ў журналістак забралі падчас ператрусу 16 сакавіка.


Першай на допыт выклікалі журналістку Ірыну Халіп. 16 сакавіка падчас ператрусу на кватэры Ірыны міліцыянты забралі каля 60 кампакт-дыскаў, 47 старых дыскет і кампутар.

Нагадаем: 16 сакавіка адбыліся ператрусы на кватэрах шэф-рэдактара “Народнай Волі” Сьвятланы Калінкінай, журналісткі газэты Марыны Коктыш, уласнай карэспандэнткі “Новай газэты” Ірыны Халіп і журналісткі сайту “Хартыя'97” Натальлі Радзінай. Сьледчыя патлумачылі, што дзейнічаюць у рамках так званай “паляўнічай” справы, якая набыла розгалас у грамадзтве.

Самі ж журналісткі лічаць, што ператрусы зьвязаныя з жаданьнем уладаў зьнішчыць апошнія выспы свабоды слова ў Беларусі.

Ірына Халіп у кабінэце сьледчага азнаёмілася з пастановай аб прызначэньні тэхнічнай экспэртызы:

“Супрацоўнік Гомельскага УУС Аляксандар Пусеў азнаёміў мяне з тэкстам пастановы аб прызначэньні тэхнічнай экспэртызы кампутара і ўсіх інфармацыйных носьбітаў, якія знайшлі падчас ператрусу ў маёй кватэры.

Усё гэта пойдзе на экспэртызу ў Экспэртна-крыміналістычны цэнтар Рэспублікі Беларусь. Пасьля гэтага, як сказаў мне Пусеў, усё вернуць, а магчыма, яны будуць фігураваць у крымінальнай справе ў якасьці доказаў”.

Пасьля Ірыны Халіп да сьледчага пайшла Сьвятлана Калінкіна. Яе таксама азнаёмілі з пастановай на тэхнічную экспэртызу і вярнулі толькі тэлефонныя нататнікі. Флэшкі і кампутары пакінулі для экспэртызы.

Сьвятлана Калінкіна выказала зьдзіўленьне тым, што сьледчы не пагадзіўся вярнуць дыктафон.

“Было заяўлена, што мой дыктафон далучаны да справы як нейкі доказ. Ня ведаю, чаго гэта можа быць доказам, бо на ім тры інтэрвію — з амбасадарам, з апазыцыйным палітыкам і з адвакатам.

Ні да Каржа, ні да ягоных сваякоў, ні да ягоных знаёмых (я зь імі не сустракалася) гэтыя інтэрвію ня могуць мець ніякага дачыненьня.

Сьледчы на маё хадайніцтва аб тым, што я хачу прысутнічаць, каб нешта патлумачыць экспэртам, калі ў іх узьнікнуць нейкія пытаньні, адказаў, што ён супраць. Казаў, што гэта пашкодзіць расьсьледаваньню і ён гэтага не дазволіць”.

У адрозьненьне ад Сьвятланы Калінкінай і Ірыны Халіп, якіх дапыталі яшчэ 26 сакавіка, Натальля Радзіна прыйшла на допыт першы раз. 16 сакавіка, калі міліцыянты ўварваліся ў офіс “Хартыі'97”, Натальлю ўдарылі па твары. Сьледчы Аляксандар Пусеў абурыў Натальлю выказваньнем, што яна сама сабе намалявала сіняк.

“Сьледчы сказаў мне, што я вельмі няўдала намалявала сабе “фінгал”. Гэта мяне вельмі абурыла. Ёсьць жа заключэньне судмэдэкспэртызы аб тым, што ў мяне быў сіняк пад вокам. Калі сьледчы не зьвяртае ўвагі на заключэньне экспэртызы і робіць такія заявы, то ў мяне ўзьнікае сумнеў наконт таго, наколькі аб'ектыўна вядзецца гэтая справа”.
Сьледчы сказаў мне, што я вельмі няўдала намалявала сабе “фінгал”. Гэта мяне вельмі абурыла.


Натальля Радзіна зазначыла, што большасьць пытаньняў сьледчага тычыліся ня столькі справы Каржа, колькі працы сайту “Хартыі'97”".

“Вельмі шмат пытаньняў было наконт працы сайту. Больш, на жаль, я нічога не магу сказаць, бо давала падпіску аб неразгалошваньні дадзеных сьледзтва. У пратаколе ў канцы я напісала: “Зьвяртаюся да праваахоўных органаў, пакінуць журналістаў у спакоі, бо яны ні ў чым не вінаватыя. Я абяцаю, што на сайце “Хартыі'97” ня зьявіцца лістоў сваякоў арыштаваных супрацоўнікаў міліцыі, КДБ, пракуратуры. Раю супрацоўнікам праваахоўных органаў адстойваць свае правы самастойна”.

Наступны допыт журналістак можа адбыцца пасьля правядзеньня тэхнічнай экспэртызы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG