Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі завяршылася фармаваньне ўчастковых выбарчых камісіяў. Мяркуючы па першых выніках, у большасьці рэгіёнаў улады дапусьцілі да ўдзелу ў іх толькі нязначную колькасьць прадстаўнікоў апазыцыі.

У адказ адны апазыцыянэры наважаныя пісаць скаргі, другія — байкатаваць выбары, а трэція — нягледзячы ні на што працягнуць удзел у наступных этапах выбарчай кампаніі.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Ня будзе нашых у выбаркаме — на выбары ня пойдзем»

Са 104 прэтэндэнтаў, вылучаных ва ўчастковыя камісіі ад дэмакратычных сілаў на Гарадзеншчыне, зарэгістравалі толькі 12 чалавек.

Дагэтуль застаецца невядомым, колькі сябраў арганізацыі БНФ з агульнага ліку 25 вылучэнцаў увойдуць ва ўчастковыя камісіі ў Слоніме. У райвыканкаме ні лічбаў, ні прозьвішчаў не назвалі, а паабяцалі надрукаваць сьпіс у раённай газэце праз 7 дзён.

Лідэр БНФ у Слоніме Іван Шэга вялікімі надзеямі сябе ня цешыць, бо падчас фармаваньня камісій на паседжаньні выканкаму ў бок іх вылучэнцаў ня раз гучалі нэгатыўныя закіды.

Ён нагадвае, што пазыцыя на выпадак неўключэньня сябраў БНФ ва ўчастковыя камісіі выпрацавана загадзя і зьмяняцца ня будзе.

Шэга: «Мы маем намер зарэгістраваць прэтэндэнтаў у кандыдаты. Тады ў нас зьявіцца магчымасьць агітаваць, праводзіць пікеты без дазволу ўладаў. Але галасаваць мы ня пойдзем, калі ў камісіях ня будзе нашых людзей. Мы ўжо гэта праходзілі...»

Тэрмін прыняцьця рашэньня Аб’яднанай грамадзянскай партыяй — 21 сакавіка

Ад АГП па вобласьці вылучылі ва ўчастковыя камісіі 31 сябра, і толькі аднаго ў Горадні зарэгістравалі. Лідэр арганізацыі Юры Істомін кажа, што найперш яны выканаюць усе юрыдычныя працэдуры.

Істомін: «Тое, што адбывалася на паседжаньнях выканкамаў падчас фармаваньня ўчастковых камісій, супярэчыць заканадаўству: партыям не прадстаўлялі інфармацыі, не называлі нават прозьвішчаў тых, хто ўвайшоў у камісіі. Таму мы зараз будзем ініцыяваць працэдуры па абскарджваньні гэтых рашэньняў».

Што тычыцца далейшага ўдзелу АГП у выбарчай кампаніі, то, са слоў Юры Істоміна, адпаведнае рашэньне прыме зьезд партыі, які адбудзецца 21 сакавіка.

Ад БСДГ з 20 вылучэнцаў сябрамі камісій сталі толькі сем — у Сьвіслачы. Кіраўнік абласной арганізацыі Віктар Сазонаў кажа, што іх сябраў не ўключалі з адзінай прычыны: гэта людзі дасьведчаныя і прынцыповыя.

ВІЦЕБШЧЫНА


У рэгіёне ў 923 участковыя камісіі трапілі ўсяго каля двух дзясяткаў дэмакратычных актывістаў

Паводле афіцыйных зьвестак, у склад камісій увайшлі 11287 чалавек, зь іх 400 — прадстаўнікі палітычных партый і грамадзкіх аб’яднаньняў.

+Старшыня мясцовай суполкі Партыі БНФ Алесь Шутаў кажа, што на Аршаншчыне ў склад участковых камісій уключылі ўсіх да аднаго прэтэндэнтаў ад грамадзкага аб’яднаньня «Белая Русь» і БРСМ. Але вылучэнцам ад дэмакратычных грамадзкіх арганізацый — віцебскага «Самакіраваньня і грамадзтва» і аршанскага «Зьвязу» — усім да аднаго адмовілі.

Спадар Шутаў падкрэсьлівае, што менавіта ад «Зьвязу» ў камісіі імкнуліся трапіць ягоныя аднапартыйцы:

«Чыноўнікі спасылаюцца на тое, што нашы вылучэнцы недастаткова падрыхтаваныя для працы ў камісіях. Вось прэтэндэнты з „Таварыства выратаваньня на вадзе“, „Таварыства Чырвонага Крыжа“ — тыя самыя падрыхтаваныя! Таму я лічу, што больш лягічнымі ў такой сытуацыі былі б крокі па адкліканьні магчымых нашых кандыдатаў у тых месцах, дзе ўлады не зарэгістравалі дэмакратычных актывістаў у камісіі. Лягічна было б правучыць улады: маўляў, калі хочаце выбары на такіх умовах, дык са сваімі кандыдатамі іх так і праводзьце. А мы хацелі б удзельнічаць у сапраўдных выбарах, а ня ў нейкім спэктаклі».

Калі мы адмовімся ад выбараў зараз, людзі нас не зразумеюць.
У Верхнядзьвінскім раёне найбольш актыўна вылучала прадстаўнікоў у камісіі мясцовая суполка БСДП «Народная Грамада». Старшыня раённай арганізацыі Валянціна Кудлацкая паведаміла, што ўсе васьмёра прэтэндэнтаў, якія падавалі дакумэнты як прадстаўнікі грамадзкага аб’яднаньня «Арганізацыя шматдзетных сем’яў Верхнядзьвінскага раёну «Сям’я», ва ўчастковыя камісіі трапілі. Але двум вылучэнцаў непасрэдна ад партыйнай структуры адмовілі.

Валянціна Кудлацкая зьбіраецца падаць заяву ў пракуратуру, бо ў райвыканкаме ёй не патлумачылі падставаў — сказалі толькі, што нібыта была памылка ў пратаколе партыйнага сходу па вылучэньні. Але яе павінны былі заўважыць, калі дакумэнты толькі падаваліся.

Магчымасьць адмовіцца ад удзелу ў выбарах прадстаўніца БСДП «Народная Грамада» таксама лічыць верагоднай, але ня зараз, а пазьней — скарыстаўшы час агітацыйнай кампаніі:

«Трэба мець магчымасьць сустракацца зь людзьмі. Бо інакш не зразумеюць людзі, чаму мы так зрабілі. Яны не зразумеюць, а ўлады ім распавядуць — маўляў, спалохалася апазыцыя, і ўсё такое. Таму трэба тлумачыць, самім арганізоўваць сустрэчы з выбаршчыкамі, а потым ужо вырашаць, здымацца ці не».

Гэтыя выбары не дадуць нічога, трэба засяродзіцца на наступных — прэзыдэнцкіх.
У Гарадоцкім раёне, дзе зьбіраецца балятавацца ў дэпутаты аблсавету старшыня суполкі партыі БНФ Леанід Аўтухоў, з трох прэтэндэнтаў ад дэмакратычнай грамадзкасьці ва ўчастковыя камісіі ўключылі толькі адну Алену Радкевіч. Яе выбарчы ўчастак месьціцца на самым памежжы з Расеяй, і Партыя БНФ там ня мае вялікага аўтарытэту, кажа Леанід Аўтухоў. На ягоную думку, варта адмовіцца ад удзелу ў мясцовых выбарах і сканцэнтраваць усе высілкі на прэзыдэнцкіх:

«Я мясцовыя выбары байкатаваў бы! Ня трэба было й пачынаць у іх удзел, час скончыць гэтыя дзіцячыя гульні. Трэба сабраць усе сілы, вызначыцца з адзіным кандыдатам і пачынаць працаваць на 2011 год».

ГОМЕЛЬШЧЫНА


Лічаныя дэмакраты патрапілі ва ўчастковыя камісіі

На Гомельшчыне Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы вылучылі ва ўчастковыя камісіі звыш 200 сваіх прадстаўнікоў. Аднак толькі лічаныя дэмакратычныя прадстаўнікі патрапілі ў камісіі.

Апавядае сябра рады АДС, старшыня абласной арганізацыі АГП Васіль Палякоў:

«Было вылучана ад АДС 217 прадстаўнікоў у склад участковых выбарчых камісіяў. Сёньня вядома, што ўключылі ў склад участковых камісіяў толькі 21 чалавека, што складае меней за дзесяць адсоткаў. Гэта не задавальняе ні Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы, ні Гомельскую абласную арганізацыю АГП».
Гэта адкрытая дыскрымінацыя.


Дарэчы, АГП вылучала ў камісіі сотню сваіх прадстаўнікоў. Найбольшая колькасьць вылучэнцаў — у абласным цэнтры. Аднак тут ніводзін прадстаўнік партыі не ўвайшоў ва ўчастковыя камісіі. У Мазыры ўключылі дваіх, у Буда-Кашалёве, Жлобіне й Добрушы — па адным.

Апавядае актывіст АГП са Жлобіна Марат Афанасьеў. Ён прысутнічаў на паседжаньні мясцовага райвыканкаму, дзе фармавалі камісіі:

«З 19 нашых прапанаваных прэтэндэнтаў уключылі ў камісіі толькі 3 чалавек. Прычым гэта тыя камісіі, дзе ня будзе кандыдатаў у дэпутаты ні ад АГП, ні ад партыі левых „Справядлівы сьвет“. Гэта адкрытая дыскрымінацыя. Калі палічыць у працэнтных адносінах — а там былі ад БРСМ, жаночай арганізацыі, Саюзу афіцэраў, афіцыйных прафсаюзаў,- то палітычныя партыі занялі ў камісіях 0,35 адсотка іх складу».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG