Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь – надалей “пад наглядам” змагароў з кібэрцэнзурай


Сёньня міжнародная няўрадавая арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” адзначае міжнародны Дзень барацьбы з кібэрцэнзурай. Галоўная ідэя гэтай акцыі – інтэрнэт мусіць быць адзінай прасторай, неабмежаванай і даступнай для ўсіх.

З нагоды Дня барацьбы з кібэрцэнзурай “Рэпартэры бязь межаў” трэці год складаюць сьпіс “Ворагаў інтэрнэту”, куды ўваходзяць краіны, якія абмяжоўваюць доступ да інтэрнэту і ўціскаюць “грамадзянаў сеціва”. Сёлета ў гэты сьпіс трапілі Бірма, Віетнам, Іран, Кітай, Куба, Паўночная Карэя, Савудаўская Арабія, Сырыя, Туніс, Туркмэністан, Узбэкістан і Эгіпэт.

Апрача гэтага складаецца сьпіс “краінаў пад наглядам”, куды трапляюць краіны, дзе ў стаўленьні ўладаў да інтэрнэту заўважаюцца праблемы, якія непакояць праваабаронцаў.

Сёлета ў сьпіс “краінаў пад наглядам”, як і апошнія некалькі гадоў, трапіла і Беларусь. Разам зь Беларусьсю сёлета ў гэтым сьпісе – Аўстралія, Бахрэйн, Эрытрэя і Малайзія.Падставай для такой клясыфікацыі перадусім стаўся прэзыдэнцкі дэкрэт “Аб захадах па ўдасканаленьні выкарыстаньня нацыянальнага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт”, у некаторых палажэньнях якога назіральнікі заўважаюць патэнцыйныя абмежаваньні свабоды карыстальнікаў інтэрнэту і кібэрцэнзуру.

Аўтары справаздачы нагадваюць абвешчаны Лукашэнкам намер “пакончыць з анархіяй у інтэрнэце” са спасылкай на кітайскую мадэль. Асаблівае гучаньне гэтыя словы набываюць напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў, калі свабода слова, у тым ліку ў інтэрнэце, можа ўяўляць пагрозу для ўладаў.

"Усясьветны дзень супраць цэнзуры ў інтэрнэце мае на мэце аб’яднаць усіх дзеля падтрымкі адзінага інтэрнэту, неабмежаванага і даступнага кожнаму. Адкрываючы новыя прасторы для абмену ідэямі і інфармацыяй, інтэрнэт зьяўляецца інструмэнтам свабоды. У той жа час усё больш урадаў усьведамляюць гэта і рэагуюць, намагаючыся кантраляваць Сеціва”,— гаворыцца ў прэс-рэлізе “Рэпартэраў бязь межаў".

Учора офіс Прадстаўніка па свабодзе СМІ АБСЭ падрыхтаваў экспэртызу ўказу Аляксандра Лукашэнкі аб рэгуляваньні беларускага сэгмэнту сеткі Інтэрнэт. Дакумэнт ужо накіраваны беларускім уладам.

У дакумэнце АБСЭ пералічаны больш за дзясятак сур'ёзных падставаў для занепакоенасьці.

Палітычны аглядальнік тыднёвіка “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі акцэнт робіць на наступным:

“З пункту гледжаньня свабоды распаўсюду інфармацыі найбольш небясьпечнаю выглядае магчымасьць гаспадароў пэўных арганізацый (і ва ўказе яны пералічаныя — гэта арганізацыі зь дзяржаўнай формай уласнасьці, а таксама ўстановы адукацыі і культуры), якія могуць зьвярнуцца да правайдэраў з просьбай абмежаваць доступ іх кліентаў да непажаданага кантэнту. Ва ўказе, з аднаго боку, пералічваецца, што ёсьць непажаданым кантэнтам, але застаецца такая агаворка, што іншае можа быць агаворана гаспадаром і правайдэрам. Таму ўзьнікае сытуацыя, калі ў непажаданы кантэнт могуць трапіць ня толькі сайты, якія, дапусьцім, распаўсюджваюць дзіцячую парнаграфію, але і такія рэсурсы, якія займаюцца распаўсюдам палітычнай інфармацыі”.

Экспэрты офісу Прадстаўніка па свабодзе СМІ АБСЭ выказалі недаўменьне, што азначае ў дакумэнце тэрмін “шкодная інфармацыя”: ім незразумела, хто і як будзе вызначаць сутнасьць інфармацыі, у дачыненьні да якой будзе атрыманы запыт на абмежаваньне доступу. На іх думку, “вызначэньне тыпаў “шкоднай інфармацыі” паводле беларускага заканадаўства дапускае прававую двухсэнсоўнасьць катэгорый”.

Галоўны рэдактар інтэрнэт-выданьня “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч наконт гэтага выказаў сваё меркаваньне:

“Ясна, што шкодная інфармацыя, з пункту гледжаньня нашых уладаў, гэта любая крытыка ўладаў — палітычная, эканамічная, сацыяльная. Ясна, што, пішучы праўду пра сёньняшняе становішча краіны, можна прыдбаць сабе шмат праблемаў. Але я б хацеў адзначыць, што сёньня — не 1937 год, нікому не пагражаюць Курапаты, нікому не пагражае Гулаг. Таму я лічу, што ў нашай краіне ад саміх журналістаў залежыць, што будзе зьяўляцца на старонках нашых выданьняў і як праўдзіва яны будуць адлюстроўваць тое, што ёсьць у жыцьці. Бо баяцца можна заўсёды, баяцца можна ўсяго, нават у самай вольнай дэмакратычнай краіне”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG