Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чавусаў: “Фармальна магчымасьці апазыцыі павялічыліся”


Сёньня — апошні дзень рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых саветаў. І хаця афіцыйныя дадзеныя пра вынікі рэгістрацыі будуць пазьней, ужо відавочна — дэмакратычных кандыдатаў параўнальна зь мінулай аналягічнай кампаніяй будзе значна болей. Асабліва гэта заўважна ў сталіцы.

Паведамленьні з апазыцыйных партыяў сьведчаць — у Менску зарэгістравалі многіх дэмакратычных вылучэнцаў. Намесьнік старшыні сталічнай гарадзкой арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Канапацкі адзначае:

«У нас у Менску зь сямі кандыдатаў, паводле маёй інфармацыі, зарэгістравана шэсьць. Адмовілі, спаслаўшыся на недакладнасьці ў дэклярацыі аб маёмасьці, толькі Андрусю Крэчку — лідэру «Моладзі БНФ».

Сярод тых, каму выпісалі пасьведчаньне кандыдата ў дэпутаты, Аляксей Янукевіч, Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка ды іншыя.

Аляксандар Прушынскі
Граф Аляксандар Прушынскі, актывіст не зарэгістраванай дагэтуль партыі БХД, афіцыйна стаў кандыдатам у дэпутаты сталічнага гарсавету па Трактаразаводзкай выбарчай акрузе № 57. Былы грамадзянін Польшчы цяпер мае беларускае грамадзянства. Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына на мінулым тыдні падчас сваёй прэсавай канфэрэнцыі згадала прыклад Аляксандра Прушынскага (на той час яшчэ патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты) як спосаб рэалізацыі ў Беларусі польскага пытаньня.

Аляксандар Прушынскі кажа, што ў Трактаразаводзкай акрузе шмат інтэрнатаў, але грамадзкіх пральняў там няма. А вось у ЗША, дзе пэўны час пражываў кандыдат у дэпутаты, такія грамадзкія пральні існуюць у кожным пад’езьдзе. «У нас старшыня сталічнага выканкаму, мабыць, чакае каманды ад кіраўніка дзяржавы, а я буду прысьпяшаць ствараць такія пральні», — сказаў Аляксандар Прушынскі.

Дзесяць прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты ад БХД у Менску ўжо зарэгістраваныя, шасьці асобам у рэгістрацыі адмовілі.

Леў Марголін
Дзесяць афіцыйна зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты сталічнага гарадзкога савету мае і Аб’яднаная грамадзянская партыя. Намесьнік кіраўніка партыі Леў Марголін з гэтай нагоды адзначае:

«У нас такое ўражаньне, што ўлады адрэагавалі на тое, што зрабіла АГП — спыніла ўдзел у выбарах. Улада зрабіла захады для таго, каб зарэгістраваць фактычна ўсіх кандыдатаў, якія яшчэ засталіся. Вядома, што быць абранымі ад гэтага ў іх шанцы не павялічыліся. Але ўсё ж гэта працяг гульні ў лібэралізацыю».

Трох кандыдатаў на месцы ў сталічным гарсавеце мае Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя «Грамада». Гэта — Аляксей Сігаеў, Зьміцер Альшэўскі, а таксама Аляксандра-Вольга Тыгрыцкая.

Юры Чавусаў
Палітоляг Юры Чавусаў нечаканасьцяў у такой рэгістрацыі ня бачыць:

«Было заўважана ўжо на стадыі рэгістрацыі ініцыятыўных групаў, што працэнт адсеву сёлета будзе мінімальны — бадай што найменшы з 2003 году. Вырашана з фармальнага боку даваць усе магчымасьці апазыцыі карыстацца тымі фармальнымі працэдурамі, якія прадугледжаныя Выбарчым кодэксам.

Але гэта не замінае ў прынцыпе ажыцьцяўляць рэпрэсіўныя дзеяньні, ціск па-за межамі працэдураў, якія ўрэгуляваныя выбарчым заканадаўствам. Гэта і ціск на працы, і па месцы вучобы, перасьлед актывістаў, якія заангажаваныя ў гэтую выбарчую кампанію, кампанія запалохваньня... Гэта ўсё працягваецца. Але з фармальнага пункту гледжаньня магчымасьці для апазыцыі павялічыліся».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG