Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сацыял-дэмакраты прапануюць перайменаваць вуліцы Магілёва


Стары будынак на вуліцы Віленскай

Стары будынак на вуліцы Віленскай

Сябры Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада” з Магілёва прапануюць уладам перайменаваць гарадзкія вуліцы. Новымі назвамі сацыял-дэмакраты хочуць ушанаваць асобаў, якія стаялі ля вытокаў беларускай дзяржаўнасьці.


“Назвы нашых вуліц спрэс атаясамляюцца з савецкай эпохай. А такія дзеячы, як Аркадзь Смоліч, сям'я Гарэцкіх, Міхась Ткачоў, Зьміцер Жылуновіч, не ўшанаваныя ў назвах нашых вуліц. Мы хочам пераназваньнем выправіць гістарычную памылку. Зараз тапанімічная камісія вынесла на разгляд грамадзкасьці варыянты перайменаваньня шэрагу гарадзкіх сквэраў, і мы вырашылі скарыстаць гэтую магчымасьць. Свае прапановы мы дасылаем у гарвыканкам”, - кажа лідэр магілёўскіх сацыял-дэмакратаў Ігар Барысаў.

Некаторыя магілёўскія вуліцы названыя імёнамі беларукіх дзеячаў культуры. У адным са спальных раёнаў абласнога цэнтру ёсьць вуліца Янкі Купалы. Яе працягласьць - каля ста мэтраў. Забудаваная яна драўлянымі дамамі.

Вуліца Янкі Купалы


Ёсьць і вуліца Максіма Багдановіча. Яна наагул на гарадзкой пэрыфэрыі - у напрамку райцэнтру Чавусы.

За апошнія тры гады ў цэнтры гораду ўлады вярнулі гістарычную назву частцы вуліцы імя Лазарэнкі. Цяпер шэсьць дамоў, узьведзеных на пачатку 20 стагодзьдзя, стаяць на вуліцы Віленскай. Палова зь іх разбураецца. Вярнулі гістарычную назву і завулку Карла Лібкнэхта. Цяпер ён завецца Пажарным завулкам. Ініцыявала перайменаваньне пажарная частка. Паўгода таму яна, праўда, пераехала ў іншае месца.

Магілёўскія гісторыкі прапануюць вярнуць гістарычную назву і пешаходнай вуліцы Ленінскай. Да прыходу ў Магілёў расейцаў яна называлася Ветранай. Расейцам назва не спадабалася. Яе перайменавалі ў Вялікую Садовую. Гісторыкі прапануюць вярнуць Магілёву вуліцу Ветраную.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG