Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасадар Украіны Ігар Ліхавы: «Гэта быў найлепшы час у маім жыцьці»


Ігар Ліхавы

Ігар Ліхавы

Новы прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч мае намер адну са сваіх першых замежных паездак зрабіць у Беларусь. Мяркуецца, што кіраўнік украінскай дзяржавы наведае Менск напрыканцы красавіка. Пра гэта сёньня «Свабодзе» паведаміў амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Ліхавы. Украінскі дыплямат, які днямі пакідае Беларусь, даў сёньня разьвітальнае інтэрвію «Свабодзе».

20 сакавіка будзе роўна тры гады, як Ігар Ліхавы пачаў працаваць у Беларусі. Сёньня ён сказаў «Свабодзе», што гэты час быў адным з найлепшых у ягоным жыцьці. Амбасадар пераканаўся, што Ўкраіна і Беларусь шмат у чым падобныя. І нават розныя геаграфічныя памеры гэтаму не перашкаджаюць. Апошнім часам і Ўкраіна, і Беларусь становяцца актыўнымі суб’ектамі эўрапейскай палітыкі, падкрэсьліў амбасадар.

У апошнія гады Ўкраіна ахвотна прымала апанэнтаў беларускай улады. У гэтай краіне праводзяцца разнастайныя сэмінары, навучаньне апазыцыі, тут рэгіструюцца грамадзкія арганізацыі, якім адмаўляюць у прызнаньні беларускія ўлады. І зразумела, што з прыходам да ўлады Віктара Януковіча ўзьнікае сумнеў: ці ня спыніць новы прэзыдэнт гэты працэс?

Амбасадар упэўнены: такога не адбудзецца.

«Прадбачыць складана. Але я хачу ўзяць сабе ў дапамогу досьвед. У нас ужо чацьверты прэзыдэнт. Аднак украінскае грамадзтва заўжды вельмі добразычліва і ляяльна ставілася да розных праяваў палітычнай самасьвядомасьці. Я ўсё ж упэўнены, што Ўкраіна ня сыдзе з гэтага шляху, хто б ні быў кіраўніком дзяржавы. Украіна ўсё ж — парлямэнцка-прэзыдэнцкая рэспубліка».

Летась у дачыненьнях паміж Украінай і Беларусьсю адбыўся значны прарыў на палітычным роўні. Упершыню цягам аднаго году Віктар Юшчанка і Аляксандар Лукашэнка сустрэліся аж чатыры разы. Кіраўнік Беларусі ўпершыню за 12 апошніх гадоў наведаў Украіну. Падпісаныя і ратыфікаваныя дамовы, якія рыхтаваліся да гэтага яшчэ 6-8 гадоў таму.

Але цяпер на чале Ўкраіны новы кіраўнік. І зноў узьнікае тое ж пытаньне: як ён паставіцца да гэтага, ці будуць дачыненьні паміж Кіевам і Менскам карэктавацца?

Амбасадар Ліхавы адказвае:

«Я думаю, што падштурхнула да такой актыўнай палітычнай дзейнасьці і эканамічная сытуацыя. Пагрозы заўжды падштурхоўваюць да гуртаваньня».

Кіраўнік украінскай дыпляматычнай місіі станоўча ацэньвае далучэньне Беларусі да праграмы «Ўсходняе партнэрства». На ягоную думку, гэтым Беларусь паказала, што яна не суседка Эўропы, а яе частка.

Зразумела, што падчас сёньняшняй размовы немагчыма было абмінуць увагай праблему транспартаваньня вэнэсуэльскай нафты ў Беларусь. Асабліва калі ўлічыць, што Беларусь хоча скарыстаць для гэтага нафтаправод Адэса — Броды. Што думае наконт гэтага амбасадар Украіны?

«Гэты праект пэрспэктыўны. Ён задуманы яшчэ ў мінулым стагодзьдзі. Але доўгі час са зразумелых прычынаў немагчыма было знайсьці ягонае напаўненьне ў авэрсным рэжыме. Таму ён кампрамісна выкарыстоўваўся ў рэвэрсным рэжыме, то бок расейская нафта ішла ў Адэсу. Летась упершыню была пракачаная касьпійская лёгкая нафта. І летась мы ўпершыню атрымалі зацікаўлены адказ беларускага боку пра тое, што ён гатовы разгледзець свой удзел у гэтым праекце».

На заканчэньне размовы я спытаў амбасадара Ўкраіны, чаму ў ягонай краіне прадукты і тавары значна таньнейшыя за беларускія. Гэта адзначаюць усе, хто пабываў ва Ўкраіне. Спадар Ліхавы адказаў на пытаньне фактычна адным словам: «Канкурэнцыя». Яна ёсьць ва Ўкраіне, і яе амаль няма ў Беларусі. У выніку атрымліваецца, што нават беларускія тавары ва Ўкраіне прадаюцца таньней, чым у самой Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG