Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Дзень Канстытуцыі — агульнанацыянальная дыктоўка


15 сакавіка, у 16-ю гадавіну прыняцьця Канстытуцыі, паводле якой беларуская мова атрымала статус адзінай дзяржаўнай, у Таварыстве беларускай мовы зноў пісалі агульнанацыянальную дыктоўку.

Першая дыктоўка сёлета адбылася ў Міжнародны дзень роднай мовы 21 лютага, яшчэ адна будзе ў Дзень Волі 25 сакавіка. А наагул беларусы пішуць агульнанацыянальную дыктоўку ўжо трэці год запар. І ня толькі ў сталіцы.

Сёньня ўрывак з твору Ўладзімера Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі» пад дыктоўку намесьніцы старшыні ТБМ Алены Анісім пісалі болей як 40 чалавек:

— Мэта нашай дыктоўкі ня ў тым, каб праверыць і некаму даказаць, што чалавек дрэнна ведае мову, кепска піша. Мэта наша якраз у тым, каб людзі маглі прыняць удзел у дыктоўцы, каб яны адчулі сябе роднасна. У нас розныя пакаленьні, і каб мы ўсе адчувалі сябе грамадзянамі Рэспублікі Беларусь.

— А жадаючыя ёсьць, каб вы праверылі, выправілі памылкі?

— Канечне, ёсьць. І потым турбуюць, каб хутчэй праверылі. А ў прынцыпе, пішуць добра, мала робяць памылак. Адзінае, што можа быць, гэта аўтарскія знакі прыпынку. Але ж аўтарскія знакі ёсьць аўтарскія...

Сапраўды, тут сабраліся людзі розных пакаленьняў. Паміж двума мужчынамі вельмі паважлівага веку — зусім маленькая дзяўчынка.

— Колькі вам гадоў?

— Хутка будзе 73. Я ўсе дыктоўкі прыходжу пісаць. Па-першае, я беларус, па-другое, я сябра ТБМ.

— А дзяўчынка таксама пісала, ці прыйшла за кампанію зь дзядулем?

— Так, Янінка пісала.

— Янінка, колькі табе гадкоў?

— Восем.

— І ты пасьпявала за дарослымі, і зразумела тэкст?

— Так.

— А вы дзядуля?

— Так, Барыс Мускі, мне 71 год. Мінулую дыктоўку Янінка правярала ў мяне. Знайшла гэты тэкст у падручніку і шукала ў мяне памылкі. А зараз захацела напісаць сама. Я трэцюю дыктоўку ўжо пішу.

— А што сюды цягне?

— Родная мова цягне. Бо ў Менску пачуць беларускае слова досыць рэдка ўдаецца.

Калі дзядулі з унучкай прыйшлі проста паўдзельнічаць, то моладзь — праверыць свае веды.

— Мы зь Беларускага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў. І зь ліцэю БДУ. Цікава праверыць, наколькі ведаем беларускую мову.

— А вы здалі тэксты на праверку?

— Так, канечне. Вельмі цікава, каб праверылі. Дзеля гэтага сюды ішлі.

— Дарэчы, складаная дыктоўка?

— Дыктоўка элемэнтарная. Акрамя некаторых аўтарскіх знакаў прыпынку. А так — лёгкая.

— Дыктоўка насамрэч была лёгкая.

Усе ўдзельнікі дыктоўкі, незалежна ад выніку, абавязкова атрымоўваюць падарункі. Сёньня, дарэчы, уручалі дыскі з запісам фільмаў Белсату «Беларусь пад нямецкай акупацыяй». Дыктоўку пішуць ня толькі ў сталіцы. Старшыня ТБМ Алег Трусаў распавёў, што сябры ТБМ арганізуюць дыктоўкі ва ўсіх рэгіёнах:

— Зь Пінскага раёну прыяжджаў настаўнік, нагрузілі мы яго, што ледзь мог падняць. Больш за 200 чалавек ужо ў Пінскім раёне напісала дыктоўку, а ён па школах раздасьць кніжкі Якуба Коласа, Янкі Купалы, значкі, торбачкі з надпісам «Будзьма». У нас ёсьць рэзэрвовы фонд падарункаў.

Чарговы этап дыктоўкі адбудзецца ў Дзень Волі, 25 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG