Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня апошні дзень, калі патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты мясцовых саветаў Беларусі могуць здаць дакумэнты на сваю рэгістрацыю. Цягам дзесяці наступных дзён выбарчыя камісіі будуць правяраць адпаведнасьць пададзеных дакумэнтаў сапраўднасьці і выносіць свой вэрдыкт аб рэгістрацыі або адмове ў ёй кожнаму заяўніку.


Колькасьць пададзеных камплектаў дакумэнтаў на канец мінулага тыдня перабольшвала пятнаццаць тысяч. Аднак, як паказвае досьвед ранейшых выбараў, за апошні дзень лічба звычайна даволі моцна зьмяняецца. Частка патэнцыйных кандыдатаў адкладае падачу на апошні дзень. Так, напрыклад, робіць прэтэндэнт на мандат дэпутата Гарадзенскага абласнога і Мастоўскага раённага саветаў дэпутатаў, актывіст руху “За свабоду” Алесь Зарамбюк. Чаму?
Мае подпісы будуць правяраць абсалютна ўсе, усе да аднаго...


“Не хачу даваць камісіям больш часу для праверкі маіх дакумэнтаў. Мая асабістая практыка, мой асабісты досьвед, а я ўжо трэці раз удзельнічаю ў рэгіянальных выбарах, сьведчаць, што падпісныя лісты, якія прадстаўляюць кандыдаты з дэмакратычнымі поглядамі, правяраюцца абсалютна ўсе.

Заканадаўства рэглямэнтуе, што трэба адабраць 15% подпісаў і іх праверыць. Але ж мы гэтага пракантраляваць ня можам, таму што ніводзін наш прадстаўнік ня ўключаны ні ў абласную, ні ў раённую, ні ва ўчастковую камісію. Менавіта таму я ўпэўнены, што мае подпісы будуць правяраць абсалютна ўсе, усе да аднаго”.

Сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік адзначае:

“Патэнцыйныя кандыдаты павіны прадставіць у выбарчыя камісіі пакеты дакумэнтаў, якія складаюцца з дакумэнтаў аб вылучэньні – пратаколы сходаў працоўных калектываў ці палітычных партыяў і падпісныя лісты. А таксама іншыя дакумэнты, якія патрабуюцца выбарчым кодэксам – аўтабіяграфічныя зьвесткі і дэклярацыі аб даходах і маёмасьці. А далей камісіі пачнуць праверку дакумэнтаў і рэгістрацыю кандыдатаў у дэпутаты”.

Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына лічыць, што сёлета колькасьць прэтэндэнтаў на адно дэпутацкае месца ня будзе значна адрозьнівацца ад колькасьці на папярэдніх мясцовых выбарах. У 2007 годзе кандыдатаў было крыху болей за 1,1 на месца. Гэтыя 1,1 атрымаліся выключна за кошт сталічнага гарадзкога і абласных саветаў дэпутатаў. А ў астатніх акругах выбары праходзілі фактычна без альтэрнатывы.
XS
SM
MD
LG