Лінкі ўнівэрсальнага доступу

К.Эштан: стасункі паміж Беларусьсю і Эўразьвязам могуць пагоршыцца


Кіраўніца эўрапейскай дыпляматыі Кэтрын Эштан мяркуе, што рэпрэсіі беларускіх ўладаў супраць Саюзу палякаў Беларусі пад кіраўніцтвам Анжалікі Борыс могуць прывесьці да рэгрэсу ў адносінах Беларусі з Эўразьвязам.


Лютц Гельнер, прадстаўнік Кэтрын Эштан, паведаміў Польскаму агенцтву навінаў, што Эўракамісія заклапочаная інфармацыяй аб затрыманьні беларускай міліцыяй 40 членаў неафіцыйнага СПБ, якія хацелі прысутнічаць на судовым паседжаньні па справе Дома польскага ў Івянцы. “Гэтыя падзеі сьведчаць аб эскаляцыі дзеяньняў супраць польскай меншасьці, а таксама аб стане рэгрэсу ў адносінах ЭЗ з Беларусьсю. Мы чакаем, што Беларусь будзе выконваць абавязкі, прынятыя ёй як сябрам Арганізацыі бясьпекі і супрацоўніцтву ў Эўропе, якія тычацца правоў нацыянальных меншасьцяў”, – заявіў прадстаўнік Кэтрын Эштан.

Ён таксама выказаў надзею, што Беларусь будзе прытрымлівацца палажэньняў дэклярацыі Ўсходняга партнэрства, прынятай у траўні 2009 году, дзе краіны-партнэры ўзялі на сябе абавязкі выконваць прынцыпы міжнароднага права, дэмакратыі, вяршэнства закона і павагі правоў чалавека і асноўных свабодаў.

Эўракамісія заклікала Беларусь "правесьці неабходныя дэмакратычныя рэформы, каб краіна здолела ў поўнай меры скарыстацца перавагамі Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва". “Мы будзем уважліва сачыць за разьвіцьцём падзеяў у Беларусі”, – запэўніў Лютц Гельнер.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG