Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У рэгіёнах удзельнікі выбарчай кампаніі з боку апазыцыі скардзяцца, што мясцовыя ўлады выкарыстоўваюць мэтады палітычнага перасьледу. Асаблівы ціск — на вылучэнцаў, якія складаюць альтэрнатыву прадстаўнікам улады. Пра канкрэтныя прыклады інфармуюць карэспандэнты «Свабоды».

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Зборшчыка подпісаў дапытвалі тры гадзіны


У Бабруйску сёньня ў мясцовым аддзеле Камітэту дзяржаўнай бясьпекі цягам трох гадзін дапытвалі лідэра бабруйскіх сацыял-дэмакратаў Юрыя Грынявіцкага. Ён — удзельнік выбарчай кампаніі. Зьбірае подпісы ў падтрымку аднапартыйца Андрэя Стасяловіча.

Паводле актывіста, фармальнай нагодай для выкліку стала замежная канфэрэнцыя сацыял-дэмакратаў у Друскеніках. Яна адбылася апошнімі днямі лютага. Сам жа ён зьвязвае допыт з выбарамі ў мясцовыя саветы:

«Гэта ж КДБ, іх цікавіць найперш, ці дапамагаюць замежнікі, ці дапамагаюць нам у гэтых выбарах, ці выдзяляюць яны нам нейкія грошы на выбары. Я там быў ня дужа гаваркім, у асноўным маўчаў. Сьледчы мне пагражаў нейкім артыкулам за нядачу зьвестак — штраф даць да пяцідзесяці базавых.

У выбарчай кампаніі мы ўдзельнічаем. Мы разам працуем на аднаго чалавека. Стасяловіча Андрэя. Гэта наш сацыял-дэмакрат з Бабруйску».

За актывістку БХД — 100 подпісаў пры неабходных 75


Яшчэ адну бабруйскую ўдзельніцу выбарчай кампаніі, актывістку незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Вольгу Сьянаву зрабілі невыязной. Днямі яна спрабавала наведаць Кіеў, але перашкодзілі беларускія мытнікі:

«Зьнялі проста зь цягніка. Сказалі па тлумачэньні зьвяртацца ў органы міліцыі. У мяне ёсьць з чым гэта зьвязаць, але я праз тэлефон ня дужа хачу гаварыць пра гэта. А агульнымі словамі — падводзяць да крымінальнай справы. Запалохваньне, а раней шантажы былі страшныя».

Вольга Сьянава
зьбіраецца балятавацца ў Бабруйскі гарсавет. Яна назьбірала ўжо больш за сто подпісаў у сваю падтрымку. Адмаўляцца ад удзелу ў выбарчай кампаніі, пасьля таго як атрымала невыязны статус, яна не зьбіраецца.

На Магілёўшчыне гэта ня першы выпадак, калі мясцовыя хадэкі сутыкаюцца зь перасьледам з боку сілавых структураў. У лютым партыйнага актывіста з Горак Пятра Маланачкіна дапыталі па справе дачы хабару раённаму ваенкаму. Сыгнал пра гэта ваенная пракуратура атрымала ананімкай. Сын Пятра Маланачкіна Ільля вучыцца ў Польшчы, ён адзін з заснавальнікаў партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя». Ананімшчык нібыта запэўніваў пракуратуру, што Ільля Маланачкін не пайшоў у войска за хабар. Ананімшчыка паабяцалі знайсьці.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


«Канкурэнт дырэктара фабрыкі — шараговая працаўніца»


У вёсцы Альхоўка Астравецкага раёну шараговая супрацоўніца мясцовай кардоннай фабрыкі набрала ініцыятыўную групу і зьбірае подпісы за вылучэньне сваёй кандыдатуры ў раённы савет.

Канкурэнт жанчыны-працаўніцы — дырэктар фабрыкі, дзе яна працуе. Зь першых дзён і на саму кандыдатку, і на яе ініцыятыўную групу пачаўся ціск з адміністрацыі прадпрыемства.

Спадарыня: «Ціснулі на маю ініцыятыўную групу, тлумачылі людзям, што я апазыцыянэрка, БНФ. Маўляў, ня ўмешвайцеся, бо гэта вялікая палітыка, ня стаўце за яе подпісы».

Пасьля таго як спадарыня паскардзілася ў раённую выбарчую камісію, ціск прыпыніўся. Са слоў спадарыні, у яе там нават папрасілі прабачэньня.

Ціснуць на тых, хто больш залежыць ад улады.
Тым ня менш яна настаяла, каб на радыё не называлі яе прозьвішча, бо дзеці працуюць паводле кантракту. Але заўважыла, што скарга аказалася дзейснаю.

Спадарыня: «Яны зрабілі для мяне лепей, бо цяпер усё мястэчка ідзе ставіць за мяне подпісы. Нават калі да каго не зайду, то тэлефануюць і просяць, каб прыйшла, бо хочуць паставіць подпісы».

У Мастах, са слоў мясцовага актывіста Алеся Зарэмбюка, улада цісьне як на прэтэндэнтаў на кандыдацтва і сябраў ініцыятыўнай групы, так і на іх сваякоў.

Праўда, са слоў спадара Зарэмбюка, улада робіць цяпер гэта такім чынам, каб застацца ў цені. А прэтэндэнты на кандыдацтва і сябры ініцыятыўных групаў баяцца адкрыта гэта пацьвердзіць.

Зарэмбюк: «Канкрэтных фактаў я назваць не магу, бо паабяцаў і аднаму, і другому чалавеку. Улада цяпер гэта робіць такім чынам, каб інфармацыя нікуды не трапляла, а людзей запалохваюць. Прычым ціск аказваюць не непасрэдна на іх, а знаходзяць блізкіх зь сям’і, хто найболей залежыць ад гэтай сыстэмы».

Нагадаю, што сябру АГП, Івану Круку з Астраўца двойчы адмаўлялі ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы. Але ён пісаў скаргі ў Цэнтральную камісію, пасьля чаго групу зарэгістравалі. Цяпер ён зьбірае подпісы, нягледзячы на перашкоды.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG