Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якая сувязь паміж IQ і вэгетарыянствам?


Радыё Свабода Вэгетарыянцы разумнейшыя за невэгетарыянцаў, піша са спасылкай на афіцыйныя дасьледаваньні ангельская "Independent". Прычым, падкрэсьлівае выданьне, вэгетарыянцы менавіта нараджаюцца разумнымі, а не становяцца імі.

Паводле "Independent", гэтым адкрыцьцём можна растлумачыць, як каманда вэгетарыянцаў выйграла спаборніцтва ў іншых шасьці камандаў, прадстаўнікі якіх ядуць мяса, і прадэманстравала найвышэйшы IQ. Спаборніцтва пад назовам "Праверым нацыю" ("Test the Nation competition") праводзіла сёлета ў верасьні тэлерадыёкарпарацыя BBC.

68-гадовая Марыя Бідмэд, маці пяцёх дзяцей з Чэрчаму, Глостэр, набрала найвышэйшыя балы. Яна – вэгетарыянка. Жанчына сказала: “Гэта даказвае, што мы, вэгетарыянцы можам добра думаць”.

З такой высновай пагаджаюцца і навукоўцы з унівэрсытэту ў Саўтгэмптане. Яны лічаць, што праціўнікі мясной ежы больш асэнсоўваюць тое, што ёсьць. Паводле навукоўцаў, пакуль, аднак, невядома, ці вырашаюць разумныя дзеці стаць вэгетарыянцамі з-за клопату пра сваё здароўе, альбо ў выніку іншых прычынаў. Напрыклад, з-за ашчаднага стаўленьня да жывёлаў.

Навукоўцы пачалі вывучаць сувязі паміж IQ і вэгетарыянствам. Паколькі людзі з больш высокім інтэлектам маюць меншую рызыку сардэчных захворваньняў, а гэта здаўна цікавіла дактароў.

Вэгетарыянская дыета выклікае зьніжэньне ўзроўню халестэрыну, зьніжэньне крывянога ціску і верагоднасьці атлусьценьня, а гэта ўсё фактары рызыкі сардэчных захворваньняў. Дасьледчыкі выказалі меркаваньне, што гэта ўсё тлумачыць перавагу высокага ўзроўню інтэлекту ў справе захаваньня здароўя. Яны спасылаюцца на Бэнджамэна Франкліна, дзяржаўнага дзеяча і навукоўца 18 стагодзьдзя, які казаў, што вэгетарыянская дыета вядзе да большай яснасьці ў розуме і больш хуткага разуменьня.

Але ж дактары пачатка мінулага стагодзьдзя меней давяралі вэгетарыянству. Робэрт Хачысан сказаў у часе выступу ў Брытанскай асацыяцыі мэдыкаў у 1930: "Вэгетарыянства даволі бясшкоднае, нягледзячы на тое, што яно імкнецца напоўніць чалавека ветрам і праведнасьцю".

Дасьледаваньне, апублікаванае ў Брытанскім мэдычным часопісу, было праведзенае сярод 8 тысячаў чалавек, народжаных ў 1970, у якіх быў высьветлены IQ ва ўзросьце 10 год. Зараз ім па 36 год. Толькі 366 зь іх, гэта меней чым кожны дваццаты, сказалі, што зьяўляюцца вэгетарыянцамі (трэцяя частка зь іх елі птушку ці рыбу, але ніхто ня еў чырвонага мяса).

Акрамя таго, што вэгетарыянцы былі больш інтэлектуальна здольнымі, яны былі лепей адукаваныя і паходзілі з больш высокіх грамадзкіх слаёў. Цікава, што насуперак сваёй разумнасьці, яны не былі багатымі і найчасьцей працавалі ў цэнтрах міласэрнасьці ці ў адукацыі. "Магчыма, этычныя погляды прадвызначылі ня толькі іх дыету, але і выбар месца працы," зазначана ў справаздачы.

У справаздачы прыводзяцца шэраг пераваг адмовы ад мяса:

* Вэгетарыянская дыета ўтрымлівае меней тлушчу і болей вітамінаў ды валокнаў

* Вэгетарыянская дыета зьвязана зь меншым узроўнем халестэрыну, меншым крывяным ціскам і меншым атлусьценьнем.

* Сярод вэгетарыянцаў меншы ўзровень сардэчных захворваньняў, дыябэту і меншая рызыка раку і псыхічных захворваньняў.
XS
SM
MD
LG