Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яшчэ адна спроба наладзіць дыялёг


У Менску ў гатэлі «Crowne Plazа» сёньня пачалася двухдзённая канфэрэнцыя з удзелам палітыкаў краін Паўночнай Эўропы, Балтыі і Беларусі — «Роля палітыкаў у грамадзтве, якое мяняецца».

У канфэрэнцыі бяруць удзел зь беларускага боку прадстаўнікі Нацыянальнага сходу, ураду і дэмакратычнай апазыцыі. Сябра прэзыдыюму Паўночнай рады, адказны за кантакты зь Беларусьсю, дэпутат парлямэнту Нарвэгіі Дагфін Хойбротэн спадзяецца ўбачыць Беларусь у эўрапейскай сям’і, але для гэтага яна павінна падзяляць эўрапейскія прынцыпы свабоды, дэмакратыі, абароны правоў чалавека і вяршэнства закону. Ён адзначыў, што тут заўважаюцца як станоўчыя, так і адмоўныя тэндэнцыі. Уваходны квіток у Раду Эўропы — гэта далучэньне да Эўрапейскай канвэнцыі аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў. Адносна мэтаў канфэрэнцыі спадар Хойбротэн сказаў карэспандэнту «Свабоды»:

«Мэта канфэрэнцыі — стварыць дыялёг паміж краінамі Паўночнай Эўропы, Балтыі і Беларусі. Справа ў тым, што краіны Паўночнай Эўропы і Балтыі маюць вялікі вопыт у наладжваньні супрацоўніцтва ў галіне правоў чалавека, стварэньні прававой дзяржавы. І гэты вопыт мы б хацелі прынесьці сюды».

Ці азначае ўдзел у канфэрэнцыі сяброў Нацыянальнага сходу, што паўночныя краіны прызнаюць легітымнасьць беларускага парлямэнту?

«Нашай задачай ня ёсьць прызнаньне нейкіх установаў у Беларусі. Наша задача палягае ў забесьпячэньні шырокага дыялёгу. І ўнікальная рыса гэтага дыялёгу — тая, што тут бяруць удзел як палітыкі з парлямэнту, так і апазыцыйныя, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці. І такое мерапрыемства праводзіцца трэці год запар. Мы нават спадзяемся, што нам удасца пачаць абмен паміж палітыкамі паўночных краін і Беларусі, гэтаксама як мы праводзім абмен паміж палітыкамі з Расеяй».

Яніс Рэйрс, сябра парлямэнту Латвіі і прэзыдыюму Балтыйскай асамблеі, якую складаюць Латвія, Літва і Эстонія, адзначыў, што магчымасьць дыялёгу ў адным памяшканьні — гэта добры пачатак, і ён можа мець працяг.

Якраз паўночныя краіны, тое, якія ў іх парлямэнтах адносіны пазыцыі і апазыцыі, — гэта прыклад доўгатэрміновага разьвіцьця.
«Узаемадачыненьні „пазыцыя — апазыцыя“ гэта гарант стабільнасьці і разьвіцьця краіны. Ня можа быць адной правільнай ці няправільнай думкі. Толькі разам, шматплянава глянуўшы на праблему, мы можам яе вырашыць. Якраз паўночныя краіны, тое, якія ў іх парлямэнтах адносіны пазыцыі і апазыцыі, — гэта прыклад доўгатэрміновага разьвіцьця».

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Міхаіл Арда ў сваім выступе вітаў рашэньне Паўночнай рады аб утварэньні інфармацыйнага бюро ў Беларусі . Маўляў, «гэта падкрэсьлівае зацікаўленасьць у пашырэньні дыялёгу і актыўнага далучэньня беларускага парлямэнту да супрацоўніцтва».

Кіраўнік дэлегацыі Нацыянальнага сходу па ажыцьцяўленьні кантактаў з Паўночнай радай Міхаіл Русы на канфэрэнцыі назваў парушэньнем ягоных правоў заявы, што парлямэнт быў абраны з парушэньнямі.

«Калі мы прыяжджаем у акругу, нам народ кажа: што вы там творыце, мы вас абралі, чаму вам кажуць, што вы нелегітымныя? І я прасіў бы ўсіх палітыкаў лічыць наш парлямэнт легітымным».

У канфэрэнцыі бяруць удзел таксама Аляксей Янукевіч, Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Мечыслаў Грыб і іншыя апазыцыйныя палітыкі. Паводле спадара Лябедзькі, відаць, ніякіх практычных вынікаў імпрэза ня будзе мець:

«Але сам факт дыскусіі, знаходжаньня ў адным памяшканьні прадстаўнікоў улады і апазыцыі, — у прынцыпе, гэта нармальны трэнд. І лягічна было б яго працягнуць. Якраз тут падыходы апазыцыі даволі канструктыўныя. Мне падаецца, што нашы аргумэнты значна мацнейшыя, чым у тых, хто гаворыць ад імя ўлады».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG