Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь, Літва, Расея і Польшча зьбіраюцца стварыць адзіны рынак электраэнэргіі


Удзельнікі нарады прадстаўнікоў Беларусі, Літвы, Расеі і Польшчы, якая прайшла ў Калінінградзе, выступілі з ініцыятывай аб правядзеньні сустрэчы міністраў транспарту чатырох краінаў для сынхранізацыі сваёй тарыфнай палітыкі.

У калінінградзкай сустрэчы, якая прайшла 3 сакавіка, узялі ўдзел віцэ-прэм'ер Беларусі Андрэй Кабякоў, намесьнік міністра ўнутраных спраў Польшчы Пётр Стаханьчык, віцэ-міністр замежных спраў Літвы Эвалдас Ігнатавічус і губэрнатар Калінінградзкай вобласьці Георгій Бос.

Абмяркоўваліся пытаньні транзыту, памежнай супрацы, фармаваньня адзінага рынку электраэнэргіі, спрашчэньня візавага рэжыму, а таксама сумесных маладзёвых гуманітарных праектаў. Наступны раз чатырохбаковая сустрэча пройдзе ў наступным годзе ў Менску.

Пытаньні пашырэньня рэгіянальнай супрацы былі ўзьнятыя і на больш маштабнай сустрэчы краінаў Паўночнага вымярэньня, якое прайшло сёньня ў Вільні. У нарадзе прынялі ўдзел прадстаўнікі міністэрстваў замежных спраў і транспарту Беларусі, Нямеччыны, Латвіі, Літвы, Нарвэгіі, Польшчы, Расіі, Фінляндыі, Швэцыі і Эстоніі, Эўрапейскага і Паўночнага інвэстыцыйных банкаў, а таксама адпаведных генэральных дырэктаратаў Эўракамісіі.

Ініцыятыва "Паўночнае вымярэнне" была высунутая ў 1997 годзе ўрадам Фінляндыі і Эўракамісіяй. Яе мэта — падкрэсліць стратэгічныя інтарэсы ЭЗ у Паўночнай Эўропе і ўмацаваць супрацоўніцтва паміж краінамі Балтыйскага рэгіёну і Расеяй. Паўночнае вымярэньне ахоплівае краіны ЭЗ, Расею, Нарвэгію і Ісьляндыю.

Беларусь далучылася да партнэрства "Паўночнае вымярэнне" ў галіне транспарту і лягістыкі 18 лістапада 2009 году.

На сёньняшнім паседжаньні бакі мелі вырашыць пытанні фармаваньня праграмы партнэрства ў сфэры транспарту і лягістыкі, з тым каб налета яна ўжо пачала прымяняцца на практыцы.
XS
SM
MD
LG