Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Маскве Арганізацыя дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) падпісала пагадненьне з ААН аб супрацоўніцтве ў барацьбе з тэрарызмам і міжнароднай злачыннасьцю.



Подпісы пад дакумэнтам паставілі Мікалай Бардзюжа і Пан Гі Мун.

Поводле спадара Бардзюжы, гэты факт сьведчыць аб прызнаньні аўтарытэту АДКБ і яе магчымасьцяў зрабіць свой унёсак у міжнародную бясьпеку.

Дамова дазволіць сілам АДКБ дзейнічаць па-за межамі краінаў-удзельніц у супольных міратворчых і анты-тэрарыстычных апэрацыях. Яна дазволіць таксама супрацоўнічаць у барацьбе з гандлем наркотыкамі ў Аўганістане.

Паводле аналітыка амэрыканскага фонду Jamestown Роджэра Макдэрмата, значнасьць такога пагадненьня ў тым, што АДКБ, у якой дамінуе Масква, атрымала б фактычную легітымацыю з боку ААН і пацьвердзіла б свой статус гаранта бясьпекі ў Цэнтральнай Азіі, Армэніі і Беларусі.

Дамінаваньне Масквы ў АДКБ узмацнілася пасьля расейска-грузінскай вайны ў жніўні 2008 году. Расея прыклала намаганьні, каб узмацніць ваенны складнік арганізацыі. Нягледзячы на неахвоту Беларусі і Ўзбэкістану, была створаная новая вайсковая структура – Калектыўныя сілы апэратыўнага рэагаваньня.

У нейкім сэнсе гэта спроба Крамля падарваць супрацоўніцтва краінаў Цэнтральнай Азіі з НАТО. У арміях цэнтральнаазіяцкіх краінаў шмат якія з афіцэраў, што праходзілі стажыроўку ў краінах НАТО, па вяртаньні дадому ня могуць працягваць кар'еру, бо вышэйшае вайсковае кіраўніцтва ставіцца да іх з падазронасьцю, а часам навучаньне не адпавядае іх патрэбам.
XS
SM
MD
LG