Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Камітэт абароны журналістаў: беларускія ўлады троху аслабілі націск на СМІ


Паводле Міжнароднага Камітэту абароны журналістаў, уступленьне ў дзеяньне ў лютым 2009 году новага закону аб СМІ, на дзіва, не прынесла шмат новых абмежаваньняў для журналісцкай супольнасьці.

Міжнародны Камітэт абароны журналістаў зь сядзібай у Нью-Ёрку апублікаваў 16 лютага ў Токіё штогадовую справаздачу “Напады на прэсу ў 2009 годзе”.

Паводле справаздачы, у 2009 годзе ў сьвеце было забіта найболей журналістаў у гісторыі – 70 чалавек. Найбольш безабаронныя сярод журналістаў – пазаштатныя карэспандэнты і супрацоўнікі інтэрнэт-выданьняў.

Мэтавыя краіны справаздачы – Аўганістан, Армэнія, Азэрбайджан, Беларусь, Грузія, Іран, Ірак, Казахстан, Кіргізстан, Косава, Малдова, Пакістан, Расея, Краіна, Узбэкістан і Харватыя.

Беларусь

Адносна Беларусі ў справаздачы маецца цэлы разьдзел. Галоўнымі асаблівасьцямі становішча ў Беларусі разьдзел называе абмежавальны закон, які патрабуе, каб СМІ атрымлівалі ўрадавую рэгістрацыю, і аслабленьне рэпрэсіўнай тактыкі ўраду, каб наладзіць дачыненьні з Эўразьвязам. Асноўнай лічбай адносна Беларусі справаздача называе 13 – менавіта столькі незалежных сродкаў масавай інфармацыі Беларусі ўнесеныя ў чорныя сьпісы дыстрыбутараў, якія знаходзяцца пад кантролем дзяржавы.

Экспэрты міжнароднага Камітэту абароны журналістаў сьцьвярджаюць, што ўлады на працягу большай часткі мінулага году аслабілі сваю тактыку рэпрэсіяў адносна мэдыяў, і якраз у гэты час уступіў у дзеяньне новы закон аб СМІ. У справаздачы сьцьвярджаецца, што ўлады па-ранейшаму перашкаджалі незалежным газэтам карыстацца дзяржаўнай сеткай распаўсюджваньня, не давалі акрэдытацыі некаторым замежных мэдыям і журналістам, а міліцыя па-ранейшаму перашкаджала працы незалежных журналістаў унутры краіны. Аднак уступленьне ў дзеяньне ў лютым 2009 году новага закону аб СМІ, на зьдзіўленьне назіральнікаў, не прынесла шмат новых абмежаваньняў для журналісцкай супольнасьці. Наадварот, Міністэрства інфармацыі стварыла просты мэханізм рэгістрацыі новых мэдыяў і перарэгістрацыі старых. Беларуская Асацыяцыя журналістаў паведаміла, што да канца 2009 году каля 45 працэнтаў нацыянальных СМІ, многія зь якіх працуюць у сфэры забавы, атрымалі рэгістрацыйныя пасьведчаньні. Тымчасам закон патрабаваў, каб усе мэдыі прайшлі перарэгістрацыю ў працягу году з моманту яго публікацыі 8 лютага 2009 году.

Справаздача цытуе прадстаўніка БАЖ Аляксея Караля, які сказаў, што ў 2009 годзе ўлады Беларусі адступілі ад тактыкі рэпрэсіўных арыштаў, налётаў на офісы рэдакцыяў і канфіскацыі абсталяваньня і аргтэхнікі. Разам з тым, іншы прадстаўнік БАЖ – юрыст Андрэй Бастунец – сказаў, што пасярод году, у верасьні, улады зноў пагоршылі клімат у галіне свабоды мэдыяў. Міністэрства інфармацыі нечакана зьмяніла патрабаваньні да рэгістрацыі мэдыяў і запатрабавала, каб юрыдычны адрас рэдакцыі не супадаў зь месцам жыхарства рэдактара. З-за гэтага шмат якім невялікім выданьням было адмоўлена ў рэгістрацыі. Гэта “Магілёўскі час”, “Салігорск плюс”, “Новая газэта Бабруйска”, “Прэфэкт плюс”, “Магілёўская газэта”.

Дзяржаўныя распаўсюднікі прэсы “Саюздрук” і “Белпошта” адмаўляюцца распаўсюджваць 13 незалежных газэт, сярод якіх папулярныя “Новы час”, “Товарищ”, “Віцебскі Кур’ер” і “Газэта Слонімская”. Улады таксама стваралі перашкоды для незалежных фірмаў і затрымлівалі прыватных распаўсюднікаў, якія спрабавалі працаваць з 13-цю газэтамі чорнага сьпісу. Дзяржаўных манапалістаў падтрымала першая намесьніца адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Пяткевіч, якая заявіла, што ўрад ня будзе прымушаць “Саюздрук” і “Белпошту” распаўсюджваць незалежныя выданьні.

У справаздачы міжнароднага Камітэту абароны журналістаў са спасылкай на ўрадавае агенцтва БЕЛТА сьцьвярджаецца, што сфэра ахопу насельніцтва інтэрнэтам дасягае ў Беларусі 30 працэнтаў. У 2009 годзе, паводле справаздачы, урад не ажыцьцяўляў бачнай цэнзуры ў інтэрнэце, але наяўнасьць адзінага правайдэра інтэрнэт-паслугаў – Белтэлекаму – дазваляе кіраўніцтву краіны заблякаваць доступ да любой крытычнай публікацыі.

У лістападзе беларускія ўлады дазволілі “Эўрапейскаму радыё для Беларусі” адчыніць на адзін год свой карпункт у Менску, але разам з тым “Радыё Рацыя” і тэлеканалу “Белсат” было адмоўлена ў адкрыцьці карпунктаў і акрэдытацыі журналістаў.
XS
SM
MD
LG