Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка гатовы працягнуць руку дружбы амэрыканцам


Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка

"Зь цяперашняй адміністрацыяй мы ужо пачалі асьцярожныя размовы і гатовыя працягнуць руку дружбы амэрыканскім партнэрам".


Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка ў Менску ў часе сустрэчы зь кіраўнікамі шэрагу буйных амэрыканскіх кампаніяў.

Лукашэнка разьлічвае, што буйны амэрыканскі бізнэс можа аказаць станоўчы ўплыў на нармалізацыю стасункаў паміж краінамі, паведамляе Інтэрфакс.

"Мы спадзяемся, што буйны амэрыканскі бізнэс, прыйшоўшы ў нашую краіну і аб'ектыўна ацаніўшы ўсе пэрспэктывы і выгады супрацоўніцтва, зможа аказаць станоўчы ўплыў на нармалізацыю двухбаковых адносінаў", - заявіў Лукашэнка.

"Гэта ненармальна, калі дзьве цывілізаваныя дзяржавы, якія разам ваявалі супраць фашызму, сёньня знаходзяцца па розныя бакі барыкадаў”, – заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік краіны сказаў, што ў Беларусі асаблівыя надзеі зьвязваюць з новай адміністрацыяй ЗША.

"Я схільны меркаваць, што ў прэзыдэнта Абамы погляд на сьвет больш адэкватны і дэмакратычны, не абцяжараны перажыткамі халоднай вайны і агрэсіўнымі ідэалягічнымі падыходамі да вырашэньня міжнародных пытаньняў", - адзначыў Лукашэнка.

“Мы павінныя ўвайсьці ў новую эпоху адносінаў, заснаваных на ўзаемных інтарэсах і ўзаемнай павазе ", - працытаваў А. Лукашэнка выказваньні прэзыдэнта ЗША.

Пры гэтым кіраўнік Беларусі падкрэсьліў, што "гэты падыход цалкам сугучны прынцыпам міждзяржаўнага супрацоўніцтва, якімі кіруецца Беларусь”.


Лукашэнка зацікаўлены ў тым, каб прыцягнуць амэрыканскія інвэстыцыі


“Мы спадзяемся, што буйны амэрыканскі бізнэс, прыйшоўшы ў нашую краіну і аб'ектыўна ацаніўшы ўсе пэрспэктывы і выгады супрацоўніцтва, зможа зрабіць станоўчы ўплыў на нармалізацыю двухбаковых адносінаў”, — заявіў Лукашэнка.

“Мы прапануем са свайго боку цэлы спэктар прапаноў для супрацоўніцтва. Адзіная ўмова: не ідзіце да нас як да трэцяступеннай дзяржавы, вы ідзіце да нас, як у сваю краіну, паважаючы наш народ”, — прапанаваў А. Лукашэнка.

“Поле дзейнасьці ў Беларусі: ад будаўніцтва авіязаводу, узьлётна-пасадачных палосаў, інфармацыйных тэхналёгіяў да будаўніцтва атамных станцый (…) Калі вы зацікаўленыя ў гэтым рынку, прыходзьце — і вам будуць створаны спрыяльныя ўмовы”, — паабяцаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён ня выключыў, што “па кожнай вашай прапанове могуць быць падпісаныя адпаведныя ўказы, у якіх будуць прапісаныя палёгкі і абавязаньні бакоў”.

“Я вітаю стварэньне Рады дзелавога супрацоўніцтва “Беларусь — ЗША” і жадаю ёй пасьпяховай дзейнасьці”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.




"Абодва бакі выразна разумеюць, што існуючыя паміж намі адносіны не задавальняюць ні адзін, ні другі бок. Абодва бакі разумеюць, што з гэтым трэба нешта рабіць", - заявіў 27 сакавіка міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў.

Мартынаў назваў гэты працэс "дастаткова складаным", бо "завалы, якія назапасіліся ў нашых адносінах, настолькі вялікія, што прыбраць іх дастаткова цяжка".

"Складана знаходзіць формулы, паводле якіх можна знайсьці такія рашэньні, якія задаволяць і беларускі бок, і амэрыканскі", дадаў міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў.

12 чэрвеня 2009 году Прэзыдэнт ЗША Барак Абама на год прадоўжыў дзеяньне указу пра арышт уласнасьці “шэрагу асобаў, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі”, што знаходзіцца на тэрыторыі або пад юрысдыкцыяй ЗША.

Дачыненьні з ЗША былі сапсаваныя яшчэ ў сярэдзіне 90-х гадоў. А увядзеньне санкцый супраць канцэрну “Белнафтахім” на пачатку 2008 году прывяло да дыпляматычнага канфлікту.

Амбасадарка ЗША Карэн Ст’юарт вымушана была пакінуць Беларусь, а склад амбасады значна зьменшыўся. Амэрыканскі бок увёў санкцыі, патрабуючы вызваленьня палітвязьняў. Пасьля таго як апошні палітвязень зь міжнародна прызнанага сьпісу выйшаў на волю, ЗША прыпынілі санкцыі супраць двух беларускіх прадпрыемстваў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG