Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура абвяргае чуткі пра зьяўленьне ў Магілёве сэрыйнага маньяка


Ля уваходу кожнага пад’езду дамоў на вуліцы Фаціна расклееныя абвесткі з прыкметамі дзьвюх жанчын, магчыма, забітых у гэтым раёне.
Ля уваходу кожнага пад’езду дамоў на вуліцы Фаціна расклееныя абвесткі з прыкметамі дзьвюх жанчын, магчыма, забітых у гэтым раёне.

На працягу тыдня ў раёне магілёўскай вуліцы Фаціна знайшлі два расчлененыя целы жанчын. Пракуратура вобласьці абвяргае чуткі пра зьяўленьне ў Магілёве сэрыйнага маньяка. Крымінальныя справы, распачатыя па фактах знойдзеных целаў, аб’яднаныя ў адну. Паводле адной з вэрсіяў, забіць жанчын мог чалавек з псыхічнымі адхіленьнямі.

Першае цела знайшлі 23 сакавіка. Як вызначыла сьледзтва, забітая жанчына, 1975 году нараджэньня, вяла асацыяльны лад жыцьця. Прапісаная яна была на вуліцы Маўчанскага, непадалёк ад месца жахлівай знаходкі.

31 сакавіка каля дома № 6 па вуліцы Фаціна знайшлі другое цела. Таксама расчлененае.

«Там ні галавы не было, нічога, толькі шкілет. Гэта ўчора раніцай. Гадзіне а сёмай. Я толькі пачала месьці, да мяне падыходзіць жанчына з сабачкам і кажа. Там кавалак загорнуты ляжаў. Акрываўлены. Толькі кроў была ня сьвежая. Сухая. Толькі столькі было міліцыі. З сабакамі. З аўтаматамі. Па падвалах лазілі. Сьметніцы ўсе трэсьлі», — паведаміла сьмяцярка з вуліцы Фаціна.

Чуткі пра сэрыйнага маньяка абласная пракуратура абвяргае:

«Органы папярэдняга расьсьледаваньня не валодаюць аб’ектыўнымі фактамі для пацьвярджэньня дадзенага факту, таму казаць, што ў Магілёве дзейнічае сэрыйны маньяк-забойца, няма абсалютна ніякіх падставаў. Абодва забойствы ўчыненыя ў адзін і той жа дзень і прыблізна ў адным і тым жа месцы», — цытуюць афіцыйныя крыніцы старшую намесьніцу пракурора вобласьці Алу Кузьняцову.

Абвяргаюцца чуткі й пра трэцяе знойдзенае цела.

Ля ўваходаў у дамы па вуліцы Фаціна расклееныя абвесткі з прыкметамі дзьвюх жанчын, якія зьніклі бязь зьвестак і, магчыма, забітыя ў гэтым раёне. Міліцыянты абыходзяць кватэры. Хады ў падвалы апячатаныя. Бакі са сьмецьцем вывезуць толькі пасьля дагляду іх зьмесьціва міліцыянтамі. Выпраўляюцца хібы й у дваровым асьвятленьні. Людзі напружаныя. Жанчыны наагул адмаўляюцца гаварыць на трывожную для іх тэму. Больш гаваркія мужчыны. Іх меркаваньні разыходзяцца з афіцыйным:

«Магчыма, маньяк. Для таго каб лавіць маньякаў, ува ўсім сьвеце ствараюцца спэцыяльныя службы. У нас жа маньякаў не было шмат. Жанчынам павінна быць страшна. Ім ня трэба лазіць па цемры, каб хадзілі цьвярозымі, каб нядбайнымі не былі. Больш падстаў меркаваць, што жанчыны — мэта», — мяркуе жыхар вуліцы Фаціна.

Ня стрымлівае сябе ў выказваньнях і жыхар дома № 6, пад якім знайшлі другое цела:

«Маньякі тут завяліся. Ну, а хто? То адзін там знайшлі пад мостам, цяпер во тут знайшлі. Сьмяцярка ўвечары прыбірала — нічога не было, а раніцай — калі ласка. Такі раён спакойны быў. Усё ціха».

Міліцыя абяцае прыкласьці ўсе намаганьні, каб знайсьці забойцу. Крымінальныя справы распачатыя паводле артыкула «Забойства пры абцяжваючых абставінах з асаблівай жорсткасьцю». Іх вядзе аддзел асабліва цяжкіх злачынстваў абласной пракуратуры. Паводле міліцыі, такіх злачынстваў у Магілёве не было гадоў дзесяць.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG