Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь “працягвае руку дружбы” ЗША, каб тыя не заміналі вэнэсуэльскім праектам?


Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь гатовая працягнуць руку дружбы амэрыканскім партнэрам. Чаму менавіта зараз афіцыйнаму Менску патрэбнае паляпшэньне стасункаў з Вашынгтонам? Ці могуць ЗША пры жаданьні перашкодзіць беларуска-вэнэсуэльскім нафтавым праектам? Як адміністрацыя Абамы можа адказаць на сёньняшнія заклікі Аляксандра Лукашэнкі? На гэтыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітолягі Андрэй Фёдараў і Дзяніс Мельянцоў.

Андрэй Фёдараў
Дзяніс Мельянцоў
Віталь Цыганкоў

«Нафту, якую Беларусь будзе здабываць у Вэнэсуэле, хутчэй за ўсё, давядзецца прадаваць ЗША»


Цыганкоў: «Ці накіраваныя гэтыя заявы Лукашэнкі пераважна на тое, каб атрымаць амэрыканскія інвэстыцыі, альбо задача стаіць больш маштабная — палепшыць і палітычныя дачыненьні? Чаму менавіта зараз гэта стала вельмі актуальным для Менску?»

Мельянцоў: «Усё ж варта памятаць, што гэтая сустрэча адбылася не з прадстаўнікамі амэрыканскай адміністрацыі альбо палітыкамі. Сустрэча адбылася зь бізнэсмэнамі, прадстаўнікамі кампаніяў. Вядома ж, гэта мэсыдж і да палітычнай эліты, і да кіраўніцтва ЗША — але нельга перабольшваць гэты крок Беларусі ў бок ЗША.

Безумоўна, Менску трэба ад ЗША ня толькі эканамічная дапамога, бо ЗША могуць спрыяць таму, каб Беларусь атрымлівала і інвэстыцыі, і крэдыты. Варта адзначыць, што тую нафту, якую Беларусь будзе здабываць у Вэнэсуэле, хутчэй за ўсё, давядзецца прадаваць Злучаным Штатам, бо ідэя дастаўляць яе ў Беларусь — хутчэй палітычная бурбалка, чым рэальны праект.

Што да палітычных пажаданьняў Менску да Вашынгтону, то Беларусь працягвае дывэрсыфікаваць сваю замежную палітыку. Трэба паляпшаць адносіны з ЗША, каб балянсаваць уплыў Расеі, трэба выходзіць зь міжнароднай ізаляцыі, у якой Беларусь апынулася. У гэтых варунках санкцыі ЗША, накладзеныя на беларускія прадпрыемствы, — гэта таксама палітычны ўчынак, а ня толькі эканамічны. І Беларусь вельмі зацікаўленая, каб санкцыі былі зьнятыя».

Цыганкоў: «Вы адзначылі тое, што беларускую нафту з Вэнэсуэлы якраз давядзецца прадаваць у ЗША. Ці могуць ЗША перашкодзіць беларуска-вэнэсуэльскім нафтавым схемам? Ці не таму з вуснаў Лукашэнкі гучаць словы пра „руку дружбы“?»
Адна з матывацыяў добрых слоў Лукашэнкі пра ЗША — гэта жаданьне бесьперашкодна прадаваць беларускую нафту.


Мельянцоў: «Вядома, амэрыканцы могуць перашкодзіць гэтым праектам. Бо паводле „Акту аб дэмакратыі ў Беларусі“ ўрад ЗША не рэкамэндуе сваім бізнэсоўцам удзельнічаць у гандлі зь Беларусьсю і дапамагаць яе ўраду. Такім чынам, дастаткова лёгка адсачыць, якая нафта беларуская, і ЗША могуць яе продаж заблякаваць. Натуральна, што Беларусь можа ўключыць разнастайныя схемы, але ўсё роўна такая перасьцярога ёсьць. Таму, я мяркую, адна з матывацыяў добрых слоў Лукашэнкі пра ЗША — гэта жаданьне бесьперашкодна прадаваць беларускую нафту».

«Не такое жорсткае стаўленьне чакаецца да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі»


Цыганкоў: «Андрэй, ваша тлумачэньне, чаму беларускі бок працягвае „руку дружбы“ амэрыканцам?»

Фёдараў: «Эканамічнае становішча ня вельмі добрае, расьце адмоўнае гандлёвае сальда. Пагоршыліся зноў адносіны з Расеяй, пра што сьведчыць падача беларускім бокам дакумэнтаў у Эканамічны суд СНД наконт мыта на нафтапрадукты. Таму эканамічная падтрымка ЗША зараз вельмі неабходная.

Што да палітычнага боку, то Менску хацелася б, каб ЗША пайшлі на паляпшэньне адносінаў. Але гэта не галоўнае для беларускай улады. Галоўнае — каб ЗША не перашкаджалі сёньняшняй уладзе рабіць тое, што яна робіць ва ўнутрыпалітычным жыцьці. Таму калі ў палітычным сэнсе адносіны істотна не палепшацца, тут асаблівых перажываньняў у Менску ня будзе».

Цыганкоў: «Аляксандар Лукашэнка ў сваім палітычным стылі рабіў камплімэнты на адрас прэзыдэнта ЗША Абамы, заявіўшы, што „у яго погляд на сьвет больш адэкватны і дэмакратычны, не абцяжараны перажыткамі халоднай вайны“. Як адміністрацыя ЗША можа адрэагаваць на сёньняшнія заявы Лукашэнкі?»

Мельянцоў: «Я думаю, што кардынальным чынам палітыка новай адміністрацыі ЗША адносна Беларусі ня будзе моцна зьмененая. Але ёсьць два моманты. Па-першае, у адміністрацыі Абамы нашмат менш фокусу, увагі да Беларусі — увогуле ў яе менш увагі да дэмакратызацыі іншых краінаў. Таму цікавасьць да Беларусі будзе ніжэйшая, і не такое жорсткае стаўленьне чакаецца да парушэньня правоў чалавека ў Беларусі.

Па-другое, ЗША пачалі „перазагрузку“ адносінаў з Расеяй. І ў гэтым кантэксьце ЗША могуць пайсьці на зьмяншэньне градусу рыторыкі адносна афіцыйнага Менску. І, у прынцыпе, для Беларусі гэта будзе дастаткова. Палітычныя адносіны будуць не на вельмі высокім узроўні, але Вашынгтон ня будзе жорстка крытыкаваць беларускія ўлады за парушэньне правоў чалавека».

«Пакуль Менск ня дасьць дазволу на вяртаньне амэрыканскіх дыпляматаў, нельга чакаць істотных зрухаў»


Фёдараў: «Вашынгтон, выглядае, сапраўды ня будзе моцна пярэчыць тым бізнэсовым структурам, якія захочуць прыйсьці ў Беларусь. Іншая справа, што ў мяне ёсьць вялікія сумневы, ці яны самі захочуць ісьці ў Беларусь, бо эканамічныя правілы тут пакуль не зусім адпавядаюць стандартам і нормам, да якіх прызвычаіліся заходнія інвэстары.

Так, новая адміністрацыя паводзіць сябе па-іншаму, не пэдалюе публічна сытуацыю з правамі чалавека. Але калі ўзгадаць апошнюю справаздачу Дзярждэпартамэнту ЗША аб становішчы з правамі чалавека ў сьвеце, то Беларусь выглядае там вельмі кепска.

Таму я не чакаю значных зрухаў у палітычных адносінах. Пакуль беларускі бок ня дасьць дазволу на вяртаньне сюды ў амбасаду амэрыканскіх дыпляматаў, нельга чакаць істотных зрухаў. Менск настойвае, што першы крок тут мусіць зрабіць Вашынгтон. І гэтае патавае становішча, як мне здаецца, можа працягнуцца даволі доўгі час».
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG