Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Юлія Міхайлава пойдзе прасіць прабачэньня


Юлія Міхайлава
Юлія Міхайлава

Юлія Міхайлава павінна папрасіць прабачэньня ў каледжы і тады ёй дазволяць вучыцца далей. Пра гэта дзяўчына паведаміла «Свабодзе» празь дзьве гадзіны пасьля таго, як даведалася пра сваё адлічэньне.

Юлія Міхайлава прапусьціла заняткі ў той дзень, калі была на судзе ў свайго брата Івана, якога пакаралі арыштам за ўхіленьне ад вайсковай службы. На думку дырэктаркі каледжу, Юлія без паважнай прычыны прапусьціла заняткі і паводзіла сябе груба.

Юлія Міхайлава вучыцца на першым курсе каледжа швачнай прамысловасьці на майстра мужчынскага адзеньня. Яе старэйшы брат ад 15 сьнежня знаходзіцца пад вартай. 1 лютага яго судзілі за ўхіленьне ад вайсковай службы. Сям’я хлопца наведвае габрэйска-мэсіянскую рэлігійную суполку. Іван Міхайлаў тлумачыў, што паводле рэлігійных перакананьняў ня хоча трымаць зброю і прасіў даць яму магчымасьць служыць у рэзэрве. Але яму адмовілі і да суду ўзялі пад варту.

На другі дзень, як толькі Юлія прыйшла ў каледж, яе выклікалі да дырэктаркі Людмілы Раеўскай. Тая запатрабавала патлумачыць прычыну пропуску заняткаў.

Юлія Міхайлава: «Я прыйшла ў аўторак, і мяне выклікалі ў настаўніцкую да дырэктаркі. Яна спытала, чаму мяне не было на занятках, а я стала казаць, што была на судзе над братам. Яна мне адразу адказала, што гэта не паважная прычына. Яна сказала даволі зьедліва: „Можа, аддамо ёй дакумэнты, каб яна сышла з каледжу?“.

А я ўжо не магла стрымацца, павярнулася і выйшла за дзьверы. Гэта, як мне сказалі, ёсьць грубымі паводзінамі з майго боку».

Тыдзень Юлія Міхайлава хадзіла на вучобу і праблемаў не было. Сёньня ж пасьля пэдагагічнай нарады яе выклікала дырэктарка каледжу і сказала, што Юлію вырашылі адлічыць з вучобы. Юлія расказала, што была ў шоку.

Яе сябры зьвярнуліся ў Беларускі Хэльсынскі камітэт. Адтуль сябра камітэту Зьміцер Чарных патэлефанаваў дырэктарцы і паразмаўляў наконт дзяўчыны.

Юлія паведаміла «Свабодзе», што праз пару гадзін пасьля таго, як яна даведалася пра сваё адлічэньне, сытуацыя, магчыма, зьмянілася:

«Праз пару гадзін пасьля таго, як мяне адлічылі, дырэктарцы патэлефанавалі. Яна сказала напрыканцы размовы, што калі я прыйду і папрашу прабачэньня, то мяне пакінуць на вучобе».

Юлія лічыць, што пасьля арышту брата для яе бацькоў адлічэньне дачкі з каледжу стане ўдарам:

«У нас шматдзетная сям’я і я не хачу, каб маім бацькам было кепска. Так што пайду і папрашу прабачэньня».

Юліі Міхайлавай трэба вучыцца ў каледжы два гады і 9 месяцаў. Яе старэйшая сястра цяпер не працуе, бо ў яе нядаўна нарадзілася дзіця. А муж сястры Міхаіл Субач, адзін з удзельнікаў «справы 14-ці», мае шлюбны салён. Юлія марыць, што, атрымаўшы спэцыяльнасьць швачкі мужчынскага адзеньня, зможа фінансава падтрымаць сваю сям’ю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG