Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кастрычніцкім судзе Віцебску працягваецца разбор справы дэмакратычнага актывіста Алега Сургана. Яго вінавацяць у тым, што ён укусіў міліцыянта за палец. Паводле крымінальнага кодэксу гэта кваліфікуецца як напад на супрацоўніка міліцыі, за які магчымае пакараньне да 6-ці гадоў турмы.

Пацярпелы, супрацоўнік Кастрычніцкага РАУС Сяргей Дудкевіч цьвердзіць, што падчас затрыманьня 3-га верасьня Сурган укусіў яго за мезенец левай рукі. За гэта міліцыянт хоча атрымаць адзін мільён кампэнсацыі маральнага ўрону.

9-га лютага на судзе міліцыянт Дудкевіч заявіў, што яго ўкусілі, калі ён трымаў Алега Сургана за галаву, бо той нібыта імкнуўся нанесьці самому сабе цялесныя пашкоджаньні: “біўся галявой аб дзьверы міліцэйскай машыны і знарок цёрся тварам аб дыванок пад нагамі”.

Падсудны кажа, што супрацоўнікі міліцыі павалілі яго на падлогу ў машыне і зьбівалі нагамі, потым працягвалі катаваць і зьдзеквацца ўжо ў РАУС. Калі яму стала дрэнна, міліцыянты мусілі выклікаць хуткую дапамогу, і мэдык зафіксавалі сінякі й драпіны на твары ды на руках.

Алег Сурган, лічыць, што гісторыю з укусам за палец міліцыянты выдумалі пасьля таго, як ён паскардзіўся на зьбіцьцё і катаваньні ў пракуратуру -- невыпадкова на мэдычную экспэртызу супрацоўнік міліцыі Сяргей Дудкевіч накіраваўся толькі 30-га верасьня, амаль праз месяц пасьля “укусу да крыві”.

3-га верасьня Алега Сургана і ягонага малодшага брата Тараса, актывіста “Маладой Беларусі”, міліцыянты затрымалі на праспэкце Фрунзэ ў Віцебску. Там невядомыя вывесілі бел-чырвона-белы сьцяг. У Тараса Сургана пры сабе быў пашпарт, і яго ў пастарунак не павезьлі. На Алега Сургана ў пастарунку спачатку склалі пратакол за вывешваньне сьцяга, але ён некуды зьнік, і ў справе больш не фігуруе.

Тарас Сурган якога раней неаднаразова затрымлівалі і каралі за бел-чырвона-белыя сьцягі, лічыць крымінальны перасьлед ягонага брата сьвядомым жаданьнем міліцыянтаў любым коштам спыніць несанкцыянаваныя акцыі ў Віцебску.

Алег Сурган 3-га верасьня вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг упершыню.
XS
SM
MD
LG