Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Днямі сьвет адзначаў Міжнародны дзень адмовы ад спажываньня мяса. Што мяркуюць беларускія мэдыкі пра наступствы для арганізму поўнай адмовы ад спажываньня мясных прадуктаў? Зь якіх прычынаў беларусы становяцца вэгетарыянцамі і зь якімі праблемамі сутыкаюцца?

Колькі вэгетарыянцаў у сьвеце — дакладнай агульнай статыстыкі няма. На сайтах, створаных вэгетарыянцамі для вэгетарыянцаў, сьцьвярджаецца, што пакуль што іх — 9% ад усяго насельніцтва Зямлі, і гэта лічба расьце.

Але розьняцца матывы, паводле якіх чалавек вырашае далучыцца да вэгетарыянскага ладу жыцьця. Нехта клапоціцца пра сябе і хоча пазьбегнуць узьдзеяньня адрэналіну, які выпрацоўваецца ў жывёл у момант забойства. Але гэта не перашкаджае ім карыстацца адзеньнем і абуткам з натуральнай скуры ці футра.

Іншыя захапляюцца ўсходнімі традыцыямі і культурамі, пачынаюць, прыкладам, займацца ёгай і паступова далучаюцца ня толькі да сыстэмы дыханьня, а і да адпаведнага ладу жыцьця, сьветапогляду. Як мая суразмоўца Ірына. Яна стала вэгетарыянкаю амаль пяць гадоў таму:

Лічыцца, што немагчыма дасягнуць стану прасьвятленьня, не адмовіўшыся ад гэтай ежы.
«Ёга прадугледжвае адмову ад ужываньня мяса. Ня проста з маральна-этычных прычынаў, — гэта само сабой. Але калі пачынаеш шукаць нешта больш глыбокае ў жыцьці, — адпадае неабходнасьць ва ўжываньні ежы, якая не нясе нічога карыснага для чалавека ў пляне энэргетычным, а наадварот. У асноўным тыя, хто займаецца ёгай не як „фізухай“, а робяць яе ладам свайго жыцьця, тыя становяцца вэгетарыянцамі паводле вызначэньня, — гэта факт. Бо лічыцца, што немагчыма дасягнуць стану прасьвятленьня, не адмовіўшыся ад гэтай ежы».

На думку дыетоляга Марыны, спрэчка вакол вэгетарыянства — амаль бессэнсоўная. Што б ні рухала чалавекам, які наўмысна пазбаўляе сябе жывёльнага бялку, ягоны арганізм ня можа не заўважыць дэфіцыту:

«Недахоп бялку адбіваецца на працы ўсіх жыцьцёва важных сыстэм. І колькі арганізм будзе рабіць выгляд, што ў яго ўсё нармальна, залежыць ад кампэнсаторных магчымасьцяў арганізму».

Паводле саманазіраньняў Марыны, ейны арганізм зусім не пацярпеў ад вэгетарыянскага рацыёну:

«З пункту гледжаньня ёгі, калі ты спажываеш мяса забітай жывёлы, усе гэтыя страхі, жах ад набліжэньня сьмерці і ў момант сьмерці жывёлінкі — яны перадаюцца табе і ўплываюць на твой стан. Я лічу, што гэта сапраўды мае месца. То бок — у мяне зьявілася значна больш жыцьцярадаснасьці, жыцьцесьцьвярджальнай энэргіі, лёгкасьці».

«А вы не спажываеце толькі мяса?»

«Усяго, што калісьці было жывым. Мяса, рыбы... Я імкнуся адмовіцца ад спажываньня яек, але пакуль не адмовілася. Спажываю малочныя прадукты. А вось мая сяброўка — яна вэган. І, адпаведна, не спажывае нічога жывёльнага. Нават мёду, таму што гэта лічыцца эксплюатацыяй пчол. І яна апякуецца наагул аховай жывёл, то бок яе сьветапогляд тычыцца ня толькі ежы, яна ня носіць адзеньне са скуры жывёл, нейкія іншыя вырабы, якія прадугледжваюць сьмерць жывёлаў».

Згаданая сяброўка Ірыны, Каця, прыйшла да вэгетарыянства празь любоў да жывёлаў. Маўляў, у пэўны момант задумалася: вось я іх люблю, я ім дапамагаю, апякуюся беспрытульнымі жывёламі, працую ў арганізацыі «Ахова птушак Беларусі»... Як жа ж я іх ем? На дадзены момант яна ўжо 5 гадоў не спажывае нічога, што калісьці было жывым, а 2 гады зь іх — радыкальная «вэганка». Сьцьвярджае, што на мяса ня толькі ня цягне, але й сам пах прыгатаванай мясной ежы — непрыемны для яе. А вось зьмены ў настроі і характары — станоўчыя:

«Напэўна, паболела ўпэўненасьці ў сабе, сіл жыцьцёвых і энэргіі. Напэўна, гэта ня столькі фізіялягічны аспэкт, а эмацыйны. З аднаго боку, я стала больш сэнтымэнтальнай».

«Узьнікае пытаньне, — а што ж вы ўжываеце ў ежу?»

«Гэта першае пытаньне, якое звычайна задаюць вэгетарыянцу. На што я адказваю: ды ў мяне самая смачная дыета. Вы толькі ўявіце: уся садавіна, уся гародніна, сухафрукты, арэхі... Гатаваць можна што заўгодна — кашы, супы, бабуля мая нават катлеты робіць з фасолі».

Але ж дыетолягі ўсё адно папярэджваюць: трэба прыслухоўвацца да арганізму. Калі нешта ідзе «ня так», — магчыма, ваш арганізм катэгарычна супраць:

«Калі людзі зьвяртаюцца да доктара з думкай пра тое, што хацелася б перайсьці да вэгетарыянства — строгага ці частковага, у абавязкі доктара ўваходзіць распавесьці пацыенту пра плюсы, досыць сумнеўныя ў вэгетарыянстве, і мінусы. І рабіць нейкія высновы тут трэба, гледзячы на аналізы пацыента — вынікі біяхімічнага аналізу крыві, узровень халестэрыну, стан нырак, страўніка, печані і гэтак далей. І проста ў абавязак уваходзіць папярэдзіць пра агульныя магчымыя нэгатыўныя наступствы».

Гэткія нэгатыўныя наступствы адчула на сабе мая суразмоўца Тацьцяна. Яна вытрымала месяц вэгетарыянства і знайшла ў ім цэлы шэраг мінусаў для ўласнага самаадчуваньня:

Калі не сядзець на адной моркве і капусьце, калі набываць і фрукты, і разнастайную гародніну, і арэхі, то даражэй за мяса атрымліваецца.
«Па-першае, вельмі хацелася мяса. І вельмі цяжка было перасіліць сябе ў гэтым жаданьні. Па-другое, наша сыстэма харчаваньня грамадзкага зусім не прыстасавана для тых, хто спрабуе адмовіцца ад мясных прадуктаў. У мэню вельмі мала нейкіх страў бязь мяса. Па-трэцяе, у нашых умовах гэта вельмі дарагі экспэрымэнт. Калі не сядзець на адной моркве і капусьце, калі набываць і фрукты, і разнастайную гародніну, і арэхі, то даражэй за мяса атрымліваецца. У мяне было адчуваньне, як быццам гэта вельмі строгая дыета. І гэта не магло не адбівацца і на ўзроўні раздражняльнасьці, і на агульным самаадчуваньні».

Можа, справа ў тым, што Тацьцяна, у адрозьненьне ад маіх іншых суразмоўцаў, не практыкавала ёгу ці іншыя духоўныя практыкі? На думку дыетоляга, гэта малаістотна:

«Рэгуляторны кампанэнт ёгі нельга не прызнаць, але зноў жа — людзі, якія адмаўляюцца ад жывёльнага бялку, вымушана ўключаюць у свой рацыён значна большую колькасьць вугляводаў. Вось і ствараецца ілюзія падвышэньня жыцьцядзейнасьці, энэргічнасьці. А вугляводы і ў норме зьяўляюцца на 50-60 працэнтаў крыніцай энэргіі».

На думку Аляксандры Лагун, якая выконвае абавязкі загадчыцы інфармацыйнага забесьпячэньня насельніцтва ў Цэнтры аховы здароўя, альтэрнатыву мясному бялку знайсьці ўсё ж можна:

«Расьлінны бялок паводле свайго складу, натуральна, вельмі істотна адрозьніваецца ад мяснога. Але за выключэньнем бабовых — фасоля, бабы, гарошак — гэта абавязкова трэба ўключаць у рацыён вэгетарыянскі. Тыя ж арэхі, семкі — усё гэта таксама абавязкова трэба спажываць, каб урэшце замяніць бялок паўнавартасна. Проста павінна быць адэкватная замена бялку».

Але ў гэтым адэкватным падборы альтэрнатыўных мясу прадуктаў ёсьць шмат падводных камянёў, падкрэсьлівае спэцыяліст:

«У мясе больш канцэнтравана бялок зьмяшчаецца. Прыкладам, на 100 грамаў мяса (умоўна, груба кажучы) — 50-60 грамаў бялкоў, залежыць ад гатунку. Але каб набраць тыя ж 50 г бялкоў, трэба спажыць вельмі вялікую колькасьць іншых прадуктаў. Прыкладам, арэхі. Вельмі каштоўны прадукт, вельмі карысны. Але — высокая тлустасьць. І ёсьць пагроза „пасадзіць“ печань».

Так што, калі вы маеце намер далучыцца да 9% насельніцтва Зямлі або на практыцы пашкадаваць жывёльны сьвет, дактары настойліва рэкамэндуюць зьвярнуцца спачатку па парады спэцыялістаў і ўважліва прыслухацца да сябе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG