Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вылучэнцы-дэмакраты сабралі подпісы ў сваю падтрымку


Падпісны ліст

Падпісны ліст

У кампаніі па выбарах дэпутатаў у мясцовыя саветы завяршаецца этап збору подпісаў. Для вылучэньня ў абласны савет трэба загадзя заручыцца падтрымкай 150 выбарцаў, у раённы і гарадзкі - 75-ці, у сельскі і пасялковы - 25-ці. Ці здаюць ужо ў камісіі сабраныя подпісы сябры апазыцыі?




Подпісы сабралі, але здаваць іх не сьпяшаюцца


На Гарадзеншчыне ўсе вылучэнцы ад дэмакратычных сілаў канстатуюць, што сабралі неабходную колькасьць для рэгістрацыі кандыдатамі ў дэпутаты мясцовых Саветаў.

Кіраўнік раённай арганізацыі БНФ у Слоніме Іван Шэга распавядае, што подпісы сабралі ўсе і плянуюць разам іх здаваць, праўда, у апошнія дні.

Зь яго слоў, у сёлетняй выбарчай кампаніі пераважная большасьць з 10 вылучэнцаў у кандыдаты ўдзельнічаюць першы раз, таму ня лішнім будзе праверыць яшчэ раз усе дакумэнты.

Шэга: “Подпісы праверым, дэклярацыю людзі павучацца запаўняць, асабліва тыя, хто першы раз удзельнічае ў выбарчай кампаніі, анкеты складзем. А недзе на тым тыдні панясем здаваць подпісы ўсе разам. У тэрміны, згодна з заканадаўствам, укладземся”.

“Калі раней здаваць подпісы, то больш у чыноўнікаў будзе часу на блытаніну”

Сябра АГП з Астравецкага раёну Мікалай Уласевіч кажа, што ён і ягоныя калегі таксама маюць неабходную колькасьць подпісаў. Але лічыць мэтазгодным здаваць іх менавіта ў апошнія дні.

Уласевіч: “Я ня думаю, што трэба раней здаваць подпісы. Раней здасі - у іх будзе больш часу, каб ціснуць на людзей, якія падпісваліся. Такая практыка ў іх была на мінулых выбарах”.

Кіраўнік абласной арганізацыі БНФ Сяргей Мальчык лічыць, што галоўная задача падчас гэтых выбараў - спраўдзіць, ці гатовая ўлада ісьці на дэмакратызацыю грамадзтва. Таму, маўляў, важней сачыць за вылучэньнем і рэгістрацыяй кандыдатаў ад партыйных структураў.

І яшчэ на адну акалічнасьць зьвяртае ўвагу Сяргей Мальчык: трэба пракантраляваць падлік галасоў пасьля выбараў.

Мальчык: “Важней, каб уключылі ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў палітычных партый - вядома, там, дзе будуць балятавацца дэмакратычныя кандыдаты. Бо дзе будзе балятавацца адзін кандыдат ад улады - яны ўключаць туды з радасьцю”.

Усе суразмоўцы падкрэсьліваюць такую акалічнасьць: улады вядуць ціск на асобных людзей, і прычым так, каб заставацца пры гэтым у цені. А ня так, як раней, калі запалохвалі ўсіх агулам. І гэта, са слоў суразмоўцаў, насьцярожвае.


“Пакідаем камісіям менш часу для таго, каб яны бегалі ды вышуквалі”


Бальшыня апазыцыйных актывістаў на Магілёўшчыне не сьпяшаецца здаваць у камісіі сабраныя подпісы. Адкладаюць на апошнія два дні. У кожнага сваё тлумачэньне.

130 сабраных подпісаў не сьпяшаецца здаваць у Кіраўскім раёне актывіст незарэгістраванай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Вячаслаў Шэлег. Іх ён панясе ў камісію ў апошні адведзены для збору подпісаў дзень - 15 сакавіка. Чаму?
Некаторыя сустракаюць як чыноўніка й крычаць: ды толку ад вас!


“Я ж ня толькі зьбіраю, я яшчэ й зь людзьмі кантактую. Працэнтаў дваццаць пяць абсалютна зьнявераных. Нікуды, кажуць, ня пойдзем, і толькі, ад гэтага ўсяго. Некага пераканаў. Некаторыя сустракаюць як чыноўніка й крычаць: ды толку ад вас! Калі ж ім тлумачыш, што ты не прадстаўнік улады, то людзі не разумеюць, чаго ты туды ідзеш і што хочаш зьмяніць. Калі пагаворыш зь імі, тады зычаць перамогі й абяцаюць прыйсьці прагаласаваць”.

Да апошняга дня ў Крычаве будзе зьбіраць подпісы тамтэйшы праваабаронца, журналіст Мікалай Гердзі. Ён зьбіраецца балятавацца ў абласны і раёны саветы.

“Мы не выключаем, што на некага з падпісантаў могуць спрабаваць ціснуць, хаця тут у Крычаве ўсе ведаюць, за каго яны падпісваюцца, каб яны адмовіліся ад сваіх подпісаў. Прычым прымушаюць звычайна празь нейкае кіраўніцтва. Такое раней было, на жаль, у нашай практыцы. Таму й гэта ўлічваем. Пакідаем камісіям менш часу, каб яны бегалі ды вышуквалі”.


Ужо здалі сабраныя подпісы вылучэнцы Партыі свабоды й прагрэсу


Ёсьць на Магілёўшчыне й тыя, хто ўжо здаў подпісы. У абласным цэнтры тое першымі зрабілі восем актывістаў незарэгістраванай Партыі свабоды й прагрэсу. Трое зь іх зьбіраюцца балятавацца ў абласны, пяцёра - у гарадзкі савет. Агулам яны сабралі 1100 подпісаў. Да збору подпісаў лібэралы паставіліся як да тэхнічнай працэдуры. Гаворыць адзін з партыйных актывістаў Сяргей Кагулкін:

“Акрамя подпісаў, патрэбная яшчэ анкета й дэклярацыя. Калі ў прыёмнай камісіі знойдуць нейкую закаручку, што там нешта ня так, у цябе проста ня будзе часу выправіць. Тады твае подпісы нікому ня будуць патрэбныя. Мы пайшлі такім шляхам, каб хутчэй прайсьці гэты збор і дакладна ведаць, што цябе зарэгістравалі, і перайсьці на другую ступень кампаніі”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG