Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Салідарнасьць — гэта шлях да сапраўднай волі і дэмакратыі”


З нагоды дня абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка ў Менску адбылася масавая акцыя, арганізаваная лідэрамі дэмакратычнай апазыцыі. Перад пачаткам дазволенага ўладамі мітынгу каля Акадэміі навук супрацоўнікі міліцыі затрымалі аўтамабіль з узмацняльнай апаратурай, а затым перашкодзілі шэсьцю моладзі па вуліцах гораду. Слухачы «Свабоды» камэнтуюць гэтыя падзеі.

Спадар: «Ізноў чыноўнікі зь Менскага гарвыканкаму, зь іх шматлікімі несумленнымі падначаленымі, 25 сакавіка сарвалі апазыцыі і грамадзянам Беларусі ў Менску нават правядзеньне мітынгу, неабходнага і ў звычайных умовах, з нагоды Дня Волі».

Тацяна Барэль, Асіповічы: «Вялікае сьвята, калі пасьля мноства гадоў няволі ў расейскай імпэрыі зноў была адноўлена наша Незалежнасьць. Але інфармаванасьць насельніцтва нулявая: ні ўлётак, ні налепак. На плошчу перасталі хадзіць былыя кіраўнікі апазыцыі, для іх яно ўжо ня сьвята? Ці толькі сьвята ў келіху віна? На пляцы стаялі купкі людзей, зусім разьяднаныя, выступоўцаў не было чуваць. І адчуваньня сьвята не прыйшло. Шкада».

Ліна Масалкова: «Са сьвята Дня Волі вярталася дахаты вельмі радасная. Пляцоўка каля Акадэміі Навук уяўляла сабой вялікі бел-чырвона-белы кветнік. Усьмешлівыя твары людзей, што прыйшлі сюды, пацьвярджалі: Беларусь верыць у лепшыя часы. Салідарнасьць — гэта шлях да сапраўднай волі і дэмакратыі. Але ўключыла беларускае тэлебачаньне, якое часам гляджу, каб даведацца прагноз надвор’я, бо ўсё астатняе — салаўіныя трэлі пра подзьвігі першай асобы ў краіне. Як ён удзень і ўначы то ў Лацінскай Амэрыцы, то на горных курортах дбае пра любых яму дзяцей Беларусі. Сьмех і грэх. Вось і сёньня тое ж самае. Пра яго, непаўторнага, паўгадзіны — і пару хвілін пра мітынг. Аказваецца, прысутных тут было не 400, як заўсёды па інфармацыі прыкарытных карэспандэнтаў, а аж 500 разам з журналістамі і ахоўнікамі парадку. ў дагаварыліся. Сьведчу як удзельніца гэтай акцыі: толькі пэнсіянэраў і вэтэранаў было больш за тысячу, а людзей сярэдняга ўзросту ня менш. Пра моладзь нават цяжка сказаць, якая вялікая колькасьць. Таварыш Зімоўскі, хто ж вас так падстаўляе перад начальствам? Напэўна, у школе яны былі двоечнікамі па матэматыцы, а то і зусім ня маюць нават пачатковай адукацыі. Гэта ж трэба так хлусіць, так маніпуляваць лічбамі! Дзе тысячы, дзе сотні, чаму не паказалі ўсю плошчу, запоўненую людзьмі? Паказалі нейкі мантаж пятнаццацігадовай даўнасьці. Ідзіце прэч з тэлебачаньня, чым далей, тым лепш! Абураная рэжымным тэлебачаньнем!»

Спадарыня: «З самага пачатку арганізатары мітынгу ў Дзень Волі 25 сакавіка правалілі мітынг, дазволіўшы забраць у іх асноўны атрыбут мітынгаў — узмацняльную тэхніку. За яе трэба было змагацца, гэтая барацьба абавязкова павінна была быць зафіксавана ці на фота, ці на відэа. Адсутнасьць досьведу ў лідэра партыі БНФ навідавоку. Той, хто працягнуў Янукевіча ў лідэры, жадаў аслабіць такім чынам усю партыю БНФ. Лідэрамі павінны быць дасьведчаныя, мудрыя, прынцыповыя, сьмелыя палітыкі, якія не хапаюць дробныя, як косьці сабаку, кінутыя лукашэнкаўскія падачкі».

Выказваньне камэнтуе старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

«Віктар Івашкевіч, які дастаўляў апаратуру, мае належны досьвед у арганізацыі такіх мерапрыемстваў. І папракаць яго ў тым, што ён штосьці зрабіў ня так, было б недарэчным. Ну, і хацелася б зьвярнуцца да тых, хто выказвае такія меркаваньні, каб яны больш актыўна далучаліся да правядзеньня такіх імпрэзаў. Мы ахвотна прымаем парады і дапамогу. І хто можа зрабіць лепш — ніхто ня будзе адкінуты».

Нагадаю, што тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.


Яшчэ на гэтую тэму

XS
SM
MD
LG