Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перапішам Біблію па-беларуску!


Калі тры гады таму Ўладзімер Падгол прапанаваў ідэю агульнанацыянальнай дыктоўкі, яго мала хто зразумеў. Аднак, зь цягам часу ідэя набывала ўсё новых прыхільнікаў, і сёньня дыктоўкі па-беларуску пішуць мастакі, пісьменьнікі, палітыкі, сьвятары, замежныя дыпляматы... Да новай ідэі вядомага палітоляга стаўленьне таксама пакуль не адназначнае. Ён прапанаваў… перапісаць Біблію і скансалідаваць такім чынам разьяднаных з розных прычынаў суайчыньнікаў.

Міхась Скобла
Уладзімер Падгол

Міхась Скобла: «Уладзімер, яшчэ ў 1517 годзе Францішак Скарына Біблію друкаваў — і гэтую дату мы заслужана адзначаем як пачатак беларускага кнігадрукаваньня. Вы ж прапануеце нібы зноў вярнуцца ў даскарынаўскую эпоху і перапісваць Біблію ад рукі. У чым сэнс вашай ідэі?»

Уладзімер Падгол: «Перапісваньне Бібліі, якое прапаную я, адрозьніваецца ад працы перапішчыкаў у даскарынаўскія часы. Тады сядзелі перапішчыкі-манахі, і кожны зь іх сваёй рукой перапісваў усю Біблію. Перапісваньне Бібліі належала адной собе. Гэта вельмі цяжкая праца. А я прапаную вось што. У адну чыстую кнігу (падкрэсьліваю — адну!) кожны, хто хоча, можа перапісаць радок, абзац, разьдзел, некалькі старонак, як атрымаецца, зь Бібліі. Перапісаць, паставіць сваё прозьвішча і саступіць месца другому. Такім чынам, у выніку мае атрымацца Біблія, перапісаная вялікай колькасьцю людзей — і вернікамі, і атэістамі, і тымі, хто ня верыць, але хоча верыць. Такая рукапісная Біблія зьяднала б вялікую частку народу. Народ яднаўся б не ля тэлевізара зь ідалам, які бясконца прамаўляе, распавядае, як цудоўна жыць у Беларусі, а вакол Слова Божага. Перапісваючы Біблію ад рукі, мы атрымалі б, па-першае, людзкую салідарнасьць, па-другое — салідарнасьць беларусаў са Словам Божым, а значыць — з Богам, з маральнымі каштоўнасьцямі хрысьціянскімі».

Скобла: «Рэдка ў якіх цэрквах і касьцёлах ёсьць Біблія на беларускай мове. Прыкладам, у перакладзе Васіля Сёмухі. Паколькі ні праваслаўнай царквой, ні каталіцкім касьцёлам пераклад гэты афіцыйна не зацьверджаны. Дык што людзі павінны перапісваць?»

Падгол: «Падкрэсьліваю, перапісваць я прапаную толькі беларускамоўную Біблію. Тут ёсьць свае праблемы. Нягледзячы на тое, што Біблія ў перакладзе Сёмухі не зацьверджаная ні царквой, ні касьцёлам, я, тым ня менш, калі прыйду перапісваць Божае Слова ў чыстую кнігу, то прыйду зь Сёмухавай Бібліяй. Магчыма, касьцёл, калі падключыцца да гэтай справы, прапануе Біблію ў перакладзе ксяндза Ўладыслава Чарняўскага, якою католікі карыстаюцца. Думаю, што ў праваслаўных таксама знойдзецца беларускамоўны тэкст Бібліі. Тут будзе ўжо не прынцыпова — ці з адной і той жа кнігі перапісваць. Прынцыповым зьяўляецца тое, каб у адну і тую ж кнігу з чыстымі старонкамі перапісвалі ўсе».

Скобла: «Каб гэтая акцыя была эфэктыўнай у агульнанацыянальным маштабе, патрэбныя зладжаныя дзеяньні сьвятароў розных канфэсій. Як гэтага дамагчыся? Ці арганізоўваць гэтую справу будуць ня толькі сьвятары?»

Падгол: «Шчырыя вернікі, вядома ж, пойдуць у храм і там будуць перапісваць. Але, напрыклад, калі хворы чалавек ня можа прыйсьці ў храм, то чаму б да яго не прывезьці Біблію? У гэтай справе, я думаю, можа быць некалькі этапаў. Можа нават цэлая каманда добраахвотнікаў дапамагаць. Напрыклад, Біблія ляжыць пэўны час у храме, а потым, па просьбе чалавека, яе вязуць да нямоглага, каб і ён паўдзельнічаў у перапісваньні. Гэта таксама паспрыяе кансалідацыі нашай нацыі. Прызнаюся, да гэтай ідэі з захапленьнем аднесьліся некалькі беларускіх ксяндзоў і вернікі, і сам перакладчык Бібліі — Васіль Сёмуха. І самы першы этап кансалідацыі —
Гэта тое, што сёньня патрэбна нашым сьвятарам, патрэбна нашай нацыі, патрэбна нашай агульнай маралі — яднаньне вакол Бібліі.
гэта дамова паміж канфэсіямі. Калі ўдасца дамовіцца пра адну чыстую кнігу — гэта будзе добрым пачаткам. Падкрэсьлю, пажадана, каб была толькі адна чыстая кніга, у якую і праваслаўны, і католік, і эвангельскі хрысьціянін-баптыст упіша свае радкі. Бо калі кожная царква, кожны касьцёл пачнуць рабіць сваю кнігу, яны кансалідуюць толькі сваю паству. Павінна быць эстафета, вандраваньне кнігі. Скажам, кніга праляжала месяц у менскім Чырвоным касьцёле, наступны месяц — у Сьвята-Духавым катэдральным саборы, потым пераехала ў малельны дом эвангельскіх хрысьціян-баптыстаў, потым яе павезьлі ў Віцебск і г.д. Кніга мусіць вандраваць па ўсёй Беларусі, трапіць у розныя гарады, мястэчкі і вёскі. І ўся Беларусь пачне гаварыць пра гэта, абмяркоўваць гэта. І адбудзецца яднаньне, паўтаруся, не вакол тэлевізара зь ідалам, а вакол Бібліі. Гэта тое, што сёньня патрэбна нашым сьвятарам, патрэбна нашай нацыі, патрэбна нашай агульнай маралі — яднаньне вакол Бібліі».

Скобла: «У любой акцыі, у любой добрай справы павінна быць кропка адліку. Калі вы мяркуеце даць старт кампаніі „Перапішам Біблію па-беларуску!“?»

Падгол: «Я пачуў у вашых словах водгук савецкіх часоў: давайце зробім плян на пяцігодку, потым датэрмінова яго выканаем, перавыканаем і г.д. Тут усё ня так. Тут галоўнае — ці ідэя ахоплівае бальшыню людзей, ці не ахоплівае. Калі не ахоплівае, то, можа, ня варта і распачынаць. Што атрымаецца з гэтай ідэі — я і сам ня ведаю. Аднак лічу, што трэба пачаць. Сам працэс ужо будзе кансалідаваць людзей. Уявіце сабе дзіцёнка сямі-дзесяці гадоў, які ў Біблію сваёю рукой упісаў радок. Ён расьце, свавольнічае, а яму ў школе кажуць: ня трэба падманваць, ты ж Біблію перапісваў! Гэта можа стаць наймагутнейшай акцыяй яднаньня і ачышчэньня для ўсіх пакаленьняў».

Скобла: «Але колькі часу можа цягнуцца тое перапісваньне — год, пяць гадоў, дзесяць? Цікавасьць грамадзтва да пэўнай падзеі трымаецца даволі непрацяглы час».

Падгол: «Цікавасьць да Бібліі трымаецца ўжо некалькі тысячагодзьдзяў! Я не хачу з гэтай акцыі рабіць нейкае інфармацыйнае шоў, пра якое пішуць і гавораць сродкі масавай інфармацыі. Тут мае сэнс іншы тэрмін.
Я прапаноўваю пэўную альтэрнатыву гібелі нацыі — вось у чым сэнс.
За які тэрмін можа кансалідавацца нацыя ці загінуць? Я прапаноўваю пэўную альтэрнатыву гібелі нацыі — вось у чым сэнс».

Скобла: «Як да ідэі перапісваньня Бібліі паставяцца беларускія сьвятары? Пра гэта я запытаўся ў іерэя менскай Пятра-Паўлаўскай царквы айца Юрыя».

Айцец Юры: «Я гляджу на гэтую задуму, па-першае, як беларус, па-другое, як праваслаўны сьвятар. Як беларус я ўхвальна стаўлюся, паколькі перапісвацца Біблія будзе па-беларуску. Для нас гэта ёсьць актам згуртаваньня, актам умацаваньня нас як народа, умацаваньня нашае мовы. Кожнае дзеяньне ў гэтым накірунку вельмі значнае і патрэбнае ў сёньняшні час. Як сьвятар я таксама гляджу на гэта пазытыўна, паколькі мы трошкі забываем аснову асноваў — Сьвяшчэннае Пісаньне. Апошнім часам пашырылася ў нашым грамадзтве, нават сярод вернікаў, розная эзатэрыка. Праяўляецца цяга да нечага незвычайнага, неспасьцігальнага, а Слова Божае — гэта такі чорны хлеб ісьціны, здаровы спажытак. Таму, паўтаруся, я да гэтай ідэі стаўлюся ўхвальна, і калі будзе такая магчымасьць, абавязкова і сам далучуся да шыхтоў перапішчыкаў».

Скобла: «А вось што сказаў на гэты конт ксёндз Юры, які служыцьу у бабруйскім касьцёле Беззаганнага Зачацьця Найсьвяцейшай Панны Марыі».

Айцец Юры: «Для таго, каб чалавек нешта лепш зразумеў, яму трэба паспрабаваць гэта напісаць. Таму — ідэя добрая. Добрая яшчэ і таму, што вельмі невялікі адсотак людзей, калі шчыра казаць, чытае Біблію. Але тут ёсьць адзін спрэчны момант. На вялікі жаль, сёньня не існуе такога перакладу на беларускую мову Сьвятога Пісьма, які чалавек можа з разуменьнем прачытаць і нават перапісаць яго. Баюся, каб мы тут не пераскочылі праз адну прыступку. Відаць, спачатку нам варта сканцэнтраваць увагу на перакладзе Бібліі, прымальным для ўсіх канфэсій, а пасьля толькі перапісваць, каб мы ведалі, што мы перапісваем. А ідэя, паўтаруся, добрая, праз гэта мы наблізімся да Бога. І я як сьвятар буду мець ад гэтага толькі радасьць на душы, задавальненьне і буду з гэтага цешыцца».

Падгол: «Мушу выказаць некалькі заўвагаў што да наяўнасьці адзінага кананізаванага тэксту Бібліі па-беларуску. Па-першае, Біблія ў перакладзе Васіля Сёмухі ўхваленая і рэкамэндаваная для багаслужбаў у Беларускай аўтакефальнай царкве Мітрапалітам Мікалаем і пратэстанцкай хрысьціянскай місіяй у Канадзе. Па-другое, мне дакладна вядома, што некаторыя праваслаўныя і каталіцкія сьвятары ў Беларусі карыстаюцца гэтым тэкстам. Па-трэцяе, наколькі мне вядома, для касьцёлу галоўнае ня толькі сам тэкст перакладу Бібліі, але і асоба перакладчыка. Ён, калі не памыляюся, мусіць быць сьвятаром, мець тэалягічную ступень... І па-чацьвёртае, шлях пошуку адзінага беларускага тэксту Біліі для перапісваньня ў нашых умовах — гэта шлях будаўнікоў Бабілёнскае вежы. Таму мае высновы гэткія. Трэба ўсім, каму мая ідэя даспадобы, пайсьці на кампраміс. Хто жадае, хай перапісвае Біблію ў перакладзе Сёмухі. Іншы — у перакладзе Чарняўскага. Пачуўшы засцярогу ў словах паважанага айца Юрыя з Бабруйску („каб не пераскочыць праз прыступку“), я думаю, што якраз сам працэс перапісваньня можа стаць магутным стымулам для пошуку адзінага тэксту беларускай Бібліі».

Скобла: «Усё ж, Уладзімер, вы не адказалі — калі, на вашу думку, мусіць пачацца ажыцьцяўленьне вашай ідэі, якую, як мы пачулі, падтрымліваюць і сьвятары».

Падгол: «Я не хачу быць у гэтай справе нейкім кіраўніком, я толькі хачу, каб дзякуючы Радыё Свабода ды іншым сродкам масавай інфармацыі мая ідэя дайшла да людзей. Усё. Далей — справа кожнага: сьвятароў, вернікаў, валанцёраў — усіх. Калі мноства людзей захоча, гэты працэс пачнецца, але я не хачу яго ўзначальваць, не хачу нічога каардынаваць. Мая справа — прыдумаць».

Скобла: «Тры гады таму вы выступілі з ідэяй агульнанацыянальных дыктовак. Ці задаволеныя вы тым, як гэтая ідэя зрэалізоўваецца?»

Падгол: «У прынцыпе — задаволены. І найперш тым, што ідэя не памерла, дыктоўкі пішуцца ўжо трэці год. Прычым, абсалютна нечаканыя рэчы праявіліся. Заўважце, першую дыктоўку селі пісаць людзі, несумяшчальныя па сваіх палітычных поглядах. У Празе пісалі Зянон Пазьняк, Івонка Сурвілла. А ў Менску пісалі людзі, якіх той жа Пазьняк лічыць псэўда-апазыцыяй, створанай спэцслужбамі Крамля. Але ўсе яны пісалі па-беларуску! І гэта ўжо была перамога. Такім чынам праявілася яднальная роля дыктоўкі. Мая мары, каб дыктоўку адначасова селі пісаць усе — і грамадзкія дзеячы, і міністры, і іх дзеткі, і іх жонкі, і партыйныя лідэры, і пісьменьнікі. Чаму 500 пісьменьнікаў да гэтай пары не сабраліся каля помніка Янку Купалу для напісаньня дыктоўкі? Нашыя выдатныя асобы ня могуць зразумець, што дыктоўка дае ім магчымасьць за кароткі тэрмін прадэманстраваць сваю салідарнасьць зь беларускаю моваю».
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG